Царква
Хто сее скупа, той скупа і пажне; а хто сее шчодра, той шчодра і пажне
(Другое Пасланьне Сьв.Ап. Паўла Да Карынфянаў 9:6)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (64), 2010

Парафіяльнае жыцьцё

Успамін мучаніцкай сьмерці экзарха Антона Неманцэвіча

Ад нядаўняга часу 6 студзеня, у дзень сьвята Богазьяўленьня, беларускія грэка-католікі ўзгадваюць мучаніцкую сьмерць Экзарха Антона Неманцэвіча, замучанага ў менскай турме СД 6 студзеня 1943 году.

6 студзеня 2010 году ў капліцы Душпастырскага цэнтру сьвятога Язэпа адбылася ўрачыстая Літургія сьвята Богазьяўленьня з вялікім асьвячэньнем вады. Падчас Літургіі протапрасьвітар Яўген Усошын адзначыў, што менавіта ў гэты дзень, у які паводле юльянскага календара прыпадае пярэдадзень Раства Хрыстовага, а паводле грыгарыянскага календара сьвяткуецца Хрост Госпада нашага Ісуса Хрыста, у 1943 годзе памёр у турме нямецкага нацыстоўскага СД у Менску першы экзарх Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы а. Антон Неманцэвіч. Гэты вялікі падзьвіжнік сьвятой веры і Зьяднаньня памёр як мучанік. Ён жыў і нёс сваё служэньне ва Ўсходняй Місіі айцоў езуітаў у Альбярціне, недалёка ад Жыровічаў, дзе знаходзіцца вялікая сьвятыня беларускага народу – цудадзейная Жыровіцкая ікона Багародзіцы, шанавальнікам якой быў Экзарх Антон. «У гэтым годзе, калі мы сьвяткуем 280-годдзе каранаваньня Жыровіцкай іконы Маці Божай, з асаблівай малітоўнай увагай узгадваем подзьвіг жыцьця і мучаніцкай сьмерці таго, хто рупліва працаваў на Божай ніве ў імя сьвятога Зьяднаньня пад Покрывам Жыровіцкай Багародзіцы», – падкрэсьліў а. Яўген.

Айцец Антон Неманцэвіч, замучаны ў менскай турме СД, быў пахаваны 9 студзеня 1943 г. на нямецкіх могілках у Менску сьвятаром мясцовай праваслаўнай царквы.

Зямля з месца ягонага пахаваньня захоўваецца каля помніка “Дрэва вясны” ў двары Душпастырскага цэнтра сьвятога Язэпа.

У адным з сваіх пасланьняў Апостальскі Візітатар БГКЦ архім. Сяргей Гаек адзначыў: «Айцец Антон Неманцэвіч, Экзарх беларускіх грэка-католікаў ва ўсім сваім жыцьці і служэньні стараўся быць пастырам і сьведкам Евангельля для ўсіх сваіх суайчыньнікаў, бяз розьніцы веравызнаньня ці палітычных поглядаў. Ягоным вялікім ідэалам была зьяднаная Царква. Як тэолаг і душпастыр цярпліва і нястомна стараўся ён будаваць братэрскія адносіны з праваслаўнымі ў духу “пакорлівасьці і рэсьпекту для праваслаўнай Царквы”».

Паводле Svjazep.org

Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)