Царква
Калі кажам, што ня маем грэху, ашукваем самі сябе, і праўды няма ў нас
(1-ае Саборнае Пасланьне сьв. ап. Яна Багаслова 1:8)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (52), 2007

"Дапамагчы чалавеку сустрэць Госпада Iсуса Хрыста"

Размова ў Рэдакцыi "Царквы" з новавысьвячаным сьвятаром БГКЦ а. Аляксандрам Шаўцовым

Айцец Аляксандр, распавядзiце крыху пра сябе: адкуль паходзiце, якая Ваша адукацыя?

Паходжу я з Гораднi, дзе нарадзiўся i вырас. Выхоўваўся ў традыцыйнай савецкай, атэiстычнай сям'i. Хрысьцiянскай традыцыi ў ёй не было. Бацькi мае прыехалi ў Беларусь з Расеi. Бацька працаваў майстрам на "Азоце", мацi была звычайная працоўная. Хрысьцiўся я ўжо ў сьвядомым узросьце, калi мне было 20 гадоў. Мая сьвецкая сьпецыяльнасьць – фатограф.

Як i калi Вы пачалi ў сваiм жыцьцi задумвацца пра Бога?

Маё хрышчэньне было не да канца ўсьвядомленым крокам. Прыняць хрост мне прапанавала жонка. Гэта адбылося ў 1990-ым годзе, у часы, калi ў краiне пачалося хрысьцiянскае адраджэньне. Зьвязана гэта было з тым, што мы хацелi пабрацца шлюбам, i жонка настойвала, каб шлюб быў таксама i царкоўны, а без майго хросту зрабiць гэта было немагчыма. Сiтуацыя паставiла мяне перад выбарам, прымусiла задумацца пра Бога. I я вырашыў прыняць Хрост.

Цi пасьля гэтага Вы з жонкай пачалi хадзiць у царкву?

– У царкву хадзiлi мы зрэдку. Часьцей за ўсё на Пасху, Раство. Гэта было зьвязана з пэўным адмоўным для мяне досьведам, якi я зьведаў тады.

З цягам часу я пачаў цiкавiцца рознай фiласофскай i духоўнай лiтаратурай, у тым лiку нават эзатэрычнай, ды кнiгамi пра магiю. Зсваiм сябрам дзяцiнства (ён тады таксама шукаў Бога) мы шмат дыскутавалi, разважалi пра сэнс жыцьця. Гэта быў яшчэ несьвядомы iнтэлектуальны пошук Таго, Хто кiруе нашым жыцьцём. Нягледзячы на тое, што чытаў я тады ўсё запар, без разбору, усё ж, далёка не з усiм я згаджаўся, бо было аднекуль традыцыйнае, нейкае ўнутранае разуменьне Царквы, Бога, царкоўнасьцi ўвогуле. Паказальна, што яшчэ да майго сапраўднага навяртаньня я паспрабаваў скiраваць на добрую дарогу таксама i свайго брата, заахвочваў, каб i ён шукаў Бога. Дзеля гэтага найперш прапанаваў яму схадзiць у царкву...

Мае пошукi працягвалiся б напэўна яшчэ доўга, каб не сапраўдная iнтэрвенцыя Бога ў маё жыцьцё. Сталася так, што маё навяртаньне аказалася зьвязаным з сур'ёзным матэрыяльным крызiсам у маёй сям'i. Я застаўся зусiм бяз грошаў, у вялiкiх пазыках. Я быў цалкам разгублены, мне не было ў каго шукаць падтрымкi. Становiшча маё было проста жахлiвае. Тады мяне добра зразумела жонка, якая проста сказала: "Давай памолiмся".

I менавiта тая малiтва, простымi, шчырымi словамi, выратавала мяне! Бог прыйшоў да мяне ў асабiстай сустрэчы, i ўжо на наступны дзень я ўстаў з пачуцьцём ачышчэньня, з пачуцьцём унутранай чысьцiнi. Адбылося ачышчэньне майго ўнутранага сьвету, i прыйшло поўнае разуменьне сiтуацыi. Гэта была фактычна ўмяшальнiцтва Бога ў маё жыцьцё, урок, якi стаў добрай навукай для мяне i азначаў, што трэба спадзявацца на Бога, а не на людзей. Той шчыры зварот да Бога быў зьвязаны з маiм першым мiстычным досьведам. Было гэта на пачатку 1998 году.

А як жа Вы сталi актыўным вернiкам Грэка-Каталiцкай Царквы?

– Я быў выхаваны ў савецкай школе, дзе перыяд Унii ў гiсторыi Беларусi фактычна не разглядаўся, i таму я нiчога пра яе ня ведаў. Калi пачаў шукаць вырашэньня сваёй матэрыяльнай сiтуацыi, я таксама пачаў шукаць Праўды, праўдзiвай Царквы. Адзiн мой сябра, якому я распавёў пра свой мiстычны досьвед, пра навяртаньне да Бога i пра свае пошукi, прапанаваў мне пайсьцi разам з iм у касьцёл. Ён паходзiў з сям'i з каталiцка-праваслаўнымi каранямi i тады таксама толькi навярнуўся да Бога i прыйшоў у Каталiцкую Царкву. У мяне нiколi не было антыпатыi да Каталiцкай Царквы, i я прыняў яго прапанову. Аднак склалася так, што пайсьцi ў касьцёл разам з сябрам неяк не атрымалася, i я ўспрыняў гэта як пэўны знак Божы, каб працягваць свае далейшыя духоўныя пошукi.

У час майго крызiсу мы з жонкай хадзiлi ў праваслаўную царкву, стаялi на доўгiх службах, амаль нiчога не разумеючы... Але было жаданьне актыўнага ўдзелу ў Лiтургii i iншых багаслужбах, бо душы нашыя былi спраглыя праўды ды Божай любовi. Мы шмат малiлiся перад iконай Мацi Божай. Думаю, што Матачка Божая выратавала нас у той цяжкай жыцьцёвай сiтуацыi. Я адчуў асаблiвую апеку Яе нада мной, над нашай сям'ёй. Сапраўды, тады гэта быў Провiд Божы i заступнiцтва Мацi Божай!

Але ўвесь час мы адчувалi, што нам чагосьцi не хапае. Як неафiту, якi шчыра прагнуў Бога, але нiчога ня ведае, мне хацелася мець чалавека, з якiм я мог бы падзялiцца, каб ён скiраваў мяне на правiльны шлях. Я даведаўся, што ў Царкве вернiк можа мець духоўнiка i падумаў, што i мне трэба яго знайсьцi для сабе. Але як i скуль знайсьцi гэтага духоўнiка, мне было незразумела. Здавалася, што гэта вельмi цяжка i доўга.

I вось аднойчы – быў гэта 1998 год – знаёмая нашай сям'i папрасiла падвезьцi яе на машыне да грэка-каталiцкага сьвятара на споведзь. Хоць зналiся мы даўно, аднак на рэлiгiйныя тэмы размоў з ёй не было. Тады яна мне i прапанавала паразмаўляць пра мае праблемы i перажываньнi з гэтым сьвятаром.

Уразiў мяне гэты чалавек – айцец Вiктар Данiлаў – сваёй унутранай моцай, духам, якiя я адразу адчуў... I тут я расказаў яму i пра сваю бяду i навяртаньне (можа, тады i не разумеў, што гэта называецца навяртаньне) – па­дзялiўся тым, што меў. Ён з зацiкаўленьнем выслухаў, час ад часу задаючы пэўныя вельмi дакладныя пытаньнi. Прыгадваю, што тады ён нават папрасiў маю знаёмую пачакаць, каб паразмаўляць найперш са мною, i гэта моцна мяне ўразiла. Нарэшце я камусьцi цiкавы! Сваiм позiркам ён быццам бачыў мяне наскрозь, i я адчуў сябе вельмi маленькiм i нязначным у параўнаньнi да велiчы яго духа. Трэба зазначыць, што тая размова была вельмi простай, але якраз значная для мяне, праз тое, што я адчуваў моц ягонага духу. Ужо пасьля iншыя людзi таксама казалi мне, што мелi падобнае адчуваньне, калi сустракалiся з айцом Вiктарам упершыню.

Якi для Вас быў вынiк гэтай сустрэчы? Цi Вы адразу ўключылiся ў жыцьцё Грэка-Каталiцкай Царквы, цi мелi яшчэ пэўныя сумнiвы?

– Так, меў, канешне, яшчэ сумнiвы. I нават пасьля першай гэтай сустрэчы сказаў сам сабе: ну, не, да гэтага сьвятара я больш не пайду! Меў ён такую моц, што яна мяне нават пужала... Нягледзячы на гэта, адбылася яшчэ адна сустрэча, а затым яшчэ й яшчэ... Урэшце я пачаў прыходзiць да а. Вiктара спавядацца i атрымлiваць духоўныя парады. Увесь гэты час праз размовы, праз лiтаратуру, якую даваў айцец Вiктар, праз супольнасьць вернiкаў, з якiмi я пачаў знаёмiцца, я усё больш i больш даведваўся пра Беларускую Грэка – Каталiцкую Царкву...

Для мяне заўсёды вельмi важнай была мая ўсходняя Традыцыя. Я больш утульна адчуваў сябе ў ёй. А калi ўрэшце стаў сьвядомым грэка – каталiком, то ўсё гэта i збылося: я ўвайшоў у Каталiцкую (Паўсюдную) Царкву i адначасова застаўся верны ўсходняй лiтургiчнай Традыцыi. Я застаўся праваслаўным, маючы на ўвазе вiзантыйскую Традыцыю, духоўнасьць, абрад...

Я зразумеў, што на гэтым Вашым шляху да Бога ўвесь час побач была Вашая жонка Тацяна? А як яна i блiзкiя паставiлiся да таго, што Вы вырашылi далучыцца да Грэка-Каталiцкай Царквы?

– Вельмi спакойна i нават радасна, бо яна разьдзяляла ўсе мае перажываньнi й пошукi. А ў бацькоў, сяброў ды знаёмых нашае навяртаньне наогул выклiкала зьдзiўленьне. Маўляў: "Вось, ходзяць некуды малiцца. Навошта?" I ўсё ж, усе заўважылi, што я вярнуўся да нармальнага жыцьця, што да мяне прыйшоў унутраны супакой. У мяне зьявiлася рашучасьць выйсьцi з сваёй праблемнай сiтуацыi, пачаць новае жыцьцё... Тым больш, айцец Вiктар падтрымлiваў мяне, маўляў, хутчэй закрый гэтую старонку свайго жыцьця i пачынай служыць Царкве. Я аддаў у рукi Госпаду свае фiнансавыя справы i чакаў ад Яго дапамогi. I сапраўды, мая сiтуацыя цудоўным чынам вырашылася.

Сёньня разам са мной ў нашай Царкве таксама i мой сын, сем'я майго брата, спадзяюся, пакрысе адкрываюцца на Бога i мае бацькi...

Разумею, што айцец Вiктар Данiлаў аказаў вялiкi ўплыў на Ваш далейшы лёс...

Так, ён стаў маiм настаўнiкам, духоўнiкам. I я лiчу сябе ягоным вучнем. Душпастырская апека, якой агарнуў мяне а. Вiктар на той крытычны момант майго жыцьця, ягоная малiтва са мной i нада мной была для мяне вельмi важнай. Памiж намi была моцная духоўная сувязь.

– Я быў пад моцным уражаньнем ад асобы а. Вiктара, яго духоўнага жыцьця. У шматлiкiх размовах ён шмат распавядаў пра сваё хрысьцiянскае жыцьцё, падпольную мiсiянерскую дзейнасьць у савецкiя часы. Для мяне быў важны i цiкавы гэты духоўны досьвед а. Вiктара Данiлава, якi пэўны час быў зьвязаны таксама з колам айца Аляксандра Меня. Вялiкую цiкавасьць выклiкалi ў мяне i яго разважаньнi на тэму Царквы. А апостальскi дух i апостальская праца а. Вiктара проста ўражваюць. I я ведаў, што яго паважалi i праваслаўныя сьвятары на Гарадзеншчыне, таксама як i рыма-каталiцкiя.

А як i калi ў Вас, ужо тады – чалавека сямейнага, зьявiлася жаданьне стаць сьвятаром?

Гэткае жаданьне, як, напэўна, i ў шмат каго, зьявiлася пасьля навяртаньня, на хвале майго новага жыцьцяў 1998-99 гг. Хоць айцец Вiктар кожнага з сваiх вучняў хацеў бачыць як кандыдата на сьвятара, думаю, што мы з iм вельмi разважлiва падышлi да таго майго жаданьня. Я з iм дзялiўся сваiмi перажываньнямi, а ён iмкнуўся зразумець iх, даць мне параду. Вельмi важна было зразумець, цi гэтае маё жаданьне сапраўды ад Бога, цi сапраўды Бог клiча мяне да сьвятарства, цi я сам сабе гэта выдумаў. Лiчу, што айцец Вiктар дапамог распазнаць мне маё паклiканьне. Канешне, рашэньне гэтае выкрышталёўвалася паволi. Мае блiзкiя з цягам часу таксама зьмянялi сваё стаўленьне да майго рашэньня стаць сьвятаром... Гэтак распачаўся мой шлях, маё выхаваньне да сьвятарства: ад знаёмства з айцом Вiктарам, праз актыўны ўдзел у парафiяльным жыцьцi, праз удзел у пiлiгрымках.

Дзе адбывалася Вашая сьвятарская фармацыя?

У гэты час я пазнаёмiўся з Апостальскiм Вiзiтатарам Беларускай Грэка-Каталiцкай Царквы архiмандрытам Сяргеем (Гаекам), якi вырашыў блiжэй прыглядзецца да мяне, цi змагу я вучыцца ў семiнарыi, што я за чалавек. Ён прапанаваў мне вучобу на тэалагiчным факультэце ў Варшаўскiм унiверсiтэце iмя кардынала Стэфана Вышынскага. Там я правучыўся год, i пасьля гэтага мяне перавялi адразу на II курс у рыма-каталiцкую Вышэйшую духоўную семiнарыю ў Драгiчыне (Польшча), дзе я быў адным з першых жанатых семiнарыстаў. Гэта быў цiкавы, часам няпросты досьвед, прычым ня толькi для мяне. Я вучыўся ў шматкультурным асяроддзi, дзе былi ня толькi палякi, але i беларусы, i ўкраiнцы, нават расейцы. На IV курсе мяне перавялi ў Iвана-Франкоўскую духоўную акадэмiю, дзе я правучыўся 2 гады. Гэты перавод быў зьвязаны з тым, каб я мог атрымаць выхаваньне ва ўсходняй традыцыi.

Распавядзiце, калi ласка, трошкi пра свае навуковыя зацiкаўленьнi.

– У 2006 годзе я закончыў навучаньне ў духоўнай Акадэмii i абаранiў там магiстарскую працу па маральнай тэалогii. Праца мела назву "Этыка сужэнства". Пачынаў яе пiсаць яшчэ ў Драгiчыне пад кiраўнiцтвам прэфекта семiнарыi доктара тэалогii кс. Славамiра Мазура, а закончыў у Iвана-Франкоўскай Акадэмii пад кiраўнiцтвам доктара Ўладзiмiра Шарамета. Для мяне, як сямейнага хрысьцiянiна i будучага душпастыра важна i цiкава, як Царква глядзiць на сужэнства. У сучасным сужэнстве, якое перажывае пэўны крызiс, цяжка пабачыць разуменьне праўдзiвай сужэнскай еднасьцi, ёсьць iмкненьне зьвесьцi ўсе адносiны сужонкаў да звычайнага эгаiзму, i як вынiк – шматлiкiя разводы. У правiльна зразуметым сужэнстве вельмi добра бачна, як людзi крок за крокам пазбаўляюцца ад эгаiзму, вучацца сапраўднай любовi i павазе адзiн да аднаго, у тым лiку i ў iнтымнай сферы. Вось жа заняўся тэмай сужэнства, каб была магчымасьць паглыбiць уласны досьвед i падзялiцца гэтай навукай Царквы з iншымi.

Многiя праваслаўныя тэолагi з недаверам глядзяць на сам факт iснаваньня Ўсходнiх Каталiцкiх Цэркваў як да формы еднасьцi хрысьцiянаў. Цi няма ў гэтым вiны самiх усходнiх католiкаў ?

Магчыма. Думаю, што сказваецца гiстарычная памяць. Яны лiчаць i заўсёды лiчылi, што грэка-каталiцтва – гэта шлях да лацiнiзацыi праваслаўных, нават, падкрэсьлю, не да акаталiчваньня. Мой семiнарыйны досьвед у Iвана-Франкоўску паказвае, што ёсьць пэўны ўплыў лацiнскiх практык на грэка-каталiцтва. Для простага праваслаўнага вернiка iснаваньне гэтых практык незразумелае.

Хоць, ведаем, што i ў Расеi, i ў Румынi, i ў Грэцыi ў рэальным рэлiгiйным жыцьцi праваслаўных няма нейкай абрадавай аднастайнасьцi, музейнай чысьцiнi. Але, тым ня менш, нягледзячы на розныя ўласныя праблемы, якiя перашкаджаюць Царкве, там ёсьць жаданьне захаваць менавiта ўсходнюю чысьцiню, i неабходнасьць гэтага асаблiва падкрэсьлiваецца ў працах такiх выдатных праваслаўных багасловаў заходняй школы, як а. Аляксандр Шмеман, а. Iван Меендорф. З iх прац бачым, што гэтая задача – захоўваць усходнюю iдэнтычнасьць – стаiць i перад праваслаўнымi. Таму i нам, грэка-каталiкам, у гэтым кiрунку таксама можна i трэба iсьцi. I ў нас тут ёсьць шмат магчымасьцяў. Больш таго: II Ватыканскi Сабор, дакументы Сьвятога Пасаду нават абавязваюць усходнiх католiкаў захоўваць i даражыць усходняй лiтургiчнай i духовай Традыцыяй. Варта хоць бы пазнаёмiцца з Апостальскiм Пасланьнем Папы Яна Паўла II "Сьвятло Ўсходу" (ад 2. 05.1995 году).

Зразумела, што сёньня ў нашай Грэка-Каталiцкай Царквы ў Беларусi шмат цяжкасьцяў, адчуваецца недахоп храмаў, не ва ўсiх каплiцах ёсьць iканастасы, што трохi перашкаджае нармальным усходнiм практыкам. Тым ня менш, праз адпаведную катэхiзацыю сёньня можна больш грунтоўна даносiць да вернiкаў сэнс, праўдзiвае разуменьне i асаблiвасьцi нашага ўсходняга багаслужэньня. Мы ж сёньня маем магчымасьць выбiраць лепшае з нашай усходняй традыцыi сярод таго, што было, магчыма, забыта – з улiкам ментальнасьцi сучаснага чалавека, з улiкам нашых рэальных патрэбаў.

Я сёньня перакананы, што Госпад нездарма дапусьцiў Берасьцейскую Унiю i яе iснаваньне праз усе цяжкасьцi на працягу некалькiх стагоддзяў. Мы, грэка-католiкi, паклiканы, каб сьведчыць еднасьць, i сёньня нам менавiта пра гэта трэба найбольш казаць, каб усе шукалi гэтае еднасьцi i любовi, да якой паклiкаў нас Госпад.

Што, на Вашую думку, зьяўляецца сёньня душпастырскiм прыярытэтам?

Сучасны чалавек, канешне, найперш патрабуе, каб яго выслухалi i пачулi. I, безумоўна, на гэта трэба зьвярнуць асаблiвую ўвагу ў нашай душпастырскай працы. Я i сам, як я ўжо казаў, пераканаўся ў гэтым на ўласным вопыце. Чалавек жыве ў коле пэўных праблемаў, коле рознай iнтэнсiўнай iнфармацыi, i ён ня хоча, каб яму штосьцi даказвалi i ў чымсьцi пераконвалi, але прагне, каб прынялi яго як брата (сястру), далi зразумець, што ён патрэбны. Тут вялiкую ролю iграе парафiяльная супольнасьць. Важнасьць супольнасьцi заўсёды падкрэсьлiвалася ва ўсходнiм багаслоўi. Галоўнае ж заданьне – гэта дапамагчы чалавеку сустрэць Госпада Iсуса Хрыста. У Каталiцкай Царкве я знайшоў на гэтай нiве шмат розных душпастырскiх iнiцыятываў: сямейныя колы, скаўты, малiтоўныя групы. Усё, канешна, у пашане для ўсходняе Традыцыi. А працы вельмi шмат, бо мы хочам дайсьцi да тых, хто яшчэ ня мае рэальнага кантакту з Хрыстом i з Царквой.

Дзякую за размову! Якое пажаданьне хацелi б перадаць чытачам?

Чытачам газеты хацеў бы пажадаць iмкненьня да еднасьцi: еднасьцi з Богам, еднасьцi памiж людзьмi, еднасьцi ў сям'i i ў сужэнстве. Мы мусiм разам сьведчыць хрысьцiянства, несьцi любоў i слова Божае iншым ды сьведчыць гэта сваёй верай у нашым грамадзтве.

Гутарыў Iгар Бараноўскi

На фота: Айцец Аляксандр Шаўцоў. Нарадзіўся 27 лютага 1969 г. у Горадні. Дыяканскія сьвячаньні атрымаў 12 чэрвеня 2006 г. Высьвячаны на сьвятара біскупам Сафронам Мудрым 17 сьнежня 2006 г. у Івана-Франкоўску. Жанаты. Мае жонку Тацяну і сына Арсеня, якому 16 гадоў. Магістар багаслоўя.
Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)