Царква
Ніякае брыдкае слова хай не выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрае на будаўніцтва ў веры, каб яно давала мілату слухачам
(Пасланьне сьв. ап. Паўла да Эфэсянаў 4:29)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (53), 2007

Рух “Маці ў малітве” паўстаў у 1995 годзе. Яго заснавальніцы – дзьве жанчыны-каталічкі з Велікабрытаніі, Вераніка й Сандра. Яны адчулі асаблівую патрэбу маліцца за сваіх дзяцей і ўнукаў, бо ніякім іншым чынам не маглі дапамагчы сваім родным, якія згубілі сябе ў жыцьці. Неўзабаве да заснавальніц руху далучыліся яшчэ некалькі жанчын, пачалі ўзьнікаць новыя групы, і, на працягу некалькіх гадоў, рух “Маці ў малітве” распаўсюдзіўся па ўсім сьвеце.

Праз мацярынскую малітву адбываліся шматлікія цуды. Вырашаліся праблемы, якія падаваліся невырашальнымі: дзеці навярталіся да веры, знаходзілі працу й жыльлё, вярталіся дадому пасьля працяглай адсутнасьці, ацаляліся ад цяжкіх хваробаў, у тым ліку ад наркаманіі.

Узначальвае гэты рух сёньня спн. Вераніка Ўільямс. На эмблеме гэтага міжнароднага руху запісаны такія словы: “Аб’яднаўшыся ў малітве, маці ўратуюць сьвет”.

Асноўнае пакліканьне руху “Маці ў малітве” заснавальніцы бачаць у малітве і паслухмянасьці волі Божай. Акрамя магчымасьці аддаць Богу свае ўласныя праблемы, удзельніцы руху вельмі цэняць малітву ў супольнасьці з іншымі маці, а таксама ўзаемную прыязнасьць і суперажываньне, якое ўзьнікае ў такіх супольнасьцях. Да малітвы запрашаюцца ўсе жынчыны: маці і бязьдзетныя, практыкуючыя хрысьціянкі (любога веравызнаньня) і тыя, што ўпершыню зьвярнуліся да Бога ад безнадзейнасьці.

Адным з адказаў на малітвы маці можна лічыць узьнікненьне руху айцоў “Айцы ў малітве” і дзіцячых малітоўных груп “Дзеці веры”.

У Беларусі групы “Маці ў малітве” існуюць пры рыма-каталіцкіх парафіях у Менску і ў Магілёўскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Бялыніцкай.

Мне давялося пабываць на спатканьні суполкі руху “Маці ў малітве” ў Магілёве. Ва ўтульнай сучаснай кватэры ў цэнтры Магілёва сабраліся жанчыны рознага веку. Кватэра спн. Людмілы – можна сказаць, сталае месца спатканьняў жанчынаў з гэтай суполкі, і зьбіраюцца яны ўжо больш за год. Сёстры (так яны называюць адна адну) якраз сабраліся за гарбатай і ахвотна пачынаюць размову са мной.

Малітва вучыць нас адказнасьці
Вечар з суполкай руху “Маці ў малітве”

– Як у вас зьявілася ідэя арганізаваць малітоўную групу “Маці ў малітве”?

Алена: Ідэя арганізаваць малітоўную групу “Маці ў малітве”, можна сказаць, была дадзеная нам “звыш”. Зімой 2006 году ў Магілёве апынуліся дзьве прадстаўніцы гэтага руху – з Калугі й Менску. Яны захацелі сустрэцца з жанчынамі нашай парафіі, і мы з цікавасьцю іх выслухалі.

Натальля: Я адразу зразумела, што гэта для мяне, бо маліцца сама я была ня ў стане, мне неабходная была падтрымка. Я была няўпэўненая ў моцы маёй малітвы.

Алена: Я маю траіх дзяцей, але спачатку мне падалося, што такая форма малітвы не для мяне, яна больш падыходзіць для маці, якія маюць шмат сямейных праблемаў, цяжкасьцяў з дзецьмі і праз такія малітоўныя спатканьні спрабуюць іх вырашыць.

У той час я асабіста адчувала патрэбу супольнай малітвы, але ня думала, што рух “Маці ў малітве” можа праблему вырашыць, бо гэта вельмі сьпецыфічная форма. У нас нават зьявілася думка выкарыстаць некаторыя ідэі “Маці ў малітве” для стварэньня малітоўнай групы пры нашай грэка-каталіцкай парафіі.

Вераніка: Існавалі пэўныя парафіяльныя праблемы, і мы шукалі шляхоў іх вырашэньня. Мы зразумелі, што парафія мусіць быць супольнасьцю, і таму шукалі формы, як нам жыць разам далей. Атрымалася, што гэтая форма нам была дадзеная своечасова. Бо праблемы трэба было вырашаць. Ня толькі з дзецьмі, ня толькі прыватныя, але і такія агульныя праблемы.

– Чаму вы вырашылі стварыць малітоўную групу толькі для жанчын?

Людміла Б.: Аднойчы пасьля сьв. Літургіі мы прапанавалі ўсім ахвотным раз на тыдзень зьбірацца для малітвы. Мы запрашалі ўсіх парафіянаў, але пачалі маліцца тыя, хто быў гатовы: толькі некалькі жанчын. Мы прапанавалі мужчынам маліцца разам, але ніхто не згадзіўся. Так атрымалася.

– Каб далучыцца да вашай групы жанчына абавязкова павінна быць маці?

Вераніка: У нас палова сясьцёр зьяўляецца маці, а палова – не, але гэта зусім не перашкаджае нам адчуваць еднасьць. Назва руху “Маці ў малітве” ўзьнікла праз жанчын, якія ў свой час адчулі патрэбу малітвы за сваіх дзяцей, асабліва дарослых. Можа, яна больш ім адпавядала. Але сэнс нашай супольнай малітвы ў тым, каб навучыцца аддаваць свае праблемы Богу. Тыя праблемы, якія цябе больш за ўсё хвалююць. Магчыма, некаторых жанчын больш за ўсё хвалююць праблемы з дзецьмі, на якіх яны не могуць паўплываць. Але ў кожнага ёсьць такія праблемы, вырашыць якія ён хацеў бы, але выйсьця ня бачыць. Выйсьце – гэта цалкам даверыцца Богу і аддаць Яму тыя праблемы. Людміла П.: Ня толькі ўласныя праблемы, але і праблемы родных, блізкіх. Ёсьць мацярынства ня толькі фізічнае, але й духовае. Яно аб’ядноўвае жанчын, нават калі тыя ня маюць дзяцей. Група нашая адкрытая, да яе можа далучыцца кожны.

– Якія праблемы ўласна вы аддаеце Богу?

Вераніка: Я давяраю Богу адносіны з бацькамі, хваробу хрэсьніка, хваробу калегі па працы, сваіх сяброў, з якімі хачу мець больш разуменьня, малюся, каб мы былі больш блізкія адзін аднаму. Кожны моліцца за вырашэньне сваіх асабістых праблем. Таксама молімся за нашу парафію, аддаем Богу тых людзей, якія пэўны час былі ў нашымі парафіянамі, а потым адышлі, але мы хочам бачыць іх у царкве. Аддаем Богу праблемы нашай Царквы, молімся за яе сьвятароў. Таксама молімся за парафіяльную катэхізацыю, за тэалагічныя курсы, якія праводзяцца ў Івацэвічах.

– Ці адчуваеце вы духоўны плён вашых малітваў?

Людміла П.: Часам лічыцца, калі чалавек ходзіць на нядзельную Боскую Літургію, посьціць, спавядаецца – гэтага дастаткова. Гэтая група дапамагла мне па-іншаму адчуць Літургію, і ўсё хрысьціянскае жыцьцё пачало набываць новы сэнс.

Малітоўная група вучыць мяне адказнасьці ня толькі за сваё жыцьцё, але й за праблемы ўсёй Царквы. Была патрэба нешта зрабіць для Царквы, а ня толькі прыходзіць на нядзельнае богаслужэньне і маліцца дома. Канечне ж, усьведамляць гэтую адказнасьць мы пачалі паступова. Мы адчулі, што мы – Царква, і нас датычыць усё, што адбываецца ў гэтай Царкве. Праз малітву я магу рабіць нешта для парафіі, для ўсёй Царквы, і не адна, а разам з сёстрамі.

Алена: Яшчэ мы навучыліся называць праблемы. Вось, казалі “молімся за нашую Царкву”, а што адбываецца ў нашай Царкве, якія праблемы? Спачатку такая малітва гучала вельмі абстрактна. Потым пачалі задаваць сабе пытаньне: за што мы молімся, чаго просім ад Бога? Якім духам мы жывем? Мусілі азірнуцца на ўласнае жыцьцё, ацаніць, сказаць, чаго нам не хапае, у чым мы памыляемся.

Натальля: Напачатку цяжка было аддаць нешта Богу. Мы самі прапаноўвалі Богу рашэньні: зрабі так і так, прымі рашэньне, якое падабаецца мне. Але паступова прыходзіць разуменьне: можа, усё ж такі варта прыслухацца да Яго. Бог вырашаў нашыя праблемы, але часам не выкарыстоўваў ніводзін з прапанаваных намі варыянтаў, потым мы зьдзіўляліся, што праблема вырашаная, але Бог не скарыстаўся ніводнаю з нашых прапаноў.

Кацярына: Калі гаварыць пра вынікі нашай малітвы, мне здаецца, што мы вучымся прымаць адзін аднаго, а таксама прымаць Бога такім, якім Ён ёсьць. Нам адкрываецца Яго воля, і яна нам падабаецца. Хочацца ведаць Яго волю і жыць паводле яе.

Калі мы на малітве альбо нават проста размаўляем – адчуваем прысутнасьць Бога, Ён уступае з намі ў дыялог. Падчас сустрэчы мы чытаем Евангельле – проста адкрываем на любым месцы. Падчас гэтага я бачу, як Госпад прамаўляе да нас, адказвае на нашыя пытаньні. Пэўна, Ён бачыць, што мы сапраўды хочам ведаць Ягоную волю.

Алена: Калі мы пачалі маліцца за іншых, у першую чаргу зьмяніліся нашыя адносіны да гэтых людзей. Гэта, можна сказаць, быў першы плён нашай малітвы. Мы пачалі ставіцца да іх больш далікатна, уважліва. Шляхі Госпада дзіўныя. Раней я ведала гэта тэарэтычна, а цяпер спазнала практычна. Пабачыла сапраўдную радасьць у Госпадзе.

Таксама сустрэчы дапамаглі ўбачыць праблемы ў сабе. Напрыклад, молімся за еднасьць парафіі, і паступова Бог нам адкрывае, што ў кожным з нас перашкаджае гэтай еднасьці. Бачым, што кожны з нас зрабіў недастаткова для яе.

– А ці ёсьць нейкія бачныя вынікі вашай малітвы?

Вераніка: Плёнам нашай малітвы сталася парафіяльная катэхізацыя. Мы маліліся, казалі, што хочам пазнаць Бога такім, якім Ён ёсьць. Адначасова некаторыя з нас удзельнічалі ў катэхізацыйных курсах у Івацэвічах, Алена вучылася на тэалагічным факультэце ў Маскве, расказвала нешта. Яна расказвала гэта і раней, але, калі мы пачалі маліцца, пачалі і прыслухоўвацца, стала цікава: што новага можна даведацца, чаго нам не хапае. І ў размовах нашых усё часьцей мы пачалі прызнавацца, што чагосьці нам не хапае. Напрыклад, калі мы адкрывалі Сьвятое Пісаньне, то пачалі разумець, што не заўсёды можам над ім паразважаць, бо не разумеем некаторых рэчаў, ня ведаем кантэксту.

Паступова пачалася размова, што мы маем патрэбу ў спатканьнях, якія дапамаглі б нам пазнаць Бога, мы хочам катэхізацыі. Такое жаданьне выказалі й мужчыны. У выніку гэтая катэхізацыя сталася больш шырокай, парафіяльнай. Былі нават канкрэтныя аздараўленьні. Мы маліліся за маю калегу па працы, пра якую лекары казалі, што яна ня выжыве. Яна зараз знаходзіцца ў цяжкім стане, але ніхто нават не чакаў, што яна будзе жыць. Увогуле цяжка сказаць, праз мае малітвы ці не адбываецца тое ці іншае аздараўленьне, нешта вырашаецца. Ня хочацца прысвойваць гэта сабе…

– А як выглядае звычайная малітоўная сустрэча ў вашай суполцы “Маці ў малітве”?

Натальля: Нашая сустрэча пачынаецца з гарбаты, бо мы ў большасьці прыходзім пасьля працы, галодныя. Была небясьпека, што ўсё гэта ператворыцца ў звычайныя сяброўскія пасядзелкі, такі жаночы клуб – выпіць гарбаткі, пагаварыць пра жыцьцё. Мы пачалі з гэтым змагацца, пэўны час адмянілі гарбату, альбо пілі яе пасьля сустрэчы. Потым мы навучыліся сумяшчаць: цяпер сустрэча з Хрыстом адбываецца ў нас і падчас малітвы, і падчас гарбаты таксама.

Людміла П.: Зьбіраемся вакол стала. На ім белы абрус, абавязкова крыж, Евангельле і кошычак. У яго мы складаем кружкі, на якіх напісаныя імёны тых, за каго мы молімся. Мы агучваем тую праблему, за якую молімся. Молімся спачатку пра еднасьць, прабачэньне, прыняцьце адзін аднаго. Бяз гэтага немагчыма малітоўная сустрэча. Тады зьвяртаемся да Духа Сьвятога. Потым падзяка і праслаўленьне – альбо словамі, альбо сьпевам. Затым чытаем Сьвятое Пісаньне, Евангельле. Гэта вельмі радасны і адначасова вельмі адказны момант. Кожнае слова мае вялікае значэньне, успрымаецца вельмі адказна. Таксама дзелімся тым, што Госпад адкрыў нам праз Евангельле. Часамі нам ёсьць што сказаць, часамі – не.

Людміла Б.: Пасьля бывае малітва – мы молімся за людзей, праблемы, кладзем запіскі ў кошык. Кожны можа гаварыць свае просьбы ўслых. Гэта важны момант, бо мы адкрываемся адзін перад адным. Ты гаворыш пра свае цяжкасьці, свае просьбы, а ўсе ў гэты момант моляцца за цябе. Таму ёсьць такое правіла, што ўся інфармацыя не выходзіць па-за межы групы. І ёсьць у нас яшчэ адно правіла – падчас малітоўнай сустрэчы стараемся не даваць адна адной парадаў. Парады, рашэньні дае Бог. Галоўнае – пачуць Яго.

Алена: Напрыканцы мы молімся малітвамі, якія склалі заснавальніцы руху “Маці ў малітве”. Часамі адчуваем патрэбу абнаўляць гэтыя малітоўныя формы, тады абіраем толькі некаторыя малітвы альбо молімся сваімі словамі.

– Як вы лічыце, ці патрэбныя такія групы ў іншых парафіях?

Натальля: Мне здаецца, што ў кожнай парафіі неабходная супольная малітва, акрамя літургічнай. Не абавязкова, каб гэта былі групы “Маці ў малітве”, можна назваць гэта парафіяльнымі малітоўнымі сустрэчамі – момант, калі ты молішся з іншым. Калі ты молішся адкрыта, вучышся бачыць свае праблемы, гаварыць пра іх, аддаваць іх Богу, бо гэта пачатак адносінаў з Богам, каб давяраць Яму нешта цяжкае, скрытае, і прасіць у Яго рашэньня. Людміла Б.: Калі б у нас была магчымасьць маліцца ўсёй парафіяй альбо калі б было некалькі груп, якія таксама, як і мы, маглі б зьбірацца і дзяліцца ўласным вопытам – гэта было б цудоўна. Яшчэ я мару пра тое, каб арганізаваць дзіцячую малітоўную групу “Дзеці веры”. Бачу, як дзеці растуць і пачынаюць адыходзіць ад Царквы. Мяне гэта вельмі непакоіць.

– Вялікі дзякуй за размову.

Гутарыў Андрэй ГОМАН
На фота:
Магілёўскія ўдзельніцы руху “Маці ў малітве”
ў час сяброўскай размовы за гарбатай.

Гэты артыкул чыталі 2 разоў (-ы)