Царква
Палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім... палюбі блізкага твайго, як самога сябе на гэтых дзьвюх запаведзях грунтуецца ўвесь закон і прарокі
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 22:37-40)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (54), 2007

Памятныя крыжы
на месцы бальшавіцкіх расстрэлаў

Грэка-каталіцкі сьвятар з Віцебску айцец Зьміцер Грышан 29 ліпеня 2007 году асьвяціў крыж ля вёскі Паляі Віцебскага раёну, які ўсталявалі віцебскія актывісты ў памяць пра ахвяры бальшавіцкіх рэпрэсіяў. Падобны памятны крыж пад Ваўкавыскам 14 ліпеня асьвяціў айцец Андрэй Крот з Горадні.

Крыж памяці ўсіх ахвяраў таталітарных рэжымаў у ХХ стагоддзі быў усталяваны па ініцыятыве ваўкавыскіх краязнаўцаў (найперш – Віктара Вайтчука) сумесна з грамадзкімі актывістамі ды вернікамі з Горадні, Сьвіслачы і Мастоў ля чыгуначнага пераезду на ўезьдзе ў Ваўкавыск з боку Слоніма, на месцы, дзе некалі стаяла ўніяцкая царква. Побач з гэтым месцам, як сьцьвярджаюць мясцовыя краязнаўцы, адбываліся расстрэлы “ворагаў народу” ў сталінскія часы, але расстрэльвалі тут мірных жыхароў таксама і фашысты.

Мясцовыя краязнаўцы адзначаюць, што, на жаль, пакуль ніхто й нідзе ў Ваўкавыску і ваколіцах не ўшаноўваў памяці паўстанцаў і пацярпелых ад таталітарных рэжымаў, хоць такіх месцаў тут шмат. Напрыклад, у цэнтры гораду, на месцы былога вайсковага гарадка, у часы апошняй вайны спачатку знаходзіўся лагер для савецкіх ваеннапалонных, пазьней – гета, а яшчэ пазьней – лагер для нямецкіх ваеннапалонных і адначасова – лагер сталінскіх ахвяраў.

Памятны крыж на Віцебшчыне непадалёку ад вёскі Паляі паўстаў уласна тут, таму што, паводле сьведчаньняў мясцовых жыхароў, у 30-40-ыя гады мінулага стагоддзя НКВД у гэтых мясьцінах праводзіў масавыя расстрэлы людзей.

Драўляны крыж вышынёй каля двух метраў устаноўлены на ўскрайку лесу каля вёскі, узбоч аўтамабільнай дарогі Віцебск – Лёзна. Да памятнага крыжа прымацавана шыльдачка з пазнакай «Ахвярам сталінскіх рэпрэсій», на якой зьмешчаны таксама словы з Евангельля: «Дабрашчасныя гнаныя за праўду, бо іх ёсьць царства нябеснае».

У памяць па бязьвінна загінулых грэка-каталіцкі сьвятар з Віцебску айцец Зьміцер Грышан адслужыў паніхіду, а ўдзельнікі жалобнай урачыстасьці ўсклалі да крыжа кветкі і запалілі сьвечкі.

Тымчасам, сёлета, калі наша грамадзтва ўзгадвае трагічныя падзеі страшнага 1937 году, чарговы раз учынена бясчынства ў Курапатах, дзе пахаваны дзясяткі тысячаў ахвяраў бальшавіцкага тэрору. Гэтым разам злачынцы ня толькі пашкодзілі мемарыяльныя шыльды, але і зламалі крыж «Пакутнікам Беларусі», усталяваны на Дзяды ў 1989 годзе.

На фота: Ваўкавыск, 14.07.2007. Асьвячэньне памятнага крыжа ў памяць пра ахвяры таталітарных рэжымаў ХХ стагоддзя на месцы былой уніяцкай царквы.
Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)