Царква
Ня крадзь
(8 запаведзь, Выхад 20:15)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (55), 2007

Неапаль-2007. За сьвет без насільля:
рэлігіі і культуры ў дыялогу

21-23 кастрычніка 2007 г. у паўднёва‐італійскім горадзе Неапаль праходзіла міжрэлігійная сустрэча «За сьвет без насільля: рэлігіі і культуры ў дыялогу». Яе арганізавалі рыма‐каталіцкая архідыяцэзія Неапаля і Супольнасьць сьв. Эгідыя (Comunita di Sant’Egidio). Удзел у сустрэчы ўзялі высокія прадстаўнікі хрысьціянскіх Цэркваў, а таксама сусьветных рэлігіяў.

У адкрыцьці сустрэчы ўдзельнічаў Яго Сьвятасьць Папа Бенядыкт XVI, які прыбыў у Неапаль з пастырскім візітам. У нядзелю, 21 кастрычніка, Папа адслужыў сьв. Імшу, на якой прысутнічалі прадстаўнікі хрысьціянскіх Цэркваў і Супольнасьцяў, ды прамовіў казаньне. Са Сьвятым Айцом саслужылі між іншымі сiрыйска‐каталіцкі Патрыярх‐эмерыт Ігнат Майсей І Дауд і грэка‐каталіцкі мельхіцкі Патрыярх Атыёхіі Рыгор ІІІ (гл. фота).

Папа Бенядыкт сустрэўся таксама з праваслаўным Усяленскім Патрыярхам Канстанцінопаля Барталамеем І. 22 кастрычніка Патрыярх Барталамей наведаў горад Амальфі, дзе ад мясцовага рыма‐каталіцкага архібіскупа атрымаў мошчы сьв. апостала Андрэя (Першапакліканага), што захоўваліся ў катэдры ў Амальфі.

23 кастрычніка Ўсяленскі Патрыярх Канстанцінопаля Барталамей I атрымаў ва Ўсходнiм інстытуте ў Неапалі пачэсную годнасьць доктара «honoris causa». У рамках Акадэмічнага акту Патрыярх гаварыў аб неабходнасьці спалучыць адзiнства i плюралiзм, пачынаючы з павагi да традыцыйных культурных асаблiвасьцяў народаў Еўрапейскай супольнасьці.

«Мы верым, што трэба пабудаваць будучыню Еўропы на павазе да ўсiх i ў асаблiвасьцi да розных рэлiгiяў i iдэалагiчных пунктаў гледжаньня. Таксама трэба адмовіцца ад фундаменталiзму, якога б паходжаньня ён ня быў [... ]. У той жа час, калi чалавек робiцца асобай, у поўным сэнсе гэтага слова, ён ставiцца з павагай да iншых людзей i да навакольнага асяроддзя, значыць, да дому, у якiм мы жывем»,— зазначыў Патрыярх Барталамей I. У частцы праграмы неапалітанскай сустрэчы ўдзельнічаў таксама старшыня Аддзелу зьнешніх царкоўных сувязяў (ОВЦС) Маскоўскай Патрыярхіі Рускай Праваслаўнай Царквы Мітрапаліт Кірыла (Гундзяеў). 22 кастрычніка ён прачытаў даклад у катэдральным саборы горада Аверса на тэму экуменічнай адказнасьці хрысьціянаў у Еўропе.

Апошні дзень сустрэчы — 23 кастрычніка 2007 г. - быў днём малітвы за мір. Хрысьціяне маліліся разам у адным з храмаў, а прадстаўнікам кожнай рэлігі было выдзелена сьпецыяльнае месца для малітвы і медытацыі.

а. Пётр Смалінскі, Рым
На фота:
21.10.2007 г., Неапаль. Папа Бенядыкт ХVІ і Патрыярх Барталамей І.
21.10.2007 г., Неапаль. Патрыярх Ігнат Майсей І Дауд (зьлева) і Патрыярх Рыгор ІІІ (справа).
Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)