Царква
Голы я выйшаў з чэрава маці маёй, голы і вярнуся. Гасподзь даў, Гасподзь і ўзяў, хай будзе імя Гасподняе дабраславёна!
(Кніга Ёва 1:21)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (56), 2008

Наша вера

Малітва за еднасьць у санктуарыюме
Маці Божае з Усьмешкаю

27 студзеня 2007 году Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) адслужыў урачыстую Боскую Літургію ў візантыйска-славянскім абрадзе ў мястэчку Пшоў, што знаходзіцца ў Катавіцкай рыма-каталіцкай япархіі ў Польшчы.

Гэтая ўсходняя літургія сталася для мясцовай Царквы ў польскай Сілезіі ўрачыстым завяршэньнем Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў. Ініцыятарам такога знаёмства з багацьцем літургічнай традыцыі хрысьціянскага Ўсходу стаў шматгадовы супрацоўнік Кангрэгацыіі Ўсходніх Цэркваў айцец-мітрат Люцыян Ламжа, які паходзіць з Пшова. Шмат гадоў ён аддаў таксама працы ў калегіюме «Русікум» у Рыме.

Мястэчка Пшоў вядомае сваёй цудатворнай іконаю, якая носіць назву Маці Божая з Усьмешкаю. У 1722 годзе пілігрымы з пшоўскай парафіі, якія наведалі Чанстахову, прывезьлі для свайго пробашча, які ня змог з-за хваробы ўзяць удзел у пілігрымцы да Маці Божай, копію Яе цудатворнага абраза, які быў прыкладзены да арыгіналу (такая практыка існавала ў тыя часы для асьвячэньня рэчаў). Сталася так, што падчас падарожжа абраз быў пашкоджаны, і таму сьвятар перадаў яго мясцоваму мастаку для рэстаўрацыі. Аднак той, з невядомых прычынаў, вырашыў істотна зьмяніць выгляд твараў на іконе. Аблічча Багародзіцы мастак зрабіў больш сьветлым, а на яе вуснах зьявілася ўсьмешка. У хуткім часе ікону пачалі называць Маці Божая Пшоўская альбо «з Усьмешкаю».

Абраз Маці Божай быў тройчы каранаваны. Першая каранацыя адбылася ў 1732 годзе, але ў 1976-ым гэтыя кароны былі скрадзеныя. У 1979 годзе абраз зноў быў урачыста ўпрыгожаны залатымі каронамі, пасьвячанымі Сьвятым Айцом Янам Паўлам ІІ, але невядомыя злачынцы скралі іх у 1989-ым. У 2002 годзе адбылася чарговая, трэцяя каранацыя Маці Божай з Усьмешкаю.

Багаслужба за еднасьць хрысьціянаў перад цудатворнаю іконаю Маці Божай мела асаблівы характар яшчэ й дзякуючы ўдзелу ў ёй прадстаўнікоў розных краінаў і лакальных Цэркваў. Разам з Апостальскім Візітатарам беларускіх грэка-католікаў архім. Сяргеем Гаекам саслужылі айцец-мітрат Люцыян Ламжа, сьвятар з дыяцэзіі Фульда ў Нямеччыне, айцец Казімір Міхулец — рэктар калегіюма айцоў езуітаў у Новым Сончы, душпастыр гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі айцец Андрэй Крот, а дыяканскае служэньне падчас Боскай Літургіі нёс айцец протадыякан Мар’ян Мэдвід з Мукачава (Украіна). А хор пшоўскай парафіі ўпрыгожыў набажэнства цудоўным сьпевам на царкоўнаславянскай мове.

Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)