Царква
Хто сее скупа, той скупа і пажне; а хто сее шчодра, той шчодра і пажне
(Другое Пасланьне Сьв.Ап. Паўла Да Карынфянаў 9:6)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (57), 2008

Шлях да Бога

Дзень памяці сьвятара і
паэта Аляксандра Астрамовіча

31 траўня 2008 году ў касьцёле Маці Божай Ружанцовай і сьв. Дамініка ў Ракаве на Валожыншчыне адбыўся Дзень памяці, прысьвечаны 130-годдзю з дня нараджэньня сьвятара і паэта Аляксандра Астрамовіча (Андрэя Зязюлі).

Ксёндз Аляксандр Астрамовіч у 1911 г. працаваў у ракаўскай парафіі. Моладзь і старэйшыя парафіяне падрыхтавалі прамовы і рэфераты, прысьвечаныя біяграфіі і грамадзка-асьветніцкай дзейнасьці беларускага сьвятара і паэта Андрэя Зязюлі, дзеці чыталі яго вершы.
Падчас сьвятой Імшы ў інтэнцыі новых і сьвятых пакліканьняў да сьвятарства і манаскага жыцьця 7 хлопчыкаў з ракаўскай парафіі, якія прайшлі адпаведную падрыхтоўку да службы пры алтары, атрымалі літургічнае адзеньне – комжы – і сталі міністрантамі.

Вечарам, на заканчэньне ўрачыстасьці, на плошчы перад касьцёлам адбыўся канцэрт, арганізаваны каталіцкай моладдзю, сумесна з моладдзю царквы евангельскіх хрысьціянаў. На працягу дзьвюх гадзінаў на ўвесь Ракаў гучалі сьпевы, якімі вернікі праслаўлялі веліч Госпада Бога. На канцэрце прысутнічалі ня толькі моладзь, але і старэйшыя жыхары Ракава, а таксама госьці з Польшчы і Аўстраліі.

1 чэрвеня 2008 г. дзевяць маленькіх парафіянаў пасьля сакрамэнтальнай споведзі прынялі ў свае сэрцы ў першы раз сьвятую Камунію і разам з усёй парафіяй маліліся аб Божым бласлаўленьні для сваіх сем’яў і аб сьвятасьці мястэчка Ракаў і ўсёй ракаўскай парафіі.

Паводле Catholic.by
Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)