Царква
Хто затуляе вуха сваё ад ляманту беднага, той і сам будзе лямантаваць - іня будзе пачуты
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 21:13)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (58), 2008

Парафіяльнае жыцьцё

Памяць пра дэкана БГКЦ

2 верасьня споўнілася 10 гадоў, як памёр першы душпастыр менскай парафіі сьв. Язэпа, дэкан БГКЦ айцец Ян Матусевіч.

На Кальварыі ў Менску над магілай былога дэкана БГКЦ айца Яна Матусевіча 2 верасьня 2008 г. была адслужана паніхіда. А ўвечары, а 19-й гадз. у Грэка-каталіцкім цэнтры імя Сьвятога і Праведнага Язэпа (вул. Арджанікідзэ, 6) была адслужана сьв. Літургія ў памяць пра айца Яна. Разам з дэканам Цэнтральна-Заходняга протапрасьвітарату імя сьвятамучаніка Мікалая Чарнецкага а. Андрэем Абламейкам яе служыла менскае грэка-каталіцкае духавенства.

Айцец Ян быў ня толькі першым парахам у Менску, але для многіх, у тым ліку з іншых гарадоў Беларусі, стаўся сьвятаром, праз якога адбылося знаёмства з Царквой, з Богам. Ён быў сапраўдным душпастырам інтэлігенцыі – кагосьці хрысьціў, кагосьці прыняў да першай споведзі, многіх вянчаў.

Сьвятар БГКЦ а. Пахом Кавалёў:

"Айцец Ян Матусевіч мяне ахрысьціў, стаўся тым, з каго пачалося маё жыцьцё хрысьціяніна. Хрост адбыўся на кватэры айца. Я памятаю, што, калі выйшаў, неяк нічога не адчуваў. Нават зьдзівіўся. Але калі ехаў ужо ў аўтобусе дахаты, раптам зразумеў: навокал людзі, якіх хочацца любіць. Мне стала сорамна, што раней іначай ставіўся да людзей, я зразумеў – цяпер з Хрыстом гатовы прабачыць і папрасіць прабачэньня..."

Дэкан Цэнтральна-Заходняга дэканату БГКЦ а. Андрэй Абламейка (на фота з а. Янам):

"Айцец Ян Матусевіч для мяне быў маім духоўным айцом. Ён запомніўся мне такім вельмі дабрадушным, вясёлым чалавекам, заўсёды гатовым выслухаць цябе, памагчы, нешта табе падараваць. Першая Біблія, якую я займеў у сваім жыцьці,– гэта была Біблія, якую ён мне падараваў. І для мяне асабіста ён быў вельмі блізкі. У яго я прыступіў да першай споведзі. Ён хрысьціў маю жонку Сьвятлану, пасьля нас вянчаў, пасьля хрысьціў сына Багдана. І ён жа даў мне рэкамендацыю для дыяканату і сьвятарства..."


Паводле сайту jazep.org

На фота:


1. Дэкан БГКЦ а. Ян Матусевіч з цяперашнім дэканам Цэнтральна-Заходняга дэканату а. Андрэем Абламейкам.

2. Паніхіда над магілай а. Яна Матусевіча на Кальварыйскіх могілках у Менску.
Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)