Царква
Ня будзь лішне строгі, і не выстаўляйся залішне мудрым; навошта табе нішчыць сябе?
(Кніга Эклезіяста 7:16)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (59), 2008

Наша вера

Вынікі практычных сустрэчаў сімпозіюму «Слова Божае жывое і дзейснае»

Падчас сімпозіюму “Слова Божае жывое і дзейснае”, які праходзіў 14-16 лістапада 2008 г. у Менску, адбыўся шэраг практычных сустрэчаў. Былі праведзены чатыры круглыя сталы, падчас якіх вяліся дыскусіі на такія тэмы, як “Слова Божае ў маім жыцьці”, “Як катэхізаваць сёньня?”, “Роля сродкаў масавай камунікацыі ў перадачы Божага слова”, “Неабходнасьць і персьпектывы перакладу Бібліі на беларускую мову”.

Першы круглы стол “Слова Божае ў маім жыцьці” ўзначаліў кс. Андрэй Зайчык, выкладчык Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семiнарыі імя сьв. Тамаша Аквінскага ў Пінску. Мадэратар групы, падводзячы вынікі працы, адзначыў, што сучаснае грамадзтва нашай краіны сапраўды патрабуе Божага слова, аднак, з-за прызвычаенасьці да традыцыйных малітваў, вельмі часта ў вернікаў адсутнічае жывы кантакт з Богам, кантакт, які магчымы пры чытаньні Сьвятога Пісаньня. Ксёндз Андрэй падкрэсьліў, што сучаснае грамадзтва патрабуе новых формаў евангелізацыі.

Удзельнікамі круглага стала «Як катэхізаваць сёньня?» у асноўным сталі катэхеты і настаўнікі. Па словах сакратара Катэхетычнага аддзелу Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі с. Чаславы Навіцкай (USJK), якая кіравала працай гэтай групы, асноваю катэхізацыі зьяўляецца духоўная фармацыя тых, хто нясе Божае слова, у першую чаргу – сьвецкіх катэхетаў. З гэтай нагоды была ўнесена прапанова праводзіць дадатковыя сустрэчы катэхетаў на дэканальным узроўні. У будучым плануецца зьдзейсьніць праект «катэхетычная Інтэрнэт-старонка».

“Які сродак масавай камунікацыі найбольш адпавядае пераказу Божага слова?” – з такога пытаньня распачаў працу трэцяга круглага стала “Роля сродкаў масавай камунікацыі ў перадачы Божага слова” яго мадэратар кс. Аляксандар Амяльчэня, адказны за СМІ пры Сакратарыяце ККББ. Удзельнікі сустрэчы прыйшлі да высновы, што ў гэтай справе кожны сродак – добры, аднак публіка, у залежнасьці ад свайго ўзросту і магчымасьцяў, выбірае той сродак, які ёй найбольш адпавядае. Ксёндз Уладзімір Русак, віцэ-рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семiнарыі імя сьв. Тамаша Аквінскага ў Пінску, які прымаў удзел у працы гэтага круглага стала, узьняў такую праблематыку, як інтэрактыўнасьць у СМІ, а таксама адзначыў, што сучаснаму чалавеку, які гатовы сачыць за навінамі ў рэжыме он-лайн, важна мець кантакт з аўтарам, чым зьяўляецца так званая двухбаковая сувязь. Доктар філалагічных навук прафесар Адам Мальдзіс адзначыў, што рэйтынг СМІ залежыць ад якасьці інфармацыі і прафесійнага ўзроўню кадраў. Мадэратар групы пры гэтым падкрэсьліў важнасьць духоўнай фармацыі прадстаўнікоў СМІ, у тым ліку сьвецкіх. Удзельнікі гэтага круглага стала прыйшлі да агульнай згоды адносна той праўды, што вельмі важным зьяўляецца традыцыйны кантакт з кнігаю. “Божае слова каштоўнае і прывабнае само па сабе”,– падкрэсьліў напрыканцы кс. Аляксандар Амяльчэня.

Старшыня Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Царквы (Камісія Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ) кс. доктар Ян Крэміс, які ўзначаліў працу круглага стала “Неабходнасьць і персьпектывы перакладу Бібліі на беларускую мову”, адзначыў, што тэкст Сьвятога Пісаньня павінен перакладацца з арыгінальных моваў, што патрабуе высокакваліфікаваных сьпецыялістаў. Як адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, важна, каб сьпецыяліст меў ня толькі тэалагічную адукацыю, але таксама быў веруючым чалавекам. Па словах архібіскупа, навука і вера ў гэтай справе павінны быць у лучнасьці. Сучаснае беларускае грамадзтва шукае Бога ў Яго слове, і гэта пацьвярджае зацікаўленасьць беларускіх вернікаў у тым, каб мець уласны набор лекцыянараў (чытаньні да сьвятых Імшаў, перакладзеныя на беларускую мову), Літургію гадзін для сьвецкіх і інш.

“Найлепшы катэхізатар – Ісус Хрыстос,– адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у сваім заключным слове на падвядзеньні вынікаў працы сімпозіюму.– Важна ня толькі ведаць Біблію, але годна рэалізоўваць яе ў жыцьці”.

Паводле Catholic.by
Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)