Царква
Цярпеньнем вашым ратуйце душы вашыя
(Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце 21:19)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (60), 2009

Парафіяльнае жыцьцё
 
Пілігрымка да адроджанай Царквы

Протаігумен Львоўскай правінцыі Чыну Найсьвятога Адкупіцеля а. Васіль Іваніў 22-26 студзеня 2009 году наведаў парафіі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Візіт адбыўся на запрашэньне Апостальскага Візітатара для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека і быў прымеркаваны да ўшанаваньня памяці сьвятых Падляшскіх мучанікаў. У гэтай пілігрымцы айца-протаігумена суправаджалі браты Алег Чыхарыўскі, Ігар Паўлій, а таксама Антон Нікалаеў і Зьміцер Чарнель, якія родам з Беларусі.

Першым пунктам пілігрымкі была парафія сьв. апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці. Тут гасьцей сустракалі Апостальскі Візітатар БГКЦ архімандрыт Сяргей Гаек, парах а. Ігар Кандрацьеў, вернікі і сябры харызматычнай супольнасьці «Маран ата». Увечары ў чацьвер, 22 студзеня, у царкве была адслужана сьв. Літургія ў памяць Пратулінскіх мучанікаў, а таксама засьпявалі Акафіст Падляшскім мучанікам. Пасьля Літургіі адбылася сустрэча протаігумена з парафіянамі, на якой а. Васіль коратка распавёў прысутным пра гісторыю Кангрэгацыі Найсьвятога Адкупіцеля, пра яе дзейнасьць ва Ўкраіне і адказаў на пытаньні.

23 студзеня рэдэмптарысты наведалі ранейшы базыльянскі манастыр у Жыровічах, які цяпер належыць праваслаўным, дзе памаліліся ля Жыровіцкай іконы Багародзіцы. Таксама наведалі Альбярцін у Слоніме, дзе ў міжваенны час знаходзілася Ўсходняя місія айцоў езуітаў, і дзе часта бываў манах-рэдэмптарыст бл. Мікалай Чарнецкі – Апостальскі Візітатар для католікаў славяна-візантыйскага абраду на Валыні, Падляшшы і Палесьсі. У гэты ж дзень адбылася сустрэча Апостальскага Візітатара БГКЦ архімандрыта Сяргея Гаека і Протаігумена Львоўскай правінцыі а. Васіля Іваніва з біскупам Гарадзенскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі Аляксандрам Кашкевічам, на якой прысутнічалі і іншыя браты-рэдэмптарысты, а таксама адміністратар гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай а. Андрэй Крот. Паколькі грэка-каталіцкая капліца ў Горадні вельмі малая, то Боскую Літургію, якой ушаноўвалі памяць Пратулінскіх мучанікаў, адслужылі ўвечары ў капліцы рэдэмптарыстаў Варшаўскай правінцыі, пасьля чаго ў памяшканьні кляштару рэдэмптарыстаў адбылася сустрэча парафіянаў з протаігуменам.

24 студзеня протаігумен прыехаў у Менск, дзе ў парафіі сьв. Язэпа праходзіў дзень духоўнай адновы для панамароў Алтарнага брацтва Пратулінскіх мучанікаў. У сьвятой Літургіі прынялі ўдзел таксама архімандрыт Сяргей Гаек, протапрасвітар Цэнтральна-Заходняга дэканату імя бл. Мікалая Чарнецкага і парах парафіі сьв. Язэпа а. Андрэй Абламейка, а. Пахом Кавалёў ды а. Пётр Мартэн. Пасьля набажэнства айцец протаігумен распавёў пра манахаў-рэдэмптарыстаў і адказаў на пытаньні прысутных.

У нядзелю, 25 студзеня, зьверхніка ўкраінскіх рэдэмптарыстаў сустракала парафія сьв. Язафата ў Полацку, у якой служыць а. Аляксандр Шаўцоў. У гэты дзень прыпала сьвята Рыгора Багаслова. Украінскія браты засьпявалі ютрань украінскай мовай, пасьля якой а. Васіль Іваніў, CSsR узначаліў Сьвятую Літургію, якая таксама была па-ўкраінску з асобнымі часткамі па-беларуску. Пасьля службы, як звычайна, протаігумен распавёў пра служэньне манахаў ва Ўкраіне і адказаў на пытаньні. Перад вяртаньнем у Менск госьці з Украіны наведалі полацкі Сафійскі сабор і пакланіліся мошчам вялебнай Еўфрасіньні Полацкай, асьветніцы Беларусі ў Сьвята-Еўфрасіньнеўскім праваслаўным манастыры, акрамя таго наведалі з калядою дзьве ўкраінскія сям’і, якія жывуць у Полацку.

Пілігрымка протаігумена рэдэмптарыстаў закончылася ў Менску 26 студзеня наведваньнем парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі. На працягу пілігрымкі ўкраінскі протаігумен і беларускі архімандрыт абмяркоўвалі таксама пытаньні пра персьпектывы адкрыцьця манастыра рэдэмптарыстаў Львоўскай правінцыі ў Беларусі. Напрыканцы сустрэчы і ўсяго візіту архімандрыт Сяргей Гаек ад імя Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы падзякаваў айцу-протаігумену за яго візіт і ўвагу, адзначыўшы вялікую важнасьць гэтай падзеі для Беларусі, а а. Васіль Іваніў, CSsR падзякаваў архімандрыту за яго служэньне ў Беларусі.

Наступная паездка протаігумена рэдэмптарыстаў у Беларусь запланаваная на лета 2009 году.
 
Зьміцер Чарнель, CSsR, http://cssr.livejournal.com

На фота:
1. Протаігумен рэдэмптарыстаў а. Васіль Іваніў у Берасьці.
2. Берасьце, 22.01.2009. Літургія ў памяць Падляшскіх мучанікаў-уніятаў.

 
Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)