Царква
Не забівай
(6 запаведзь, Выхад 20:13)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (62), 2009

Гасьцёўня

Найсьвяцейшая Тройца як ідэал еднасьці

Сёлета Ўкраінская Грэка-Каталіцкая Царква адзначае 20-годдзе выхаду з падпольля і легалізацыі сваіх сруктураў. Першаярарх УГКЦ кардынал Любамір Гузар распавядае пра веру, свабоду і Божы провід у інтэрв’ю журналістам часопісу «Український тиждень» Алене Чэкан і Віктару Яленскіх.

Ад часу, калі УГКЦ перанесла сваю Архібіскупскую катэдру ў Кіеў, з нібыта лакальнай заходнеўкраінскай зьявы яна зноў, праз 400 гадоў, ператварылася ў адну з самых магутных памесных Цэркваў і адначасова сутыкнулася з абвінавачаньнямі з боку іншых хрысьціянскіх канфесіяў у празелітызьме (пераманьваньні вернікаў) на «чужой кананічнай тэрыторыі». Аднак яе першаярарх на працягу апошніх васьмі гадоў Яго Блаславенства Любамір (Гузар) ставіцца да гэтых нападак па-філасофску і больш займаецца агульнымі пытаньнямі веры і праўды.

Пра Еўропу

– Ваша Блаславенства, цяпер Стары кантынент становіцца ўсё менш хрысьціянскім. Чаму цэрквы ў Кіншасе або ў Багаце перапоўненыя, а ў Парыжы або ў Берліне апусьцелі?

– Гэта віна Еўропы. Еўропа не захавала, не зразумела ці забыла свой Божы дар. Але ці варта сёньня з Еўропы рабіць цэнтр усяго? Шмат бліскучых цывілізацыяў зьніклі ў глыбінях гісторыі. Еўропа адыгрывае значную ролю ў гісторыі чалавецтва толькі ў апошнія дзьве тысячы гадоў, а гэта зусім няшмат. Яна перажывала станаўленьне, узьлёт, а сёньня на яе, магчыма, насоўваецца заняпад. Зьмярканьне Еўропы, як пісаў Освальд Шпэнглер. Праўда, ён казаў пра гэта яшчэ дзевяноста гадоў таму.

– Калі кардынал Рацынгер прыняў імя Бенядыкта – не Яна Паўла III і не Яна ХХIV, а Бенядыкта – у гонар сьвятога апекуна Еўропы – ён, мабыць, гэтым падкрэсьліў, што хацеў бы бачыць Еўропу іншаю?

– Несумненна. Калі ён выступаў перад намі на канклаве, то даў гэта зразумець. Думаю, што ня толькі Папа Бенядыкт XVI хацеў бы бачыць Еўропу цэнтрам нашай цывілізацыі, каб яна адрадзілася і яшчэ адыграла сваю вырашальную ролю ў гісторыі. Гэта ня вузкі еўрапейскі патрыятызм, не – проста Еўропа яшчэ здольная духоўна паслужыць сьвету. Праз Еўропу шмат сьвету было хрысьціянізавана. Праз еўрапейскую філасофію, культуру, навуку шмат людзей на іншых кантынентах атрымалі разьвіцьцё. У Папы ёсьць вялікае жаданьне дапамагчы Еўропе адшукаць і рэалізаваць сваю ўнутраную духоўную сілу. Гэта ня значыць, што Еўропа прызначана навекі існаваць: як зьніклі калісьці вялікія цывілізацыі, так можа зьнікнуць і Еўропа. Мне падаецца, што чым хутчэй яна зрачэцца сваёй хрысьціянскай спадчыны, тым хутчэй гэта можа адбыцца. Але я веру, што Еўропа яшчэ ня вычарпала свае вялікія сілы.

– Скажыце, калі б Папа зьвярнуўся да Вас: «Ваша Блаславенства, акрэсьліце мне на паперы праблемы, якія Вы лічыце патрэбным разгледзець на III Ватыканскім Саборы»? Што б Вы паставілі на першыя пазіцыі?

– Спадзяюся, усё ж такі заўтра не атрымаю ліст ад Папы з такой просьбай. Наогул адчуваю, што самай галоўнай тэмай ёсьць адсутнасьць еднасьці паміж людзьмі, асабліва паміж тымі, хто верыць у Ісуса Хрыста. Калі мы няздатныя жыць адзін з адным у міры, дык ці сапраўды мы ёсьць вернікі? Ісус Хрыстос сказаў: «Любіце адзін аднаго і будзьце адно». А мы кажам: «я не буду з табой маліцца, таму што ты мне не падабаешся, ты не такі, як я». Якое ж гэта нашае хрысьціянства? II Ватыканскі Сабор паставіў перад сабой задачу зрушыць гэтую справу з месца. Дзякуем за гэта прарочаму духу Папы Яна XXIII, які адкрыў акно і ўпусьціў сьвежае паветра. Той Сабор шмат цікавага прапанаваў, але мы пакуль яшчэ неспаўна гэта выконваем. Далей, мне здаецца, што вельмі важнаю зьяўляецца справа годнасьці чалавека. Трэцяя тэма: паняцце царквы, паняцце ўзаемадзеяньня царквы і грамадзтва. Бачыце, што сёньня сталася? Некаторыя людзі кажуць: Царква разьдзяляе – прэч Царкву. Ёсьць розныя рэлігіі, значыць, Бог разьдзяляе – прэч Бога. Для іх ёсьць іншы выдатны ідэал – братэрства людзей, гэта значыць глабалізацыя. Адна з важных тэмаў, над якой мы павінны былі б думаць і працаваць, – што значыць Бог у нашым жыцьці і ці магчымы рух чалавецтва бяз Бога?

Пра еднасьць і паразуменьне



– Такім чынам, з усіх тэмаў першай Вы згадалі адсутнасьць хрысьціянскай еднасьці. І вялікіх прарываў на гэтым шляху ня бачна. У Рыме кажуць, што ісьціна толькі ў нас, і ў Маскве гавораць тое самае. Хрысьціяне нібы апусьцілі рукі, пагадзіліся з тым, што еднасьць недасяжная. Давайце, кажуць яны адзін аднаму, прынамсі ня будзем сварыцца і прымірымся з падзелам...

– Бракуе веры, бракуе веры. Няма еднасьці, няма парадку, мы баімся верыць, баімся зрабіць той апошні крок і аддаць сябе цалкам Богу. Мы ўвесь час шукаем розныя апраўданьні – як зрабіць, каб не зрабіць апошняга кроку, вырашальнага кроку...

– Ваша Блаславенства, а ці верыце Вы ў еднасьць прынамсі ўкраінскіх Цэркваў?

– Яна павінна быць, але ці будзем мы тады, калі гэта адбудзецца?.. Еднасьць – гэта таксама ёсьць дар Божы. Але здаецца мне, што ўсе жадаюць яго прыняць на ўласных умовах. Ніхто ня хоча зьмяняцца, кажуць – няхай увесь сьвет зьменіцца, але не прымушайце зьмяняцца мяне...

– Вы так ці інакш увесь час вяртаецеся да пытаньня ідэнтычнасьці грэка-каталіцкай Царквы. Што Вы думаеце пра яе місію?

– Разумею ідэнтычнасьць як тое, да чаго я пакліканы. Гасподзь Бог мяне стварыў і да чагосьці паклікаў, ня выкінуў мяне. Я, зьдзяйсьняючы гэтае Божае пакліканьне, ёсьць сабою, але ў супольнасьці. Гэта робіць мяне мною. Гэтак сама і народы. Гэтак сама і памесныя Цэрквы. Якая тэндэнцыя заўсёды пераважала? Выкарыстоўваць культуру, мову, сваё разуменьне Бога для разьдзяленьня. Але запаведзь Божая быць адно – гэта не капрыз, гэта тое, што ёсьць насамрэч падставовым. Гасподзь дае нам ідэал еднасьці – Найсьвяцейшую Тройцу, адзін Бог у трох Асобах. Так і чалавецтва – яно жыве ў мностве праяваў, але павінна быць адно. А місію нашай Царквы я бачу ў тым, каб паказваць людзям, што так званыя каталіцкі і праваслаўны сьвет могуць быць разам, бо дэ-факта нашая Царква аб’ядноўвае элементы двух вялікіх культур – лацінскай і візантыйскай, дазваляючы кожнай заставацца сабою.

– У Вашай Царквы ёсьць праблемы з праваслаўнымі. Маскоўскі патрыярхат гадамі кажа пра зьнішчаныя грэка-каталікамі тры праваслаўныя япархіі, пра выкраданьне душ. Чаму б не скарыстацца візітам ва Ўкраіну Патрыярха Кірыла і не абмеркаваць нарэшце ўсе праблемы?

– Размаўляць заўсёды добра, але калі гэта шчырая размова. Калі шчырасьць ёсьць відавочнаю, а не заменена штучнай дыпламатыяй, то гэта быў бы нармальны працэс. Нават у сям'і калі-нікалі сварацца...

– Але чаму ж няма такой сустрэчы?

– Таму што мы кепскія хрысьціяне.

– Вы хацелі б сустрэцца з патрыярхам Маскоўскім, калі ён прыедзе ва Ўкраіну, каб паразмаўляць з гэтай нагоды?

– Я хацеў бы быць упэўнены, што такое шчырае жаданьне будзе з абодвух бакоў. Што мы сапраўды хочам гэтага. Безумоўна, патрэбныя пэўныя жэсты ...

– Вы асабіста хочаце гэтага?

– Я б ад гэтага не ўцякаў. Толькі ня трэба рабіць перадумоваў. Гэта павінна быць жаданьне абодвух бакоў. Ёсьць такая недарэчная сітуацыя для мяне: чаму былы Патрыярх Маскоўскі не хацеў сустракацца з Папамі (пра цяперашняга ня ведаю)? Ці была б ад гэтага шкода? А памятаеце сустрэчу зьверхнікаў Цэркваў, калі яны сышліся на Сьвятой Зямлі, пацалавалі адзін аднаго і сьвет зьмяніўся? (Гаворка ідзе пра сустрэчу Папы Паўла VI з Усяленскім Патрыярхам Атэнагорам І у 1965 г., калі былі зьнятыя анафемы, якія былі цяжарам над сумленьнем праваслаўных і каталікоў з 1054 г. – «УТ») Вельмі проста. Без страшэнна вялікай дыпламатыі і ўмоваў. Я быў бы вельмі рады сустрэцца з Маскоўскім Патрыярхам, калі б ён гэтага хацеў, або калі б сышліся Патрыярх з Папам бяз сьведкаў у адным пакоі і проста пагаварылі, – ня трэба гэтых фанфараў...

– Але, падобна на тое, што сустрэчы не плануецца...

– Я ня супраць сустрэчы. Добра было б, каб тыя людзі, якіх я прадстаўляю, і тыя людзі, якіх прадстаўляе Патрыярх Кірыл, паверылі ў нашу добрую волю, што мы ня робім гэта дзеля нейкай таемнай мэты. Я б нават з радасьцю сустрэўся з Уладыкам Уладзімірам (зьверхнікам Украінскай праваслаўнай Царквы ў еднасьці з Маскоўскім Патрыярхатам – «УТ»). Аднак сапраўднага водгуку з таго боку няма. Быў адзін, але фармальны. Вы памятаеце, калі гаворка ішла пра прыезд Алексія II ва Ўкраіну. Я тады напісаў, што калі ён едзе адведаць сваіх вернікаў, то я з гэтага цешуся, і быў бы вельмі рады, калі б ён наведаў і мяне. Госпадзе, што пачалося! Хто ён такі, гэты Гузар, што ён Патрыярха запрашае? А чаму нельга? Я не лічу сябе якімсьці супермэнам, але... І вось я цяпер ціха сяджу і думаю, што зараз яны абмяркоўваюць, хто, дзе, на якой прыступцы стаяцьме... Думаю, будзе яшчэ больш пафасна, чым за Алексія II. Прастата, непасрэднасьць была б лепш, без усялякіх закулісных прыгатаваньняў і дамоўленасьцяў.

– Магчыма, гэта адбываецца таму, што праваслаўныя ня хочуць бачыць Патрыяршы Сабор Украінскай Грэка- Каталіцкай Царквы ў Кіеве?..

– А дзе іхні акт прыватызацыі? Я сабе таксама магу сказаць, што гэта зямля маіх бацькоў. Ці ж я меншы ўкраінец, чым хтосьці? Мы не пераехалі ў Кіеў, мы вярнуліся ў Кіеў. Бачыце, да чаго мы даходзім у XXI стагоддзі. Кажам: «гэта кананічная зямля, гэта праваслаўная зямля, гэта мусульманская зямля»... Чаму ня даць кожнаму месца пад сонцам? Ці ж мы камусьці забараняем быць праваслаўным у Львове?

Пра вечнае

– Ваша Блаславенства, цяпер усюды гавораць пра эканамічны крызіс, і ў інтэрв’ю некаторых сьвятароў (і праваслаўных, і грэка- і рыма-каталіцкіх) гучыць зларадзтва – а мы, маўляў, вас папярэджвалі ... Няўжо Царква на самой справе хоча, каб яе верныя хутчэй укленчылі перад Богам, Які карае, чым прагнулі прыйсьці да Бога, Які любіць?

– Гэта фундаментальнае пытаньне. Спаконвеку былі сьвятары, казаньні якіх – бясконцае дакараньне людзей. Да такога казаньня ня трэба доўга рыхтавацца, заўсёды можна знайсьці тое, за што можна іх палаяць. Гэта лягчэй, чым любіць – любоў патрабуе працы, каб рабіць камусьці канкрэтнае дабро, патрабуецца давер да чалавека. Адным словам, трэба сябе перабароць, перамагчы, каб мець магчымасьць любіць. Сапраўдныя хрысьціяне – ня тыя, якія злараднічаюць, а тыя, якія любяць.

– Сацыёлагі сьцьвярджаюць, што людзі больш вераць у рай, чым у пекла. Яны схільныя больш верыць у добрыя ўзнагароды, чым у злую адплату. Чаму?

– Чаму цяжка верыць у пекла? Бо гэта ёсьць вечная кара нам, людзям. Спалучыць любоў, міласэрнасьць Божую з паняцьцем вечнае кары – гэта з таго, што мы бясьсільныя цалкам зразумець. Так, усё залежыць ад Бога, але чалавек таксама адказны. Госпад стварыў нас свабоднымі. Ніхто так не паважае нашай свабоды, як Бог. Але мы ня маем адвагі быць свабоднымі. Таму што быць свабодным – гэта значыць быць адказным. Мы гаворым пра свабоду, цешымся свабодаю, жадаем свабоды, падкрэсьліваем сваё жаданьне свабоды, але на самой справе баімся яе. Мы хочам сябе крыху забясьпечыць: я іду супраць волі Божай, але ж Ён мяне любіць і гэта, так бы мовіць, скрозь пальцы прапусьціць. Гэты самападман і ёсьць страхам перад свабодай.

– Яшчэ адно неспасьцігальнае, Уладыка. Многія хрысьціяне ня здольныя ўсьвядоміць: няўжо мільярды людзей, якія не зьяўляюцца хрысьціянамі, ня збавяцца? Другі Ватыканскі Сабор ня даў канчатковага адказу на гэтае пытаньне. Ня толькі для звычайных людзей, але і для багасловаў гэтае пытаньне – ці ёсьць ісьціна і збаўленьне па-за межамі хрысьціянства – вельмі цяжкае...

– Тут мы стаім перад таямніцаю Провіду Божага. І мы не павінны спрабаваць быць Богам. Бог ведае, што робіць. Ён мог бы так зрабіць, каб у нейкі такі цудоўны спосаб у адзін добры дзень уся зямная куля раптам атрымала б сьвятло, і ўсе народы, усе людзі, дзе б яны ні былі, раптам былі б прасьветленыя – Месія зьявіўся. Але Госпад Бог чамусьці гэтага не зрабіў. Ён прыйшоў, зрабіў Сваю місію, Яго ўкрыжавалі на крыжы, і Ён скончыў Сваё жыцьцё словам «зьдзейсьнілася» – гэта значыць Мая місія скончана, Я зрабіў тое, што павінен быў зрабіць. Але Ён пакідае Царкву, зьбірае групу людзей і кажа ім – ідзіце па ўсім сьвеце, распавядайце, што бачылі і чулі. І яны пайшлі – Царква з таго часу і да самага канца сьвету мае гэтае заданьне: ісьці і прапаведаваць. Гасподзь дзейнічае ў такі спосаб, які мы, людзі, не разумеем. Мы пытаемся, чаму ў велізарным Кітаі шмат людзей, якія нават ня чулі слова «Хрыстос». Чаму Госпад Бог дазваляе, каб у Еўропе, дзе хрысьціянства мае такую гісторыю, былі людзі, якія чулі пра Ісуса Хрыста, але не зразумелі, Кім Ён ёсьць. Мы ня ведаем, чаму Госпад Бог гэта дазваляе. І мы задаем сабе пытаньне – няўжо ўсе людзі, да якіх яшчэ не дайшла навука Хрыстова, якія яшчэ не прынялі Хрыста, якія яшчэ не ахрышчаныя, – няўжо яны ўсе аўтаматычна асуджаныя на пагібель, на вечную кару? Але кара за што? Якая іх віна? Ісус Хрыстос сказаў – хто ня ёсьць ахрышчаным, ня можа быць збаўленым. Той, хто спазнаў Хрыста, але не ўспрыняў Яго, той сьвядома адхіліў збаўленьне, але той, хто не спазнаў, той ня мог адкінуць, таму за што ж яго караць? Але толькі Госпад Бог зьяўляецца Ўладаром сьвету і ведае, што і навошта Ён робіць. І Ён нікога без віны не карае. Як Ён гэта робіць, мы ня ведаем. Нашае чалавечае ўяўленьне тут адпачывае. Мы стаім перад вялікаю таямніцаю, якая ёсьць Божаю таямніцаю. Але няма ніякага сумневу, што Госпад Бог хоча, каб усе збавіліся. Кожнага з нас Бог любіць індывідуальна, моцна і асабліва.

Пераклад з украінскай
І.Бараноўскага

"Український тиждень", № 20 (81), 22.05.2009.
Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)