Царква
Няскора ўчыняецца суд над благімі справамі; таму не баіцца сэрца сыноў чалавечых чыніць ліхату
(Кніга Эклезіяста 8:11)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (63), 2009


Навіны хрысьціянскага сьвету

У Вільні памёр адзіны грэка-каталіцкі сьвятар-беларус

7 сьнежня 2009 году пасьля аперацыі на сэрцы на 57-ым годзе жыцьця супачыў у Госпадзе а. Ян Даўкшыс – адзіны грэка-каталіцкі сьвятар-беларус, які працаваў у Літве.

Айцец Ян Даўкшыс паходзіў з каталіцкай сям’і Вацлава і Яніны Даўкшысаў, што жылі на беларуска-літоўскім памежжы. Нарадзіўся ён 19 жніўня 1952 году ў вёсцы Куклі Воранаўскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Быў старэйшым сярод чатырох дзяцей у сям’і (меў брата Мар’яна-Тадэвуша і дзьве сястры – Гэлену і Тэрэзу). Пасьля заканчэньня 8 класаў мясцовай сельскай школы пераехаў у Вільню, дзе скончыў школу і стаў маляром-тынкоўшчыкам. У гэты час прыслугоўваў у касьцёле сьв. апосталаў Пятра і Паўла, пазнаёміўся там з ксяндзом прафесарам Кучынскім.

Маючы вялікае жаданьне служыць Богу ў часы, калі ў СССР праводзілася дзяржаўная атэістычная палітыка, быў татальны кантроль і атрымаць дазвол на паступленьне ў каталіцкую семінарыю было ўжо практычна немагчыма, у 1972 годзе Ян Дакшыс паступіў у Ленінградзкую духоўную семінарыю, якой апекаваўся тады вялікі прыхільнік экуменізму і супрацоўніцтва з Каталіцкай Царквой мітрапаліт Нікадзім (Ротаў). У 1977 годзе Ян Даўкшыс стаў сьвятаром. У 1989-1995 гг. ён служыў настаяцелем царквы сьвятых Віленскіх мучанікаў Антона, Яна і Яўстаха ў г. Таўраге, што на захадзе Літвы.

Калі пасьля распаду СССР Каталіцкая Царква ўсходняга абраду выйшла з падпольля і пачала аднаўляць свае структуры, ён адразу вырашыў вярнуцца ў каталіцтва, і 1 чэрвеня 1995 году быў прыняты ўкраінскім грэка-каталіцкім біскупам Сафронам Дмытэркам, ЧСВВ у Каталіцкую Царкву.

Пасьля пераходу ў Каталіцкую Царкву а. Ян служыў у Літве для беларусаў і іншых грэка-католікаў у Вільні ў славутай царкве Сьвятой Тройцы, што ў Базыльянскіх мурах, дзе некалі пачынаў сваё служэньне сьв. Язафат. Таксама ён езьдзіў у Каўнас, дзе ў касьцёле ў першую нядзелю кожнага месяца служыў для невялікай суполкі беларускіх уніятаў. Калі віленская грамада беларусаў адзначала памятныя даты беларускай гісторыі, ён служыў набажэнствы за Беларусь і за беларускі народ.

Паводле ўспамінаў і сьведчаньняў сваякоў, сьвятароў і блізкіх яму людзей, а. Ян быў сьціплым, велікадушным, незлапамятным, заўсёды радасным і шчырым чалавекам, які заўсёды і без усякіх умоваў імкнуўся бескарысьліва дапамагаць тым, хто ў патрэбе, нягледзячы на асобу, а шукаючы вобраз і падабенства Божае ў чалавеку. Ён умеў прабачаць даўгі і крыўды, якія часта сам зазнаваў ад іншых. Заўсёды адгукаўся на любую патрэбу і быў хуткі на дапамогу.

Я меў адзіную сустрэчу з а. Янам Даўкшысам сёлета, на сьвяткаваньні дня памяці сьв. Язафата ў Вільні. Для мяне асабіста ён запомніўся чалавекам дапытлівым, разумным. Ён вельмі зацікавіўся прывезенай мною кніжкай “Эпісталяцыя сьв. Язафата”, падрыхтаванай у Полацку М. Баўтовічам, якую я адразу яму падараваў, бачачы ягоную шчырую і непадробную цікаўнасьць да новага. Паводле словаў а. Паўла Яхімца з базыльянскага манастыра Сьвятой Тройцы ў Вільні, айцец Ян сапраўды адрозьніваўся адукаванасьцю, інтэлегентнасьцю, але ніколі не імкнуўся паказаць нейкую вышэйшасьць перад іншымі.

9 сьнежя 2009 году Боскую Літургію ў царкве Сьвятой Тройцы і пахаваньне айца Яна ўзначаліў ераманах а. Павел Яхімец, ЧСВВ. У пахаваньні сьвятара-беларуса ўдзельнічалі прадстаўнікі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы а. Аляксандар Шаўцоў з Полацку і яго жонка Тацяна. Быў таксама даўні сябра а. Яна (яшчэ з часоў яго служэньня настаяцелем у праваслаўнай царкве) рыма-каталіцкі сьвятар а. Леанід Будр’юс з Шаўляя.

Пахаваны а. Ян Даўкшыс на Кальварыйскіх могілках у Вільні.

а. Аляксандар Шаўцоў,

г. Полацак

Гэты артыкул чыталі 14 разоў (-ы)