Царква
Хто за дабро плаціць злом, ад дома таго не адыдзецца зло
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 17:13)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (64), 2010

Парафіяльнае жыцьцё

Сьвята ў Гомелі

Гомельская парафія Трох сьвяціцеляў Васіля Вялікага, Яна Залатавуснага і Рыгора Багаслова, памяць якіх узгадваецца 30 студзеня, адна з першых грэка-каталіцкіх парафіяў, якая аднавіла сваю дзейнасьць у Беларусі на пачатку 1990-ых гадоў.

Ужо стала добрай традыцыяй на адпустовыя сьвяты запрашаць вернікаў з іншых парафіяў. У гэтым годзе далучыліся да сьвяткаваньня ў Гомелі прадстаўнікі менскіх парафіяў. Сьвяточную Боскую Літургію ўзначаліў а. Васіль Ягораў. Саслужыў з ім айцец протапрасвітар Зьміцер Грышан.

У казані а. Зьміцер адзначыў, што штогадовае сьвята Трох сьвяціцеляў – нібы экзамен для парафіі. Ён адзначыў, што экзамен у духоўным жыцьці не падобны да экзаменаў у навучальнай установе, але паказвае, наколькі чалавек становіцца сьведкам сьвятасьці. Для гомельскіх вернікаў асаблівым прыкладам сьвятасьці зьяўляюцца Васіль Вялікі, Ян Залатавусны і Рыгор Багаслоў. Грэка-каталіцкая парафія ў Гомелі, якая ўжо шмат гадоў ня мае сталага душпастыра, уяўляе сабой прыклад надзеі для Царквы. Нягледзячы на цяжкія варункі, парафія ня толькі не перастала існаваць, але і патроху павялічваецца.

Варта адзначыць, што сёлетняе сьвята парафіі праходзіла ў Год сьвятарства, які адзначаецца ў Каталіцкай Царкве, а сьвятыя Васіль, Ян і Рыгор ёсьць прыкладамі сьвятарскага служэньня. Таму малітва ў гомельскай парафіі Трох сьвяціцеляў мела асаблівае значэньне, як малітва за сьвятароў усёй нашай Царквы.

Віншуем таксама двух маладых вернікаў, якія ў час парафіяльнага сьвята першы раз прынялі сьвятыя Тайны Цела і Крыві Госпада нашага Ісуса Хрыста..

Пасьля багаслужбы была традыцыйная агапа, падчас якой вернікі і сьвятары маглі паразмаўляць і падзяліцца навінамі.

Паводле Svjazep.org


• Ікона Трох сьвяціцеляў: сьвятыя Васіль Вялікі, Рыгор Багаслоў, Ян Златавуст. Другая палова 18 ст., з царквы ў м. Шарашова Пружанскага р-ну.

Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)