Царква
Бог гордым супрацівіцца, а пакорным дае мілату
(Саборнае Пасланьне Сьв.Ап. Якава 4:6)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (65), 2010

Царква і грамадзтва

Анатоль Сідарэвіч

Рэлігія як дадатак для “дзяржаўнай ідэалогіі”

За палітычнымі падзеямі ў Беларусі (налёты, хапуны, падрыхтоўка да прэзідэнцкіх выбараў) і навонках яе (Саюзная дзяржава, Мытны саюз) неяк незаўважна для грамадзтва прайшлі XVI Кірыла-Мятодаўскія чытаньні, прысьвечаныя ўвядзеньню ў школах новага прадмету – рэлігійнай культуры. Між тым “Зьвязда” прысьвяціла гэтай падзеі нямала месца ў нумары за 27 траўня. Карэспандэнтка газеты Вольга Мядзьведзева гутарыла пра новы навучальны прадмет з Рыгорам Даўгялам – першым намесьнікам старшыні Міжнароднага грамадзкага аб'яднаньня “Хрысьціянскі адукацыйны цэнтр імя сьвятых Мятода і Кірылы”, кіраўніком Цэнтра міжнародных сувязяў і разьвіцьця багаслоўскай адукацыі Інстытута тэалогіі БДУ Рыгорам Даўгялам. У наступных нумарах на гэтую тэму пісалі іншыя супрацоўнікі “Зьвязды”.

Адразу падзякуем Вользе Мядзьведзевай і яе суразмоўцу за адкрытасьць і лагічныя няўвязкі, якія паказваюць і сам працэс ўвядзеньня новага прадмету, і яго скіраванасьць.

ЭКСЬПЕРЫМЕНТ З ПРАДВЫЗНАЧАНЫМ ВЫНІКАМ

Кажучы пра тое, што цяпер прадмет “рэлігійная культура” выкладаецца факультатыўна, Рыгор Даўгяла прапануе паставіць эксперымент: тры гады выкладаць яго “ў некалькіх школах кожнага з абласных цэнтраў і ў некалькіх школах кожнай вобласьці на перыферыі”. На працягу гэтых трох гадоў былі б падрэдагаваныя вучэбныя планы і падручнікі – і прадмет можна было б запускаць ва ўсе школы краіны. Вось так.

Рыгор Даўгяла робіць два адкрыцьці. Аказваецца, грошы на ўвядзеньне новага прадметау ёсьць (а яшчэ нядаўна, скарачалі тэрмін навучаньня школах). І “рэальнай перагружанасьці дзяцей у школе няма” (а яшчэ нядаўна гэтак шмат пра яе гаварылі). Мала таго, Рыгор Даўгяла сьцьвярджае, што бацькі нават скардзяцца “на скарачэньне шэрагу дысцыплін”. Я, як былы настаўнік гісторыі, згодны з гэтымі бацькамі. У выніку рэформаў Замяталіна-Радзькова адбылася прымітывізацыя курсаў усеагульнай і айчыннай гісторыі. Храналагічна большая частка таго, што я выкладаў у савецкай школе ў VIII-X класах, цяпер зьведзена ў адзін тонкі падручнік усеагульнай гісторыі для Х класу, і вучні сапраўды “праходзяць” гісторыю “галопом по Европам”. Таму і ня дзіўна, што выпускнікі школ з добрымі адзнакамі ў атэстатах ня ведаюць элементарных фактаў. І вось, ідучы, насустрач пажаданьням бацькоў, Міністэрства адукацыі вырашыла дагрузіць вучняў... не, не гісторыяй, не матэматыкай і фізікай, а прадметам “рэлігійная культура”.

Чаму? Адказ на гэтае пытаньне будзе пазьней.

ПРА МАНАПОЛІЮ І АЛІГАПОЛІЮ

Рыгор Даўгяла паведамляе чытачам, што пытаньне пра ўвядзеньне новага прадмету ў школах абмяркоўвалася неаднакроць “у рамках пасяджэньняў сумеснага каардынацыйнага савета Міністэрства адукацыі і Беларускай праваслаўнай царквы”. Пра ўдзел у гэтых абмеркаваньнях прадстаўнікоў абодвух абрадаў Каталіцкай Царквы, пратэстанцкіх цэркваў, юдэяў, мусульманаў, крышнаітаў ня сказана ані слова. Вынікам абмеркаваьньняў за зачыненымі дзьвярамі “стала зьяўленьне факультатыўных курсаў з зацьверджанымі планамі”. Гэтыя курсы (“Асновы праваслаўнай культуры”, “Духоўныя асновы культуры” ды “Культура і рэлігія”) уведзены “ў шэрагу школ Менску і Менскай вобласьці”.

Няхай чытача ня ўводзяць у зман словы “духоўныя асновы культуры”, бо з усяе гутаркі вынікае, што манаполіяй на духоўнасьць валодае толькі Царква. Менавіта Царква, а ня Цэрквы.

Праўда, недзе ў сярэдзіне публікацыі, Рыгор Даўгяла спахапіўся і заявіў: “Мы ня кажам пра нейкую манаполію. Размова ідзе пра тое, што ў Беларусі неабходна стварыць сістэму, у якой маглі б рэалізаваць свае адукацыйныя праграмы ўсе гістарычныя рэлігіі і канфесіі”.

Па Канстытуцыі ў нас усе веравызнаньні роўныя, але насамрэч – гэта ня так. Дзяржава і яе партнёр – Беларускі Экзархат Расейскай Праваслаўнай Царквы – ня лічаць носьбітам духоўнасьці гэтак званыя негістарычныя рэлігіі і канфесіі (напрыклад, неапратэстантаў). Невялікая будзе рызыка, калі скажу, што ў лік падазроных дзяржава і Экзархат залічваюць таксама евангельскіх хрысьціянаў баптыстаў і хрысьціянаў веры евангельскай (пяцідзясятнікаў). Тут дарэчы нагадаць, што сказаў першы чыноўнік Рэспублікі, калі даведаўся, што адзін міліцэйскі афіцэр стаў баптыстам, г. зн. адмовіўся піць, курыць, мацюкацца і, эвентуальна, браць хабар.

У лепшым разе на прадмет “рэлігійная культура” ў нашай школе можа быць уведзена праваслаўна-каталіцкая алігаполія (пры гэтым сумняваюся, што нейкія дывідэнды атрымаюць грэка-католікі).

ДУХОЎНАЯ ЦІ ЦАРКОЎНАЯ АДУКАЦЫЯ?

Рыгор Даўгяла некалькі разоў ужывае паняцьце “духоўная адукацыя”. Але ён кажа, што выкладаць новы прадмет павінны людзі, якія “атрымалі, умоўна кажучы, двайны сертыфікат: і дзяржавы, і Царквы, ад імя якой урокі заяўленыя”.

Такім чынам, мы маем падмену паняцьцяў: духоўнае атаясамлена з рэлігійным, а рэлігійнае – з дзяржаўна-царкоўным. Атрымліваецца, што па-за дзяржавай і рэлігійнымі аб'яднаньнямі і незалежна ад іх духоўнасьць немагчымая і духоўныя каштоўнасьці не ствараюцца.

Як быць з Сакратам і Сэнекам? Куды падзець Платона і Арыстоцеля? Што рабіць з багатым пластом арэлігійнага мастацтва, арэлігійнай літаратуры? Ці будзем паліць кнігі Бертрана Расела? Ці выкасуем з праграмаў Льва Талстога і аўтара апавяданьня “Анафема” Аляксандра Купрына?

Рыгор Даўгяла і тыя, хто стаіць за яго спіной, мабыць, не разумеюць, да якога абсурду яны дадумаліся. Акрамя таго, прама ці ўскосна яны прызнаюць, што ўрокі літаратуры, гісторыі, выяўленчага мастацтва, музыкі і сьпеваў у сучаснай школе не працуюць на фармаваньне высокадухоўнага, культурнага чалавека, што ў сучасанай школе сапраўды няма духоўнага выхаваньня. Але дзе гарантыя, што выкладчыкі рэлігіі (перапрашаю: рэлігійнай культуры) не спрафануюць у вучнёўскіх вачах і самога Хрыста і ня выклічуць агіду да рэлігіі?

ЯК ГАРАНТАВАЦЬ ГУМАНІТАРНУЮ БЯСЬПЕКУ

Чаму ж дзяржава і Беларускі Экзархат РПЦ гэтак настойліва хочуць прасунуць у школу новы прадмет? З публікацыі ў “Зьвязьдзе” мы даведваемся, што дзяржаве пагражае гуманітарная небясьпека. Сьвет глабалізуецца, адбываецца дыфузія культур, і беларусам пагражае страта свайго твару.

Што такое твар нацыі? Ці не яе мова і культура? І хто за апошнія шаснаццаць гадоў прыклаў шмат намаганьняў, каб пазбавіць нас нашага твару, зрабіць нас расейцамі са знакам “плюс”? Калі верыць Рыгору Даўгялу, твар нацыі – гэта выключна ці амаль выключна яе традыцыйная рэлігійнасьць. Пры гэтым Рыгор Даўгяла не тлумачыць нам, што такое традыцыйная рэлігійнасьць беларусаў. Мы можам толькі здагадвацца пра зьмест гэтага паняцьця.

Ясна адно: глабалізацыі, інтэрнацыяналізацыі баяцца не Каталіцкая Царква, якая па вызначэньні зьяўляецца сусьветнай, інтэрнацыянальнай, не пратэстанцкія цэрквы, якія маюць моцныя сувязі са сваімі сёстрамі ва ўсім сьвеце.

У Каталіцкай Царкве нельга стаць сьвятаром пасьля кароткатэрміновых курсаў, нельга вучыцца на сьвятара завочна. Многія рыма-каталіцкія і ўсе грэка-каталіцкія сьвятары падрыхтаваныя за мяжою, а многія дапаўняюць там сваю адукацыю. У Беларусі, бадай, ня знойдзеш такой каталіцкай парафіі, пры якой не працуе нядзельная школка. Вучаць і сьвятары, і манахіні, а ў Баранавічах адмысловы каледж рыхтуе катэхізатараў. Да першай споведзі дзеці атрымліваюць агульнае ўяўленьне пра асновы веры. Абрад канфірмацыі ў рыма-католікаў змушае працягваць рэлігійную адукацыю моладзі і нават сталых людзей. Акрамя таго, адукацыі вернікаў спрыяюць рэкалекцыі.

Што да пратэстантаў, то, бадай, кожны баптыст ці пяцідзясятнік зьяўляецца адначасна місіянерам. Пратэстанцкія цэрквы парупіліся стварыць свае навучальныя ўстановы ў Беларусі і вучаць будучых прапаведнікаў, дыяканаў і прасьвітараў за мяжою.

Ведаю, што добра наладжана рэлігійная адукацыя юных юдэяў.

Уводзячы новы прадмет у школах, дзяржава хоча дапамагчы праваслаўнаму духавенству з РПЦ у справе рэлігійнага навучаньня, бо яно ня вельмі спраўляецца з гэтым сваім абавязкам. Відаць таксама, што рэлігія разглядаецца ўладаю як частка “дзяржаўнай ідэалогіі” і дзяржава хоча ўзяць пад свой татальны ўплыў (і кантроль) рэлігійнае навучаньне. Вось гэта і будзе называцца гуманітарнай бясьпекай.

У ЧЫМ НЕБЯСЬПЕКА

Рыгор Даўгяла спрабуе “ўвінціць” нам у галаву, што рэлігійнае навучаньне ў дзяржаўнай школе – нармальная рэч. Ён неяк забывае, што Царква у нас аддзеленая ад дзяржавы, а школа – ад Царквы. Ён дае нам прыклад рэлігійнага выхаваньня ў Нямеччыне, забываючы пры гэтым, што Нямеччына – дэмакратычная краіна. Ён піша, што ў час нейкага ток-шоу 88 адсоткаў гледачоў выказаліся за духоўную адукацыю. За ДУХОЎНУЮ, а не рэлігійную. Колькі людзей у нас выступаюць за рэлігійную адукацыю, паказала б увядзеньне – па прыкладу тае ж Нямеччыны – царкоўнага падатку, калі б праваслаўныя вернікі праз дзяржаву давалі б свае грошы на карысьць Праваслаўнай Царквы, рыма-католікі – на карысьць Рыма-Каталіцкай і г. д. Кажучы, што дзяржава ў Нямеччыне ўтрымлівае багаслоўскія факультэты, Рыгор Даўгяла забывае, што грошы на іх утрыманьне ідуць з гэтага падатку, ад юрыдычных і прыватных асобаў. У нас жа на ўтрыманьне Інстытута тэалогіі пры БДУ, рэктарам якога зьяўляецца праваслаўны мітрапаліт, грошы бяруць і з католікаў, і з пратэстантаў, і з атэістаў (у Нямеччыне неўцаркоўленыя царкоўны падатак ня плацяць).

Быць вернікам ці атэістам – справа кожнага асобнага чалавека. Прыярытэтнае права ў рэлігійным навучаньні і выхаваньні дзяцей павінна перш-наперш належаць сям’і. І гэтае права замацавана ва Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Хадзіць дзіцяці на ўрокі рэлігійнай культуры ці не, павінны вырашаць бацькі.

У сьвецкай школе, дзе няма ніякіх урокаў рэлігійнай культуры, Каці, Дзімы, Уладзікі і Яні ня дзеляцца на дзяцей рэлігійных бацькоў і дзяцей атэістаў. Калі ж увядуць урокі гэтае самае культуры, дзеці будуць падзеленыя. І тут мы бачым першую небясьпеку. Але мала таго: дзеці юдэяў, мусульманаў, католікаў і пратэстантаў не абавязаныя выслухоўваць “асновы праваслаўнай культуры”. Значыць, у той час, як дзеці праваслаўных бацькоў будуць слухаць “асновы”, дзеці іншаверцаў будуць басяцца па калідорах? Ці будуць недзе паралельна слухаць “асновы каталіцкай (юдэйскай, ісламскай, баптысцкай, пяцідзясятніцкай, крышнаіцкай) культуры”? Гэтак вынікае другая небясьпека.

Калі цяпер рэлігія зьяўляецца прыватнай справай дзяцей і бацькоў, пасьля ўвядзеньня ў школах гэтае самае “культуры” яна стане публічнай. Дзяцей падзеляць на праваслаўных, католікаў, пратэстантаў, юдэяў, мусульманаў і г. д. І абавязкова зьявяцца пакрыўджаныя на рэлігійнай глебе. Бо хто будзе выкладаць у школе гэтыя самыя “асновы” католікам, пратэстантам, юдэям, мусульманам, калі ў школе, дзе ёсьць вучні-католікі і вучні-пратэстанты, юдэі і мусульмане, няма належным чынам падрыхтаванага настаўніка адпаведнага веравызнаньня?

Рэлігія можа яднаць людзей. Але ў поліканфесійнай краіне яна можа стаць чыньнікам разьяднаньня грамадзянаў. Асабліва тады, калі ў справы сумленьня ўлазіць аўтарытарная дзяржава. Калі яна пачынае фаварызаваць адныя веравызнаньні і рознымі спосабамі абмяжоўваць іншыя.

Парушаючы прынцыпы аддзяленьня Царквы ад дзяржавы, а школы – ад Царквы, беручы пад свой уплыў (кантроль) рэлігійную адукацыю і выхаваньне моладзі, дзяржава ўносіць яшчэ адзін падзел у грамадзянскую супольнасьць. Гэты раскол выгадны цяперашняй уладзе, але гэты раскол на шмат гадоў затрымае фармаваньне беларускай нацыі. Зрэшты фармаваньне беларускай нацыі ў інтарэсы цяпершняй улады не ўваходзіць. Для яе больш важна кантраляваць усіх і ўсё.

Гэты артыкул чыталі 37 разоў (-ы)