Царква
I вось убачыў я, што няма нічога лепшага чалавеку, як радавацца з учынкаў сваіх: бо гэта - доля яго; хто ж бо яго прывядзе паглядзець на тое, што пасьля яго будзе?
(Кніга Эклезіяста 3:22)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (52), 2007

Лiтургiчныя традыцыi Вялiкага чацьвяргу

Як Вялiкi пост займае асаблiвае месца ў лiтургiчным царкоўным годзе, так i Вялiкi чацьвер займае, пэўна, асаблiвае месца ў самiм посьце, зважаючы на важнасьць i велiч таго, што адбывалася ў гэты дзень у Ерусалiме дзьве тысячы гадоў таму i ў Царкве Хрыстовай сёньня.

Для ўсiх хрысьцiянаў, не зважаючы на iх канфесiйную прыналежнасьць, Вялiкi чацьвер – гэта ўспамiн Тайнай вячэры – Апошняй вячэры Госпада нашага Iсуса Хрыста з апосталамi. Вячэры, на якой была ўстаноўлена Таямнiца Прычасьця Цела i Крывi Госпада i якая была фактычна першай Лiтургiяй, першай Еўхарыстыяй. Да поўнi Еўхарыстыi яшчэ неабходна было перажыць цярпеньнi i мукi Хрыстовыя Вялiкай пятнiцы, знаходжаньне ў магiле Вялiкай суботы, слаўнае ўваскрасеньне Вялiкадня, Узьнясеньне Гасподняе i Зыход Сьвятога Духа. Але сама Тайная Вячэра мiстычна ўжо ўключала ў сябе тое, што адбылося пасьля яе, яна была правобразам усiх збавенных i важных падзеяў, якiя спрычынiлiся да нараджэньня Царквы Хрыстовае i Еўхарыстыi ў Ёй, як бачнага элементу сувязi Царквы з Яе Госпадам, Нявесты з Яе Жанiхом.

У Вялiкi чацьвер сьвятая Лiтургiя служыцца ўвечары, па вобразу Тайнае вячэры, i часта яднаецца з вячэрняй. Падчас багаслужэньня сымбалiчна ўзгадваюцца ўсе падзеi, якiя адбывалiся ў той першы Вялiкi чацьвер: абмываньне ног апосталаў, пасхальная вячэра, Прычасьце Цела i Крывi, малiтва ў Гэтсiманii, здрада Юды, арышт Iсуса, патройнае адрачэньне Пятра. Царква ў асаблiвы спосаб узгадвае i перажывае гэтыя цяжкiя падзеi ды скiроўвае наш позiрк далей – да сьветлага сьвята Ўваскрасеньня.

З традыцыяў Вялiкага чацьвяргу асаблiвую ўвагу прыцягваюць два старажытныя абрады: абрад абмываньня ног i абрад прыгатаваньня сьвятога мiра, сьпецыяльнага алею з пахошчамi, якi ўжываецца ў таямнiцы мiрапамазаньня. У той час, калi першы абрад – абмываньня ног – могуць праводзiць ня толькi бiскупы (хаця i склалася пэўная практыка), другi звычайна зьдзяйсьняе толькi патрыярх лакальнае Царквы, ад якога потым гэтае мiра атрымлiваюць усе бiскупы, а праз iх – для служэньня таямнiцаў – усе сьвятары.

Каб глянуць больш уважлiва на абрад абмываньня ног, зьвернемся да сьведчаньня Яна Касьяна Рымлянiна, якi ў 5 стагоддзi апiсаў традыцыi палестынскiх манастыроў, адкуль i прынёс правiлы манаскага жыцьця на Захад. Ён пiсаў, што ў манастырах Палестыны iснаваў абрад абмываньня ног па прыкладу, учыненага нашым Госпадам. Абрад той зьдзяйсьнялi простыя манахi, адзiн аднаму, i ён не залежаў ад дня й выконваўся даволi часта. Менавiта з такiх першасных традыцыяў з цягам часу i сфараваўся сучасны сымбалiчна-рэальны абрад Вялiкага чацьвяргу.

У нашыя днi штогод у Ерусалiме, у двары Храму Гроба Гасподняга, учынак Хрыста паўтарае Ерусалiмскi Патрыярх; у Рыме, у катэдральным саборы сьв.Яна на Латэране, – Папа Рымскi; у Львове – Вярхоўны Архiбiскуп УГКЦ. Таксама шматлiкiя iншыя патрыярхi й бiскупы ўсяго сьвету паўтараюць гэты ўчынак, iдучы за словамi Хрыста: "Дык вось, калi Я, Гасподзь i Настаўнiк, абмыў ногi вам, дык i вы павiнны абмываць ногi адзiн аднаму: бо Я даў вам прыклад, каб i вы рабiлi тое самае, што Я зрабiў вам" (Ян 13:14-15).

Уласна чын абмываньня ног можа адрозьнiвацца ў дробязях у розных мясцовых традыцыях. Каб уявiць сабе, як гэта адбываецца, возьмем за прыклад канкрэтны чын, якi зьдзяйсьняецца ва Ўсходняй Калегii г. Айхштэт, куды ён трапiў з некаторых манастыроў Усходу.

Увечары, звычайна перад сьв. Лiтургiяй, у трапезным храме, зьбiраецца мясцовая еўхарыстыйная супольнасьць. Рэктар (можа быць бiскуп цi парах, калi служыцца на парафii), як галава гэтай супольнасьцi, сымбалiзуе Хрыста й сядзiць у цэнтры ў богаслужбовай вопратцы. З кожнага боку сядзяць па 6 "апосталаў", якiх прадстаўляюць вернiкi з супольнасьцi (калi служыць бiскуп – вельмi часта ў якасьцi апосталаў бываюць сьвятары). Па правай руцэ таго, хто ўзначальвае чын, сядзiць "Юда", па левай – апошнi пры абыходзе падчас абраду абмываньня – "апостал Пётр". Дыякан на амбоне сымбалiзуе евангелiста ды чытае адпаведныя ўрыўкi з Евангельляў.

Асноўная частка гэтага абраду – гэта чытаньне Евангельляў "па ролях" ды само абмываньне ног. Пасьля ўступных трапароў, лiтанiяў, псальмаў 50 i 142, чытаецца першае евангельскае чытаньне, складзенае з розных размоваў Iсуса з вучнямi на падыходзе да Ерусалiму i на пачатку Апошняе вячэры (Мк 10:32-45, 29-31; Ян 14:2-12 i iнш.). Дыякан у гэты час чытае словы евангелiста, як напрыклад, "I спытаў Пiлiп" цi "I сказаў Iсус". А пасьля гэтага словы Хрыста i пытаньнi апосталаў чытаюць тыя, хто прадстаўляе iх. Атрымлiваецца падабенства рэальнага дыялогу памiж удзельнiкамi, якiя сядзяць ля стала. У гэтай частцы ўзгадваюцца вельмi важныя словы Iсуса пра тое, што мае адбыцца, пра тых, хто пакiдае ўсё i iдзе за Госпадам, i што iх чакае ў жыцьцi вечным. Гэта размова пра Чашу, якую вучнi будуць таксама пiць, пра здраду аднаго з вучняў, пра распазнаваньне знакаў часу, па якiм можна пазнаць дзень Гасподнi.

Пасьля ўзгадваньня (што па-лiтургiйнаму называецца "анамнеза") чытаецца другое Евангельле – уласна гiсторыя абмываньня ног вучняў (Ян 13:1-15). У гэты час большасьць тэксту чытае дыякан, а сьвятар (цi бiскуп) падобна, як Iсус Хрыстос, робiць усё, што чытаецца паводле згаданых урыўкаў з Евангельля: устае, здымае верхнюю вопратку, застаючыся ў белым падрызьнiку, падпярэзваецца доўгiм рушнiком, налiвае ваду ў мыйнiцу i пачынае па чарзе абмываць ногi тым, хто выступае ў ролi апосталаў, ды абцiрае iх рушнiком. Робiць гэта, пачынаючы ад Юды, i заканчвае мыць ногi ў апостала Пятра, з якiм мае памятную размову пра ягонае нежаданьне, каб Сам Iсус абмываў яму ногi. Гэтая частка сканчваецца важнымi словамi: "Я даў вам прыклад, каб i вы рабiлi тое самае, што Я зрабiў вам".

Трэцяе Евангельле – гэта сцэна малiтвы ў Алiўным садзе, калi апосталы тройчы засыналi падчас малiтвы Iсуса (Мц 26:36-46). Iсус кажа ў гэтым урыўку выразна: "Дух бадзёры, а цела слабое" i "Ойча, калi ня можа абысьцi Мяне гэтая чаша, каб Мне ня пiць з яе, то няхай будзе воля Твая".

Якi ж сэнс мае гэты момант, чаму Царква вынесла яго ў асаблiвы абрад? Здавалася б, наш Збавiцель ужо нямала паказаў вялiкiх цудаў, шмат растлумачыў прыпавесьцяў, але гэтага было яшчэ мала, апосталы патрабавалi яшчэ й iншага навучаньня праз даволi дзiўны для iх разуменьня ўчынак – абмываньне ног вучняў. Потым, як i з прыпавесьцямi, Хрыстос патлумачыць, што хоча ня толькi навучыць iх пакоры, але й паказаць прыклад сапраўднай пакоры. Паказаць жывы й яскравы прыклад, як Бог i Сын Божы абмывае ногi сваiм дзецям, як Творца абмывае ногi свайму стварэньню, як Збаўца ўпакорваецца перад тымi, каго прыйшоў збавiць. Словамi "Як Я зрабiў вам, так i вы павiнны рабiць адзiн аднаму", Хрыстос заклiкае апосталаў насьледаваць Яму, каб так, як Ён упакорыўся перад iмi, так i яны ставiлiся да братоў, як Ён змыў бруд з iх ног, каб так i яны ў пакоры насiлi цяжары адзiн аднаго, прабачалi, падтрымлiвалi.

Вельмi блiзка да гэтага стаяць i шматлiкiя iншыя словы Iсуса пра ўнутранае ачышчэньне, пра чысьцiню думак, пра чысьцiню адносiнаў. Гэткае разуменьне чысьцiнi знайшло адлюстраваньне ў народнай назьве гэтага памятнага дня – Чысты чацьвер. У гэты дзень нашыя продкi ачышчалiся ня толькi вонкава – ходзячы ў лазьню, але i ўнутрана – праз споведзь, да якой актыўна iшлi менавiта ў гэты дзень. Айцы Царквы разумелi, што чалавек мусiць прыйсьцi да вялiкага сьвята Ўваскрасеньня Хрыстовага цалкам чыстым: унутрана i вонкава, целам i духам. Бо гэтае сьвята – Сьвята ўсiх сьвятаў i ўвайсьцi да яго трэба падрыхтаваным.

iпадыякан Алесь Аўдзяюк


Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)