Царква
Не кажы: «чаму гэта колісь было лепей, чым сёньня?» - не зь вялікага розуму ты папытаўся пра гэта
(Кніга Эклезіяста 7:10)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (53), 2007

“Вялікая цішыня” і “Востраў” –
сустрэча Захаду з Усходам
Два фільмы пра нябачную рэчаіснасьць

Пасьля фільму “Цярпеньні Хрыстовы” Мэла Гібсана ў апошні час зьявіліся яшчэ дзьве хрысьціянскія кінастужкі, якія выклікалі надзвычайную цікавасьць у гледача: фільм расейскага рэжысёра Паўла Лунгіна “Востраў”, прэм’ерны паказ якога прайшоў напрыканцы 2006 году, і нямецка-швайцарска-французскі фільм “Вялікая цішыня” Філіпа Гронінга. Паводле словаў рэжысёра фільма “Востраў” Паўла Лунгіна, “аўдыторыя гэтага фільму – гэта пакутлівыя людзі, тыя, што не згубілі надзеі знайсьці сэнс жыцьця”. “Мне здаецца, што самазадаволеныя хрысьціяне таксама ня прымуць гэты фільм, як і самазадаволеныя атэісты,– гаворыць кінарэжысёр.– Яшчэ Бярдзяеў сказаў, што ў наш час яму падаецца, што атэіст, які перажывае і пакутуе, бліжэй да Бога, чым самазадаволены хрысьціянін”.

Фільм “Вялікая цішыня” нямецкага рэжысёра Ф.Гронінга Еўрапейская кінаакадэмія адзначыла прэміяй Arte і палічыла яго найлепшым еўрапейскім дакументальным фільмам 2006 году. Пасьля прагляду фільму адзін з журналістаў-крытыкаў з “New York Times” выказаўся пра яго так: “Я не называю гэтую карціну “найлепшым фільмам” году толькі таму, што яна настолькі адрозьніваецца ад усіх астатніх, што я ня ўпэўнены, ці мае “Вялікая цішыня” прамыя адносіны да кіно”. Іншы амерыканскі журналіст, сутыкнуўшыся з нечуваным наплывам гледачоў у кінатэатры на гэты фільм, слушна назваў гэты феномен “абнадзейлівай прыкметаю духоўнага голаду, настальгіяй па невыпадковым жыцьці, тугой па адухоўленым быце”.

Прапануем два водгукі нашых чытачоў на гэтыя кінастужкі, якія сталі адметнай зьявай у грамадзкім і рэлігійным жыцьці, якія прымушаюць сучаснага чалавека спыніцца і задумацца над сэнсам яго існаваньня.

Іншы чалавек і іншая рэчаіснасьць у фільме “Востраў”

Ня будучы вялікім аматарам і знаўцам кінематографу, зрэдку ўсё ж такі заходжу ў кінатэатр. Напэўна, праходзячы каля афішаў і пабачыўшы назву “Востраў”, я падумаў бы, што гэта нейкі прыгодніцкі фільм і наўрад ці пайшоў бы на яго. Сталася, аднак, так, што параіў мне схадзіць на яго сябра. Так я патрапіў на яго прэм’ерны паказ у адным з сталічных кінатэатраў.

Другая Сусьветная вайна... У моры ў паўночных шыротах на савецкую баржу ўначы натрапіў нямецкі вайсковы карабель. Увесь экіпаж баржы – гэта шкіпер і качагар. Каб выжыць, аднаму з іх прапануецца ўчыніць здраду і забойства свайго таварыша. Бачыш дзьве асобы: капітан – мужны і шляхетны, і не тое, каб кепскі, а хутчэй проста шэры і слабавольны звычайны савецкі пралетарый. І вось, перад абліччам сьмерці, качагар пагаджаецца страляць у свайго таварыша. Зразумела, што ў нас выклікае павагу першы (шкіпер Ціхан) – гэта тып годнага чалавека, мужчыны. А другі – яго хіба можна пашкадаваць, тут няма месца павазе.

Пасьля такога эмацыйна напружанага пачатку дзеі фільма пераносяцца на некалькі дзесяцігоддзяў наперад. На суворых прасторах поўначы Расеі, на востраве, у савецкія часы існуе маленькі манастыр. Няма тут ані асабліва шанаваных сьвятыняў, ані архітэктурных шэдэўраў. Але людзі з мацерыка цягнуцца сюды. Бо тут жыве старац, які бачыць глыбіню сэрца іншага чалавека, які можа дапамагчы людзям. І яны ідуць да яго па параду, з просьбай, каб ён сваімі малітвамі ацаліў іх ад хваробаў. Гэты манах – а. Анатоль – просты і нават дзівакаваты. Спаміж манастырскай браціі многія не разумеюць яго, некаторыя лічаць сьвятым, а нехта нават зайздросьціць і ненавідзіць. Старац ня ўпісваецца ў прынятыя ў манастыры нормы паводзінаў. У манастыры ён выконвае самую цяжкую і брудную працу – топіць кацёл і дзеля гэтага штодня возіць у тачцы вугаль з затанулай ля марскога берага яшчэ ў вайну баржы. Хутка пазнаем у гэтым дзіўным манаху таго самага качагара з баржы... І хоць увесь час ён жыве ў пакаяннай малітве, дапамагае людзям словам, а дзякуючы яго малітвам адбываюцца цудоўныя аздараўленьні, усё ж ня можа ён забыць пра ўчыненую ім шмат гадоў таму здраду і, як ён лічыць, забойства таварыша. Няма ў ягонай душы таго, што называецца мірам, супакоем. Людзі ж, якія так настойліва шукаюць дапамогі старца, ня бачаць цярпеньняў і пакаянных малітваў таго, каго лічаць сьвятым. Гэта бачыць толькі Бог...

У фільме ёсьць некалькі эпізодаў, дзе моцна адчуваеш раздвоенасьць, непасьлядоўнасьць, слабасьць, няшчырасьць чалавека перад Богам і самім сабой. Напрыклад, у адным з іх жанчына прывозіць да манаха а. Анатоля свайго хлопчыка, які ня можа хадзіць без дапамогі мыліцаў. Хворае дзіця, якому не змаглі дапамагчы лекары, ацаляецца па малітвах айца Анатоля. Манах настойліва раіць жанчыне застацца ў манастыры ўсяго на адзін дзень дзеля таго, каб прычасьціць хлопчыка на Літургіі і падзякаваць Богу за цуд ацаленьня, але яна... сьпяшаецца на працу прыбіральніцы! Чалавек перад абліччам вялікіх дароў бывае такі няўдзячны і дробязны...

Фільм гэты можна назваць іканічным. Ікона мае мінімум дэталяў, умоўныя колеры, якія маюць сваю сымболіку; няма ценяў і аб’ёмнасьці. Падобна і тут. Просты сюжэт, абмежаваная прастора для падзеяў (амаль усе яны адбываюцца на маленькім востраве), спрошчана паказаныя рысы асобаў герояў, якія часам выглядаюць нават гратэскава. Мяркую, што рэжысёр кінастужкі Павел Лунгін зрабіў гэта сьвядома, бо “Востраў” пакліканы данесьці пэўнае пасланьне да гледача. На маю думку, рэжысёру гэта ўдалося. Удалося сказаць гледачу, што побач з гэтым сьветам (“міром сім”) з яго каштоўнасьцямі: пагоняй за посьпехам, дабрабытам, сілай, якія людзям здаюцца такімі “рэальнымі”, існуе таксама іншая рэчаіснасьць. Гэтая рэчаіснасьць духоўная, і яна насамрэч больш магутная. Доказ яе дзейснасьці й моцы – галоўны герой фільму манах айцец Анатоль, які з пасрэднасьці, шэрасьці, стаўся сапраўдным Чалавекам. Напрыканцы фільму яны такі сустракаюцца – шляхетнасьць чалавечая (той, хто ў вайну быў здраджаны, і каго спрабаваў застрэліць малады качагар) і прыгажосьць ад Бога (новы чалавек у асобе манаха а. Анатоля). Капітан, у якога страляў малады качагар, насамрэч не загінуў. І вось ён, які выжыў у вайну і дабіўся ў гэтым жыцьці многага (мае высокі адміральскі чын), едзе ў маленькі манастыр на Поўначы да ўбогага старца ў спадзяваньні вылечыць сваю псіхічна хворую (а на справе – апантаную) дачку. Яго чалавечая моц выяўляецца поўнай бязраднасьцю перад абліччам сямейнай бяды. Забойца і ахвяра пазналі адзін аднаго. Адбылося прабачэньне, словы якога столькі гадоў прагнула пачуць сэрца айца Анатоля. Цяпер ён можа пакінуць гэты сьвет...

І толькі адной рэчы, на мой погляд, тут не хапае – Уваскрасеньня. Так, ёсьць у гэтай стужцы і гумар, і радасьць... Але нашае, як мы кажам, “зямное” жыцьцё ў асобе сьвятога чалавека айца Анатоля, паказана як “юдоль плачевная” (даліна плачу). Суворы фон паўночнай прыроды не пакідае гледача на працягу ўсяго фільму. Уваскрасеньне ёсьць, але не цяпер, ня ў гэтым жыцьці, а толькі дзесьці “там”, за гробам. “Уся рэлігія... – па іншы бок труны”,– казаў расейскі рэлігійны мысьляр В.Розанаў, які лічыў гэта асноўнай праблемай духоўнасьці ўсходніх славянаў. Аднак на фоне таго, што ідзе цяпер у кінапракаце, гэткі папрок фільму можа выглядаць, магчыма, як перабольшаная патрабавальнасьць.

Можна парадавацца за нашых суседзяў у Расеі, што ў новыя, постсавецкія часы ў іх зьяўляюцца ня толькі бандыцка-мянтоўскія і офісна-менэджэраўскія серыялы, але і такія добрыя фільмы, як “Востраў”. І ўсё ж шкада, што не хапае ў фільме Ўваскрасеньня.

Андрэй ЛАТЫШ г.Менск

“Вялікая цішыня” – захапляльны дакумент пра манахаў картузаў

Час ад часу, седзячы ў фатэлі кінатэатру, атрымоўваем магчымасьць сутыкнуцца з чымсьці вялікім. Так было ў выпадку шэдэўраў, зробленых майстрамі кіно, такімі, як Антаніёні, Бэргман, Таркоўскі. “Вялікая цішыня” (“Le Grand Silence”, “Into Great Silence”) – гэта, аднак, ня толькі вялікі фільм. Гэта запісаная на стужцы медытацыя, у якой мы самі можам прыняць удзел.

Амаль трохгадзінны кінадакумент пра жыцьцё манахаў-маўчальнікаў, напэўна, не такі відовішчны, як тыя фільмы пра манахаў з манастыра Шаолінь. Да таго ж фільм амаль нямы, і ня толькі таму, што манахі падпарадкоўваюцца сувораму правілу маўчаньня. А яшчэ ў створаных вобразах рэжысёр абыходзіцца без якой-кольвек музычнай аправы ці каментару. Ці здольны сучасны чалавек, звыклы да таго, што яго пастаянна забаўляюць, махаючы яму перад носам усялякімі атракцыёнамі і прыцягваючы яго ўвагу на кожным кроку, глядзець штосьці такое і не ашалець ад нуды? Напэўна так, калі ў Нямеччыне фільм ужо паглядзелі 150 тысячаў чалавек, а ў Францыі яшчэ 120 тысячаў. Адным словам, гэты досыць патрабавальны вобраз аказаўся гітом! На чым грунтуецца яго моц?

Бачым манаха ў кельлі, які моліцца ў цішыні. Хвіліны мінаюць, ён стаіць на каленях, заглыблены ў малітву. Шамацяць карткі часаслова. Скрыпяць дошкі кленчніка. Пылінкі танчаць у сьвятле, якое падае праз акно кельлі. Цішыня. Засяроджанасьць. Спакой. Бачым братоў-манахаў падчас іх штодзённых, часам незразумелых для нас заняткаў, дзеяньняў і рытуалаў. Камера падоўгу застывае ў статычным становішчы. Ня чуем нічога, акрамя натуральных адгалоскаў манастыра: супольны сьпеў падчас багаслужбы, рэдкія нагоды для размоваў паміж братамі ў часе штотыднёвых шпацыраў, паседжаньні капітула. Па-за тым цішыня, у якой кожны шэлест становіцца шумам, цішыня, у якой уласныя думкі пачынаюць гучаць трывожна голасна. “Лічым, што няма нічога больш працаёмкага ў досьведзе манастырскага жыцьця, чым спакой, цішыня і самотнасьць”,– напісаў некалькі стагоддзяў таму Гюга, пяты абат Вялікай Картузіі (La Grande Chartreuse). “Вялікая цішыня” дае нам прысмак гэтага досьведу.

Рэжысёр Філіп Гронінг стварыў, несумненна, нязвыклы фільм. Нязвыклым ёсьць у ім тое, што магчымасьці здымаць гэты фільм у Гранд Шартрэз (першай і галоўнай супольнасьці картузаў, заснаванай у 1084 годзе ў Альпах, каля Грэноблю), рэжысёр дабіваўся з 1984 году. Калі пасьля шматгадовага абмену лістамі з абатам атрымаў нарэшце дазвол, то на паўгады зачыніўся ў манастыры, каб дзяліць з манахамі іх жыцьцё – маліўся, працаваў, еў і спаў у рытме, у якім манахі дзейнічаюць вякамі.

Картузы – гэта закон з адным з самых строгіх уставаў у Каталіцкай Царкве, у якім спалучаюць усходнюю традыцыю пустэльнікаў (ерамітаў) з заходняй традыцыяй манаства бенядыктынскага тыпу. Манахаў абавязвае малітва, праца, вучоба – усё ў самотнасьці і маўчаньні. Дзень манаха-картуза праходзіць у дзеяньнях, якія паўтараюцца так, як бы дзень ня меў ні пачатку, ні заканчэньня, бо пакліканьне манахаў, як раіў сьвяты Бруна з Кёльну, заснавальнік закону картузаў, – “няспынна чуваць у Божай прысутнасьці”.

Заданьне, якое паставіў перад сабой рэжысёр, не палягала, аднак, на апавяданьні гісторыі ордэну ці апісаньні манастырскага жыцьця – гэты фільм павінен быў паказаць унутраны сэнс і сутнасьць гэтага жыцьця: пошук Бога. Таямніца, да якой ён спрабаваў дакрануцца такім чынам, гаворыць аб моцы фільму і абумоўлівае тое, што гледачы паддаюцца выпраменьваньню Абсалюта, якое зыходзіць на іх з экрану. Больш за тое, Гронінг уводзіць нас у недасягальныя на штодзень абшары манаскай экзістэнцыі, у якой праходзіць іх прысьвечанае Богу жыцьцё, ён стварыў настрой сапраўды сузіральны і даў нам амаль тры гадзіны часу і цішы, каб мы ёй падпарадкаваліся. Тры гадзіны сьвятога супакою вартыя значна болей, чым квіток у кіно.

Кацярына НАВАКОЎСКАЯ г.Менск
На фота: Кадры з фільму “Востраў” і “Вялікая цішыня”.
Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)