Царква
Ня судзеце, каб і вас ня судзілі; бо якім судом судзіце, такім вас судзіць будуць; і якою мераю мерыце, такою і вам будуць мерыць
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 7:1-2)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (55), 2007

У Балгарыі ўшанавалі каталіцкіх новамучанікаў

«Сьвятасць зьяўляецца задачай усiх людзей»,— гэтымi словамi Папы Бенядыкта XVI кiруецца таксама Каталiцкая Царква ў Балгарыi, якая 13 лiстапада 2007 г. ушанавала сваiх новамучанікаў, расстраляных падчас камунiстычнага рэжыму. Гэта блаславёныя Яўген Басiлкаў — лацінскі бiскуп Нiкапальскi i тры грэка‐каталіцкія сьвятары з Ордэну Асумпцыянiстаў: Камен Вiчаў, Павел Джыджаў i Язафат Шышкаў.

Урачыстую сьв. Імшу памяці мучанікаў у лацінскай катэдры сьв. Язэпа ў сталіцы Балгарыі г.Сафii адслужылi: Апостальскi Нунцый у Балгарыi архібіскуп Джузэпэ Леандза, Старшыня Балгарскай Канферэнцыі Біскупаў — Апостальскі Экзарх католікаў візантыйскага абраду Ўладыка Хрыста Пройкаў i Супэрыёр Айцоў Капуцынаў у Балгарыі а. Марыюш Полцын.

«Блаславёныя балгары зьяўляюцца ўзорам для сёньняшнiх хрысьцiянаў, асаблiва для моладзi Балгарыi, якая iмкнецца надаць сэнс уласнаму iснаваньню i жадае iсьцi за Хрыстом»,— сказаў падчас сьв. Імшы Апостальскі Нунцый.

Ва ўрачыстасьцях удзельнічаў таксама архібіскуп Лорыс Францiшак Капавiла, шматгадовы асабiсты сакратар Папы Яна XXIII, якi ў свой час быў Апостальскiм Нунцыем у Балгарыi. «Быць католiкамi — значыць памятаць аб тым, што мы зьяўляемся братамi праваслаўным i юдэям, мы зьяўляемся i жадаем быць сябрамi мусульманам i ўсiм тым, якiя шукаюць Бога, падпарадкоўваюцца Яго Законам i спадзяюцца на тое, што аднойчы ўвойдуць у Валадарства Нябеснае»,— сказаў Уладыка Лорыс.

Балгарскія новамучанікі зьяўляюцца бачным сьведчаньнем перасьледу, які балгарскі камуністычны рэжым чыніў супраць балгарскіх католікаў абодвух абрадаў — візантыйскага і лацінскага.

Паводле Беларускай Праграмы Радыё Ватыкану

Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)