Царква
Дабрашчасныя лагодныя, бо яны ўспадкуюць зямлю
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:5)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (58), 2008

Парафіяльнае жыцьцё

Прыкры фільм пра Унію

Візіт у нашу краіну Дзяржаўнага Сакратара Яго Сьвятасьці Бенядыкта XVI кардынала Тарчызіё Бэртонэ 18-22 чэрвеня 2008 г. стаў надзвычай важнай падзеяй у рэлігійным і грамадзкім жыцьці. Аднак агульны спрыяльны фон гэтага візіту і яго станоўчыя вынікі былі некалькі азмрочаны адной прыкрасьцю. Уласна ў час сустрэчаў высокага госьця з Ватыкану з прадстаўнікамі царкоўных колаў, дзяржаўнымі чыноўнікамі і грамадзкасьцю на Першым нацыянальным канале быў паказаны недарэчны і выключна тэндэнцыйны фільм пра Берасьцейскую Унію і палітыку Ватыкану ў мінулыя часы. Непрыемна ўражаныя такім стаўленьнем да рэлігійных пачуцьцяў часткі грамадзянаў-католікаў, вернікі грэка-каталіцкай канфесіі з парафіяў Маці Божай Фацімскай у Горадні і сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці накіравалі калектыўныя лісты з подпісамі кіраўніцтву Першага нацыянальнага канала Белтэлерадыёкампаніі і Ўпаўнаважанаму па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь з просьбай даць належную ацэнку гэтаму прыкраму факту, бо такое стаўленьне "зусім не спрыяе ўсталяваньню даверу вернікаў грэка-каталіцкай і рыма-каталіцкай канфесіяў да дзяржаўнай палітыкі" і захаваньню рэлігійнага міру ў краіне. Вось што яны пісалі ў сваіх лістах:

"У суботу, 21 чэрвеня 2008 году, на Першым нацыянальным канале ў цыкле "Летапіс часоў" быў паказаны фільм, прысьвечаны Берасьцейскай Уніі. У згаданым фільме пад выглядам гістарычных фактаў гледачу прапаноўваліся далёкія ад гістарычнай праўды міфы і ідэалагічныя штампы савецкіх часоў пра гісторыю Ўніяцкай Царквы і яе дзейнасьць. Нашая Грэка-Каталіцкая Царква, езуіты, а таксама і Апостальская Сталіца, былі паказаныя як выключна варожыя беларускаму народу, з якімі зьвязаны ці ня самыя цёмныя старонкі ў складанай гісторыі беларускага народу. У той жа час выключна станоўча, як абаронца беларускага народу, была паказана такая неадназначная зьява, як казацтва і яе правадыры, хоць гісторыкам добра вядомыя факты зьнішчэньня і рабаваньня казацкімі войскамі (у розныя перыяды гісторыі) многіх гарадоў Беларусі (у тым ліку Жыровічаў) з іх цэрквамі, манастырамі і сьвятынямі, якія належалі розным канфесіям, у тым ліку і праваслаўным. Нельга не адзначыць, што паказ гэтага фільму адбываўся падчас важнага візіту ў Беларусь Дзяржаўнага Сакратара Яго Сьвятасьці Бенядыкта XVI кардынала Тарчызіё Бэртонэ. Таму глядзець гэты фільм каталікам абодвух абрадаў удвайне было дзіўна, балюча і крыўдна.

Фільм ня толькі супярэчыць сучаснай гістарычнай навуцы, якая насамрэч высока ацэньвае ўнёсак Уніяцкай Царквы ў культуру і працэс фармаваньня беларускай нацыі. На нашу думку, аўтары фільму, карыстаючыся безадказнай рыторыкай, якая скіравана на распальваньне міжканфесійнай варожасьці ў нашай краіне, паказваюць Грэка-Каталіцкую Царкву як агрэсіўную, варожую Праваслаўнай Царкве і беларускаму народу канфесію, што была з палітычнымі мэтамі гвалтам насаджана нашым продкам. Тэндэнцыйна і безразважліва трактуючы складаныя падзеі царкоўнай гісторыі нашай Бацькаўшчыны, навешваючы ярлыкі, аўтары фільму небясьпечна гуляюць з рэлігійнымі пачуцьцямі вернікаў, ствараюць глебу для парушэньня рэлігійнага міру ў краіне, настройваючы супраць грэка-каталікоў нашых праваслаўных братоў. [...]

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе пашану рэлігійных перакананьняў вернікаў усіх канфесіяў. А ў Законе аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях адзначана духоўная, культурная і гістарычная роля Катаіцкай Царквы (неад’емнай часткай якой ёсьць Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква) на тэрыторыі Беларусі. І мы бачым імкненьне прадстаўнікоў дзяржаўных уладаў дзейнічаць у дачыненьні да нашай канфесіі ўласна ў такім накірунку. Важны ўклад у гісторыка-культурную і духоўную спадчыну Беларусі Грэка-Каталіцкай Царквы быў адзначаны ў лісьце, які накіраваў Камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь 12 ліпеня 2006 году з нагоды 15-годдзя аднаўленьня яе душпастырскай дзейнасьці ў Беларусі: "Гісторыя Беларусі шчыльна зьвязана з дзейнасьцю вядомых уніяцкіх дзеячаў, якія спрычыніліся да разьвіцьця духоўнасьці і культуры, садзейнічалі фармаваньню лепшых традыцыяў адукацыі і асьветы".

Гісторыкі могуць спрачацца пра неабходнасьць Уніі і яе наступствы, але для ўсіх відавочны яе немалыя плады: усьплеск духоўнага і інтэлектуальнага жыцьця ў краіне, пашырэньне асьветы і кнігадрукаваньня ўніяцкім базыльянскім ордэнам, увядзеньне беларускай мовы ў навучаньне вернікаў і душпастырства, стварэньне адметнай іканапіснай школы, узьвядзеньне сьвятыняў, якія сталі шэдэўрамі беларускай архітэктуры і інш.

Спадзяемся, кіраўніцтва Першага нацыянальнага каналу тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь і прадстаўнікі дзяржаўных уладаў зразумеюць нашую занепакоенасьць і дадуць належную ацэнку падобным тэндэнцыйным і небясьпечным з пункту гледжаньня захаваньня рэлігійнага міру ў краіне фільмам".

Выказаныя ў калектыўных зваротах грэка-каталіцкіх вернікаў заўвагі былі разгледжаныя і па ўзьнятых пытаньнях атрыманыя афіцыйныя адказы. У лісьце № 05-12/55 ад 14 ліпеня 2008 году Намесьнік Упаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь сп. У.Ламека паведаміў вернікам парафіяў у Горадні і Берасьці, што на адрас "Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі накіраваны ліст з просьбай улічваць неабходнасьць павагі рэлігійных пачуцьцяў вернікаў пры падрыхтоўцы радыё- і тэлепраграмаў", а адказ на зварот дасьць дзяржтэлерадыёкампанія.

Намесьнік Старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь сп. А.Бінецкі 21 ліпеня 2008 году (ліст № 02-13/Г-486, Г-473) паінфармаваў грэка-католікаў пра тое, што іх калектыўныя звароты, у тым ліку і ліст з Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, разгледжаныя. У адказе паведамляецца, што фільм, які выклікаў такую рэакцыю вернікаў, уваходзіць у цыкл з 13 дакументальных фільмаў пад агульнай назвай "Летапіс часоў" і створаны ён на замову Белтэлерадыёкампаніі таварыствам з абмежаванай адказнасьцю "Мастер-Фильм", а аўтарам ідэі і сцэнару зьяўляецца кандыдат гістарычных навук Вадзім Гігін, рэжысёр – Людміла Сьнегірова. (Дарэчы, нельга не адзначыць, што сп. В.Гігін – рэдактар часопісу "Беларуская думка"...) Спасылаючыся на законы аб СМІ і аб аўтарскім праве, прадстаўнік дзяржтэлерадыёкампаніі сп. А.Бінецкі заўважыў, што "матэрыялы дакументальных фільмаў зьяўляюцца аўтарскімі матэрыяламі і не падлягаюць рэдагаваньню з боку Белтэлерадыёкампаніі".

Безумоўна, трэба пагадзіцца з правам аўтараў ствараць фільмы такія, якія яны хочуць, аднак ці ня варта было кіраўніцтву Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь усё ж проста зусім адмовіцца ад паказу такіх тэндэнцыйных фільмаў, якія абражаюць рэлігійныя пачуцьці вернікаў абедзьвюх каталіцкіх канфесіяў краіны, тым больш у час візіту ў Беларусь высокага госьця з Ватыкану?

Тым ня менш, няма сумневу, вернікі, якія паставілі свае подпісы ў калектыўных зваротах да кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі, павераць у шчырасьць і прымуць пад увагу словы, выказаныя ў афіцыйным лісьце намесьніка Старшыні сп. А.Бінецкага: "Прыносім свае прабачэньні за выказваньні аўтара праграм "Летапіс часоў", якія неадназначна трактуюць гістарычныя падзеі і працэсы, зьвязаныя з дзейнасьцю грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі, і ўлічым Вашыя заўвагі ў далейшай працы".

Ігар Бараноўскі
Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)