Царква
Ніякае брыдкае слова хай не выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрае на будаўніцтва ў веры, каб яно давала мілату слухачам
(Пасланьне сьв. ап. Паўла да Эфэсянаў 4:29)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (59), 2008

Сьвятло Ўсходу

Урачыстая малітва ля мошчаў сьвятога Язафата ў Рыме

12 лістапада Каталіцкая Царква ўрачыста адзначала памяць сьвятога сьвятамучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага. У гэты дзень у рымскай базыліцы сьвятога Пятра, дзе захоўваюцца сьвятыя мошчы Язафата, па традыцыі сабралася духавенства і вернікі Грэка-Каталіцкіх Цэркваў з Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, каб ушанаваць памяць Апостала Еднасьці.

Сёлетнюю Боскую Літургію на прастоле, дзе спачываюць мошчы Сьвятога, узначальваў сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў Архібіскуп Міраслаў (Марусын) у саслужэньні Ўладыкі Ўладзіміра (Війтышына), біскупа Івана-Франкоўскага. Ва ўрачыстым служэньні бралі ўдзел каля 50 сьвятароў, студэнты ўкраінскіх грэка-каталіцкіх калегіяў Покрыва Багародзіцы і сьв. Язафата, а таксама з чэскай калегіі і калегіі «Russicum» у Рыме, шматлікія манахі, манахіні і сьвецкія вернікі.

На ўрачыстай Літургіі маліліся таксама і прадстаўнікі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы: ераманах Лявонці (Тумоўскі) і семінарыст Андрэй Гайдукевіч, якія цяпер навучаюцца ў Рыме.

За апошнія гады гэта была найбольш шматлюдная і ўрачыстая багаслужба ў дзень памяці Сьвятога, які аддаў сваё жыцьцё за еднасьць хрысьціянаў.

Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)