Царква
Радуйцеся і весялецеся, бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах: так гналі прарокаў, што былі перад вамі
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:12)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (62), 2009

Царква і грамадзтва

Мітрапаліт Кандрусевіч: «Касьцёл сёньня не баіцца жыць у Божай праўдзе»

20 кастрычніка 2009 году спаўняецца 20 гадоў біскупскай хіратоніі Высокадастойнага Архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Менска-Магілёўскага. Шчыра віншуем яго з гэтым юбілеем. У інтэрв’ю Catholic.by (01.08.2009) Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч апавядае пра значныя падзеі, якія адбыліся ў Каталіцкай Царкве ў Беларусі, пра моладзь у Царкве і дачыненьні Царквы і грамадзтва.

– Ваша Эксцэленцыя, нашыя размовы ў межах парталу Catholic.by становяцца ўжо традыцыйнымі. Важна, што мы можам абмеркаваць значныя падзеі, якія адбыліся або адбудуцца ў жыцьці Каталіцкага Касьцёла ў Беларусі, і, канечне, адказаць на пытаньні, якія турбуюць нашых наведвальнікаў. Што сапраўды значнага на Ваш погляд адбылося за апошні час у жыцьці Касьцёла ў Беларусі?

– Дзякую. Каталіцкі Касьцёл у Беларусі не стаіць на месцы, але ў меру сваіх магчымасьцяў стараецца ісьці наперад, выконваючы сваё заданьне – абвяшчэньне Евангелля, асьвячэньне людзей і будаваньне супольнасьці вернікаў.

З апошніх падзеяў найбольш значнымі былі наступныя. Найперш – гэта перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага і рэліквіяў нашага земляка блаславёнага кс. Міхала Сапоцькі па парафіях Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Разам з біскупам Антонам Дзям’янкам мы стараліся прысутнічаць амаль ва ўсіх парафіях. Гэта было нялёгка, маючы на ўвазе іншыя пастырскія справы і ўдзел у розных канферэнцыях як у Беларусі, так і за яе межамі. Я асабіста праехаў за час перэгрынацыі каля 9 тысячаў кіламетраў.

Перэгрынацыя перасягнула ўсе спадзяваньні. Паводле сьведчаньняў сьвятароў, у буднія дні, калі ў парафіі знаходзіўся абраз, было больш людзей, чым у нядзелю. Сапраўды, гэтая пастырская акцыя стала сапраўднымі дыяцэзіяльнымі рэкалекцыямі.

Наступнай вельмі важнай падзеяй стала чарговая ўрачыстасьць Маці Божай Будслаўскай. Асабіста мяне вельмі моцна ўразілі пілігрымкі. Я ня раз наведваў пілігрымаў падчас іх малітоўнага шляху ў нацыянальны санктуарый, маліўся з імі. Якое гэта сьведчаньне веры ў наш секулярны час! Вернікі, абсалютная большасьць якіх моладзь, публічна вызнаюць сваю веру і такім чынам праводзяць вельмі актыўную і сапраўды неабходную ў час адыходу ад хрысьціянскіх каранёў евангелізацыю.

Наступнай падзеяй, якая заслугоўвае, каб быць асабліва падкрэсьленай, – гэта каранацыя цудоўнага абраза Маці Божай Тракельскай. Я шмат разоў быў у Тракелях, але яшчэ ніколі ня бачыў там так многа людзей, асабліва моладзі.

Адной з цэнтральных падзеяў з жыцьця Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі стала другая малітоўная сустрэча моладзі ў Івянцы. Гэтая сустрэча была адкрыта і для моладзі іншых дыяцэзіяў. Перад сустрэчай ужо ў сёмы раз адбылася музычная майстэрня, на якой маладыя музыканты набывалі музычную падрыхтоўку і рыхтаваліся да выкананьня абавязкаў музычных аніматараў у сваіх парафіях. Пробашчы многіх парафіяў вельмі ўдзячны арганізатарам майстэрні, якая носіць таксама характар рэкалекцыяў і грунтоўна дапамагае ў разьвіцьці пастырства ў парафіях.

– Вы ня раз падкрэсьлівалі, што менавіта моладзь займае першае месца ў Вашым сэрцы, менавіта праца з ёй зьяўляецца прыярытэтам Вашай пастырскай дзейнасьці. Адным з галоўных моладзевых пастырскіх мерапрыемстваў стала сустрэча ў Івянцы. Якія вынікі яна прынесла, ці сапраўды гэта той фармат, які стаў блізкім сёньняшняй моладзі?

– Калі ў сям’і ёсьць дзеці, род працягваецца. Падобна і ў Касьцёле: калі ёсьць дзеці і моладзь, ён мае будучыню. Моладзь – гэта надзея Касьцёла і надзея сьвету, таму ёй трэба займацца, трэба арганізоўваць пастырства моладзі, сустрэчы, канферэнцыі і г. д., каб выхоўваць яе на хрысьціянскіх каштоўнасьцях, а не на антыкаштоўнасьцях сучаснага лібералізму. Гэтаму служаць таксама і малітоўныя моладзевыя сустрэчы.

Ідэя моладзевых сустрэчаў у Івянцы нарадзілася ў мінулым годзе. Як вядома, Каталіцкі Касьцёл кожныя два-тры гады праводзіць Сусьветныя дні моладзі. У мінулым годзе яны адбыліся ў Аўстраліі ў Сіднэі. Вельмі далёка ад нас. З Беларусі змагла паехаць толькі невялікая група маладых людзей. Таму было вырашана правесьці ў гэты ж час агульнабеларускую сустрэчу моладзі ў Івянцы. Сустрэча ўдалася. Аднак мы нават не меркавалі паўтарыць яе ў гэтым годзе. Думалі, можа, падчас наступнага Сусьветнага дня моладзі. Аднак маладыя людзі вельмі прасілі мяне арганізаваць сустрэчу. І я з радасьцю згадзіўся.

Усьлед за згодай ідзе пошук матэрыяльных сродкаў і атрыманьне дазволу ад уладаў. Дзякуй Богу – гэта ўдалося.

Затым наступае сама арганізацыя сустрэчы. Два разы склікалася Дыяцэзіяльная рада па справах моладзі для распрацоўкі праграмы сустрэчы. Была таксама і выязная сустрэча ў Івянцы. У мяне багаты вопыт арганізацыі падобных сустрэчаў. Я прымаў удзел у сямі Сусьветных днях моладзі ў якасьці катэхета. Потым у Расеі Каталіцкі Касьцёл некалькі разоў таксама арганізоўваў агульнарасейскія дні моладзі.

Базуючыся на папярэднім вопыце, была распрацавана праграма, якая ўключала канферэнцыі з магчымасьцю задаваць пытаньні прамоўцу, сустрэча з біскупам, сьвятыя Імшы, сакрамэнт пакаяньня і паяднаньня, аднаўленьне абяцаньняў хросту і сакрамант канфірмацыі, тэатральныя пастаноўкі, час на разважаньне, канцэрты і г. д.

Жыцьцё пакажа, якія вынікі прынесла і прынясе малітоўная сустрэча моладзі ў Івянцы. Аднак ужо сёньня можна сказаць, што ў цэлым яна была пасьпяховаю. Радуе мяне тое, што моладзь была вельмі ўдзячнай за сустрэчу і чакае наступных, бо адчувае ў іх патрэбу.

Я ўбачыў актыўную моладзь, якая задае сур’ёзныя і жыцьцёвыя пытаньні, што хвалююць яе. Моладзь малілася. Больш за тое, да падрыхтоўкі многіх малітоўных праграм яна прычынілася сама. Варта адзначыць, як добра была падрыхтавана моладдзю сустрэча абраза Езуса Міласэрнага і тэатральная пастаноўка пра Божую міласэрнасьць! Які высокі мастацкі ўзровень і які духоўны зьмест!

Мяне вельмі ўзрушыла вялікая колькасьць прыступаючых да сакрамэнту споведзі. Я таксама каля паўтары гадзіны спавядаў «non stop».

Я ўбачыў, што моладзь умее па-хрысьціянску весяліцца. Канцэтры, якія мелі хрысьціянскі і духоўны зьмест, не былі асобнымі мерапрыемствамі, але зьяўляліся інтэгральнай часткай малітоўнай сустрэчы.

Падчас пілігрымак, цэнтральнай урачыстасьці ў Будславе і малітоўнай сустрэчы ў Івянцы моладзь паказала, што ўмее і маліцца, і весяліцца. Як некалі казалі: і да танца, і да ружанца. Брава, моладзь! Ад усяго сэрца дзякую вам!

Адной з мэтаў такіх малітоўных сустрэчаў зьяўляецца стварэньне клімату любові, даверу, узаемаразуменьня. Гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі мы будзем з павагай і любоўю адносіцца адно да аднаго, а таксама памятаючы пра галоўныя мэты дадзеных мерапрыемстваў. Перапрашаю, калі гэта не зусім удалося. Трэба памятаць, што ад нас і нашай сталасьці залежыць будучыня падобных сустрэчаў.

– На якой мове сёньня павінен размаўляць Касьцёл, каб яна была зразумелай маладому чалавеку?

Сучасны малады чалавек – гэта чалавек высокаадукаваны і амбіцыйны. У той жа час, гэта чалавек, які стаіць перад велізарнымі выпрабаваньнямі секулярнага сьвету, які вабіць яго, прыцягвае і абяцае хуткае шчасьце. Гэта чалавек, які хоча быць шчасьлівым і шукае шчасьця, але, на жаль, найчасьцей у матэрыяльных каштоўнасьцях і задавальненьні цела. Спрыяе гэтаму агульны клімат ідэалогіі постмадэрнізму, які абвяшчае, што няма абсалютнай праўды і ўсё адносна, што ў сваю чаргу вядзе да маральнага рэлятывізму і жаданьня зьмяніць маральныя нормы, устаноўленыя Богам.

Таму да сучаснага маладога чалавека трэба прамаўляць на зразумелай яму мове і не ўхіляцца ад турбуючых яго праблемаў. Аднак гэтая мова з маральнага пункту гледжаньня павінна гучаць дакладна і канкрэтна: «так» – «так» або «не» – «не». Сапраўдная свабода – гэта не свабода ад адказнасьці, павагі, альтруізму. Сапраўдная свабода – гэта не жыцьцё пад дэвізам «Я маю права!», а пастаяннае пытаньне: якімі павінны быць мае адносіны да іншых, да іх поглядаў і перакананьняў. Свабода – гэта жыцьцё праўдай адкупленых дзяцей Божых. Ня мае рацыі той, хто робіць амаральнае і апраўдвае сябе тым, што гэта нікому ня шкодзіць. Мы заўсёды павінны жыць Божай праўдай. Таму, як навучае Слуга Божы Ян Павел II, трэба не баяцца адчыніць дзьверы Хрысту. І як дадае Бенядыкт XVI, не баяцца, бо Хрыстус нічога не забірае, а толькі дае. І сёньняшні Каталіцкі Касьцёл не баіцца гэтага рабіць, бо адчувае вялікі патэнцыял сваіх вернікаў, асабліва моладзі.

– Сёньняшняя моладзь – гэта людзі розных, часта радыкальных поглядаў на сьвет, культуру, сваё месца ў грамадзтве, палітыцы. На Вашу думку, ці можа сёньня Касьцёл стаць для ўсіх іх домам? Які рэцэпт іх творчага, па-хрысьціянску крэатыўнага прабываньня ў супольнасьці, што завецца Каталіцкім Касьцёлам?

– Дзьверы Касьцёла адчынены для ўсіх – людзей пабожных і грэшных. Касьцёл сьвяты, і адначасова гэта Касьцёл грэшнікаў. Езус сказаў, што ўрач патрэбны не здароваму чалавеку, але хвораму. Касьцёл, які паводле навучаньня II Ватыканскага Сабору зьяўляецца сакрамантам паўсюднага збаўленьня, якраз і ёсьць такім урачом, бо дзейнічае моцаю Збаўцы, і таму гэта сараўдны дом для ўсіх.

Касьцёл заклікае вернікаў да больш актыўнага ўдзелу ў яго жыцьці. Тое, што можна было ўбачыць падчас сёлетніх пілігрымак, урачыстасьці ў Будславе ці ў Івянцы – гэта сапраўдны адказ на навучаньне II Ватыканскага Сабору, якое прадугледжвае актыўны ўдзел у жыцьці Касьцёла пад кіраўніцтвам сьвятароў. Вернікі таксама павінны адчуваць сваю адказнасьць за Касьцёл. Часта мне задаюць пытаньні: калі ў тым ці іншым раёне Менска будзе пабудаваны касьцёл? Мяркую, што гэтае пытаньне не да біскупа, а да саміх вернікаў. Маё заданьне – атрымаць дазволы на будаўніцтва сьвятыні. У Менску ўжо атрымана 6 пляцовак пад будову касьцёлаў. Хто раней будаваў касьцёлы? Самі вернікі. Пра гэта трэба памятаць. Пэўную, цяпер ужо зусім невялікую, дапамогу з-за мяжы мы, можа, і атрымаем, але галоўны цяжар павінны ўзяць на сябе самі вернікі. Так было заўсёды і застаецца актуальным па сёньняшні дзень. Вернікі таксама павінны дбаць пра ўтрыманьне будынка. На жаль, у нас прыжылося меркаваньне, што за ўсё адказны сьвятар. Касьцёл належыць не сьвятару, але вернікам. Сьвятар нейкі час працуе ў адной парафіі, затым можа быць пераведзены ў іншую. Дарэчы, таксама і біскуп.

– Ваша Эксцэленцыя, як Вы лічыце, ці застаецца яшчэ сёньня прывабным Евангельле, ці мае яно моц само ў сабе? Можа, у яго прапаведаваньні павінны ўжывацца разнастайныя каталізатары, напрыклад, палітычнай натуры?

– Сапраўды, у наш час секулярызму можна пачуць, што Евангельле і хрысьціянства наогул ужо выкараніліся. Аднак у мяне паўстае пытаньне: якое хрысьціянства? Тое павярхоўнае, якое імкнецца зьмяняць маральныя нормы? Якое адракаецца ад сваіх каранёў? Якое не падпарадкоўваецца навучаньню Касьцёла і Папы? Так, сапраўды, такое хрысьціянства адмерла.

Не мы павінны зьмяняць Евангельле, але Евангельле павінна зьмяняць нас. Касьцёл чакае ад нас евангельскага радыкалізму, бо хоць і зьмяняецца сьвет, аднак маральныя нормы застаюцца нязьменнымі. Евангельле не страціла свайго значэньня. Праблема ў тым, што чалавек губляе зацікаўленасьць у ім. Нам часта даводзіцца чуць, што людзі страцілі сэнс свайго жыцьця, асабліва моладзь. Аднак, тыя, хто жыве ў значна больш складаных сітуацыях, здолелі ня страціць апоры ў вечна жывым слове Евангельля, бо шукалі і працягваюць яе шукаць. Таму яно для іх прывабнае і мае моц.

Каталізатарам сапраўднага хрысьціянства ня можа быць ганеньне на Касьцёл, бо многія кажуць, што падчас перасьледу вера была мацнейшая, а ў наш час – слабейшая. Вера мае наднацыянальны характар, надпалітычны, надэканамічны і г. д. Паводле сацыяльнага вучэньня Касьцёла, якое пададзена ў Кампендыуме, «Патрабаваньні хрысьціянскай веры немагчыма зьмясьціць у нейкай адной палітычнай платформе. Сьцьвярджаць, што нейкая палітычная партыя ці кааліцыя поўнасьцю адпавядае патрабаваньням веры і хрысьціянскаму жыцьцю – гэта значыць садзейнічаць узьнікненьню небясьпечнай памылкі. Хрысьціянін ня знойдзе партыі, якая поўнасьцю адпавядала б этычным патрабаваньням, што вынікаюць з веры і з прыналежнасьці да Касьцёла. Прыналежнасьць хрысьціяніна да якой-небудзь палітычнай групоўкі ніколі не павінна быць ідэалагічнай, але заўсёды крытычнай, каб партыя і яе палітычная платформа атрымлівалі стымул для разьвіцьця, якое будзе скіравана на сапраўднае агульнае дабро разам з духоўнай мэтай чалавека» (Кампендыюм сацыяльнага вучэньня Касьцёла, № 573). Павінен быць адзін каталізатар – гэта наша вера, любоў і надзея на Бога.

– Як Вы лічыце, якую пазіцыю займае сёньня Каталіцкі Касьцёл у Беларусі ў грамадзкім жыцьці краіны, ці належная яна?



– Галоўным заданьнем Касьцёла зьяўляецца прапаведаваньне Евангелля. Гэта значыць абвяшчэньне праўды Божай. Праўда Божая абвяшчаецца праз навучаньне, катэхізацыю, набажэнствы, дабрачыннасьць, праз усю дзейнасьць і сьведчаньне Касьцёла. Касьцёл заклікае і дапамагае захоўваць права Божае, абараняць сям’ю – адзіны і непарушны інстытут, устаноўлены Богам, права на жыцьцё – найвышэйшую каштоўнасьць, дадзеную Богам, права на свабоду веравызнаньня, заклікае і дапамагае змагацца з такой вялікай бядой, як алкагалізм, да якога далучыліся наркаманія і СНІД, заклікае да сацыяльнай справядлівасьці і г. д.

Каталіцкі Касьцёл праз Канферэнцыю Біскупаў, праз асобных ярархаў або праз сродкі масавай камунікацыі неаднойчы выказваўся адносна балючых праблемаў сучаснасьці і грамадзтва. Выказваўся таксама ў супольнасьці з іншымі хрысьціянскімі і нехрысьціянскімі веравызнаньнямі, найперш з Праваслаўнай Царквой. Гэта былі праблемы сям’і, абортаў, распаўсюджваньня, прафілактыкі і лячэньня алкагалізму, наркаманіі і СНІДУ; праблемы вяртаньня касьцёльных будынкаў і атрыманьня дазволу на будаўніцтва новых; праблемы служэньня замежных сьвятароў, законьнікаў і законьніц; праблемы сацыяльнай справядлівасьці; праблемы этыкі ў сродках масавай камунікацыі; праблемы, выкліканыя сучасным фінансавым крызісам і г. д. Ці зьяўляецца належнай пазіцыя Касьцёла? Адказ можа даць толькі Бог. Езус казаў: не судзіце і вы ня будзеце асуджаны. Напэўна, трэба памятаць і тое, што дасканалы толькі Бог і межаў дасканаласьці няма.

– У адным з інтэрв’ю Вы казалі, што Касьцёл ня з гэтага сьвету, але знаходзіцца ў ім і не павінен уцякаць ад яго праблемаў. Скажыце, ці забараняе Касьцёл сваім вернікам удзельнічаць у палітычным і грамадзкім жыцьці? Дзе мяжа, якую нельга перакрочыць, каб ня стаць ахвярай сучаснага рэлігійна-палітычнага сінкрэтызму?

– Кажучы, што Касьцёл ня з гэтага сьвету, але знаходзіцца ў ім і не павінен уцякаць ад яго праблемаў, я толькі працытаваў блаславёнага Папу Яна XXIII, з якім абсалютна згаджаюся. Касьцёл не забараняе сваім вернікам удзельнічаць у палітычным жыцьці. Касьцёл забараняе сьвятарам выстаўляць сваю кандыдатуру на выбары ў заканадаўчыя і выканаўчыя органы ўлады. Затое ён заахвочвае вернікаў прымаць удзел у палітычным і грамадзкім жыцьці, бо менавіта яны, калі будуць сапраўднымі хрысьціянамі, будуць спрыяць, каб маральныя прынцыпы захоўваліся пры прыняцьці законаў і іх практычным выкананьні. Тут ня можа быць рэлігійнай паліткарэктнасьці, як ня можа быць і рэлігійна-палітычнага сінкрэтызму.

Сучаснае сацыяльнае вучэньне Каталіцкага Касьцёла пра Касьцёл і палітычную супольнасьць кажа так: «Касьцёл не атаясамліваецца з палітычнай супольнасьцю і не зьвязаны ні з адной палітычнай сістэмай, паколькі палітычная сістэма і Касьцёл дзейнічаюць кожны ў сваёй сферы» (Кампендыюм сацыяльнага вучэньня Касьцёла, № 50). «Хаця Касьцёл і палітычная супольнасьць маюць бачную арганізацыйную структуру, яны адрозьніваюцца па сваёй канфігурацыі і мэтах… Касьцёл паважае законную аўтаномію дэмакратычнага парадку і ня мае права аддаваць перавагу таму ці іншаму інстытуцыйнаму ці канстытуцыйнаму рашэньню» (Кампендыюм сацыяльнага вучэньня Касьцёла, № 424). Але з іншага боку, «узаемная аўтаномія Касьцёла і палітычнай супольнасьці не азначае разьдзяленьня, якое б выключала супрацоўніцтва. Абедзьве супольнасьці, хоць і розным чынам, служаць асабістаму і сацыяльнаму пакліканьню тых жа самых людзей. Фармальная арганізацыя Касьцёла і палітычнай супольнасьці не зьяўляюцца самамэтай, але служаць чалавеку, каб дапамагчы яму поўнасьцю рэалізаваць правы, уласьцівыя як грамадзяніну і хрысьціяніну, і правільна выканаць адпаведныя абавязкі. Касьцёл і палітычная супольнасьць могуць ажыцьцяўляць сваё служэньне дзеля дабра ўсіх тым больш пасьпяхова, чым лепш яны будуць супрацоўнічаць, беручы пад увагу абставіны месца і часу» (Кампендыюм сацыяльнага вучэньня Касьцёла, № 425).

Дазволю сабе прывесьці яшчэ адну цытату з Кампендыюма. «Для сьвецкіх вернікаў палітычная дзейнасьць зьяўляецца годным і адказным выкананьнем хрысьціянскіх абавязкаў служыць бліжнім. Імкненьне да агульнага дабра ў духу служэньня, разьвіцьцё справядлівасьці, асаблівая ўвага да сітуацыі беднасьці і цярпеньня, павага да аўтаноміі зямных спраў, прынцып субсідыярнасьці, падтрымка дыялогу і спакою на аснове салідарнасьці – вось крытэрыі, якія павінны натхняць сьвецкіх хрысьціянаў у іх палітычнай дзейнасьці» (Кампендыюм сацыяльнага вучэньня Касьцёла, № 565).

– Ці дастаткова адкрыты сёньня Касьцёл на грамадзкую супольнасьць, ці не існуюць бар’еры, якія перашкаджаюць у дыялогу з ёй. Ці ня мае дыялог, які вядзе сёньня Каталіцкі Касьцёл у Беларусі, характару селектыўнасьці?

– Мы стараемся весьці дыялог з усімі. Не заўсёды гэта ўдаецца. Напрыклад, нам не ўдалося арганізаваць аплатковую сустрэчу з ваеннымі па прычыне адсутнасьці сьпецыяльнай дамовы.

Цяжка таксама назваць сапраўдным дыялогам тыя сітуацыі, калі сам факт сустрэчы трактуецца другім бокам, як зьняцьце дагматычных адрозьненьняў.

Кожны дыялог павінен быць у любові і праўдзе, шчырасьці і па добрай волі. Папа Бенядыкт XVI у сваёй апошняй энцыкліцы «Любоў у праўдзе» базуючыся на навучаньні Касьцёла, якое існуе да гэтага часу, сьцьвярджае, што Касьцёл не прапануе тэхнічнага вырашэньня праблемаў, зьвязанных з разьвіцьцём сьвету, і далёкі ад умяшальніцтва ў кіраваньне дзяржавамі, пры гэтым ён павінен выконваць місію праўды дзеля грамадзтва (пар. Энцыкліка «Любоў у праўдзе», №9).

На прэс-канферэнцыі мы запрашаем і вядзём дыялог з усімі прадстаўнікамі СМІ. Ніхто і ніколі не праводзіць селекцыі. На галоўнай урачыстасьці ў Будславе і на малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы прысутнічалі ня толькі праваслаўныя, але і прадстаўнікі іншых веравызнаньняў. На экуменічныя сустрэчы, якія адбываюцца ў нашых сьвятынях, мы запрашаем прадстаўнікоў іншых канфесіяў. Ня так даўно ў нашай Айчыне была створана Грамадзкая рада па маральнасьці, у якую ўваходзіць Каталіцкі Касьцёл, іншыя хрысьціянскія канфесіі і нехрысьціянскія рэлігіі, разам з прадстаўнікамі грамадзкасьці. [...]

– Вялікі дзякуй за размову.

Размаўляў
кс. Аляксандр Амяльчэня


Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)