Царква
Калі кажам, што ня маем грэху, ашукваем самі сябе, і праўды няма ў нас
(1-ае Саборнае Пасланьне сьв. ап. Яна Багаслова 1:8)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (65), 2010

Экуменізм

II Экуменічны форум "Кірхентаг" –
Дзень Царквы ў Мюнхене

12-16 траўня 2010 году ў баварскім Мюнхене праходзіў ІІ Экуменічны форум “Кірхентаг” – вялікі хрысьціянскі фэст, які сумесна арганізавалі прадстаўнікі розных канфесіяў Нямеччыны, гасьцямі на якім былі хрысьціяне з 91 краіны сьвету, у тым ліку і з Беларусі.

“Kirchentag”, ці ў перакладзе з нямецкай – “Дзень Царквы”, ад 1949 году раз на два гады пачалі праводзіць у розных вялікіх гарадах Нямеччыны лютэране. Падобныя хрысьціянскія фэсты ладзяць цяпер таксама і нямецкія католікі. А ў 2003 годзе ў Берліне “Кірхентаг” упершыню меў экуменічны характар – католікі і пратэстанты розных дэнамінацыяў вырашылі аб'яднаць намаганьні і зладзілі яго разам. Асноваю для такога супрацоўніцтва яны назвалі Біблію і веру ў Трыадзінага Бога, жаданьне сьведчыць пра сваю веру і быць адкрытымі на іншых, нягледзячы на ўсе іх адрозьненьні. Лагатыпам “Кірхентагу” стаў ерусалімскі крыж – роўнаканцовы крыж, у кожны з бакоў якога ўпісаны чатыры малыя крыжы. Сёлета да арганізацыі ІІ “Кірхентагу” далучыліся праваслаўныя розных юрысдыкцыяў, былі на ім таксама і католікі ўсходняга абраду. Таксама ўпершыню сёлета ў якасьці гасьцей на экуменічны форум былі запрошаныя прадастаўнікі габрэйскай супольнасьці і мусульмане, якія актыўна ўдзельнічалі ў дыскусіях. Адным з асноўных дакладчыкаў на II Сусьветным “Кірхентагу” ў Мюнхене быў Генеральны сакратар Сусьветнай Рады Цэркваў вялебны д-р Олаф Фюксэ Твэйт – вядомы нарвежскі багаслоў-экуменіст.

На працягу пяці дзён “Кірхентагу” ў Мюнхене адбылося больш за 3000 самых розных акцыяў і мерапрыемстваў для самых розных груп і катэгорыяў вернікаў. Гэта – штодзённыя набажэнствы ў храмах розных канфесіяў, сумесныя малітвы, медытацыі, праслаўленьні і разважаньні над Бібліяй, навуковыя канферэнцыі, “круглыя сталы”, публічныя дыскусіі, сустрэчы з вядомымі багасловамі, навукоўцамі, палітыкамі, бізнэсоўцамі, дзеячамі культуры, а таксама мастацкія выставы, прэзентацыі, тэатральныя пастаноўкі, шматлюдныя канцэрты з удзелам поп- і рок-музыкаў. Асноўнымі тэмамі для абмеркаваньня на сёлетнім форуме, які праводзіўся пад дэвізам “Каб вы мелі веру і надзею” (пар. 1 Пт 1, 21), сталі маральныя асьпекты эканамічнага і фінансавага крызісу, хрысьціянская салідарнасьць і адказнасьць, новая евангелізацыя, праблемы экуменізму, міжканфесійны дыялог і дыялог з іншымі рэлігіямі. Не аднойчы ў дыскусіях закраналіся таксама балючыя праблемы для хрысьціянства, выкліканыя выпадкамі педафіліі ў Рыма-Каталіцкай Царкве, і скандальны розгалас вакол іх.

Па падліках арганізатараў у экуменічным “Кірхентагу” ў Мюнхене стала ўдзельнічалі каля 130 тысячаў чалавек, а усяго на розных мерапрыемствах гэтага экуменічнага форуму ў сталіцы Баварыі пабывалі каля паўмільёна чалавек. Каля 6 тысячаў удзельнікаў былі на начным малітоўным чуваньні са сьвечкамі, арганізаваным супольнасьцю Тэзэ 14 траўня. Сярод яго ўдзельнікаў была і федэральны канцлер Нямеччыны Ангела Меркель. Сустрэчы па вывучэньні Бібліі наведалі больш за 23 500 чалавек. Дзесяткі тысячаў людзей прыходзілі на розныя канцэрты.

Цэнтрам “Кірхентагу” сталі набажэнствы 13 траўня, на сьвята Ўзьнясеньня Гасподняга, якія адбываліся ў храмах розных канфесіяў Мюнхена. Пасьля заканчэньня набажэстваў каталікі, праваслаўныя і пратэстанты са сваіх храмаў урачыстымі працэсіямі прыйшлі на Адэонспляц, дзе працягвалася экуменічнае малітоўнае сьвяткаваньне. На яго сабралося каля 10 тысячаў чалавек, у тым ліку абодва прэзідэнты Экуменічнага форуму – старшыня Цэнтральнага камітэту нямецкіх каталікоў (арганізатар фэсту з каталіцкага боку), палітык з ХСС Алоіс Глюк і кіраўнік Нямецкага Зьвязу евангелічных Цэркваў (арганізатар з боку пратэстантаў), эксьперт па медыцынскай этыцы Экхард Нагель, а таксама зьверхнікі і ярархі хрысьціянскіх Цэркваў Нямеччыны і іншых краінаў.

Удзельнікамі “Кірхентагу” ў Мюнхене былі таксама і католікі ўсходняга абраду з розных краінаў, высокім прадстаўніком якіх быў мелхіцкі грэка-каталіцкі патрыярх з Дамаску Рыгор III. У Баварыю ён прыляцеў з Лівану 11 траўня і на працягу ўсіх пяці дзён “Кірхентагу” меў сваю ўласную насычаную праграму ўдзелу ў экуменічным форуме ў Мюнхене. Гэта была выдатная магчымасьць сустрэцца з вядомымі багасловамі, падыскутаваць, атрымаць інфармацыю, абмяняцца думкамі, а таксама выказаць погляд католікаў усходняга абраду на праблемы еднасьці хрысьціянаў.

У чацьвер, 13 траўня, сірыйскі патрыярх Рыгор III саслужыў Архірэйскую сьв. Імшу сьвята Ўзьнясеньня разам з рыма-каталіцкім архібіскупам Райнхардам Марксам у яго катэдры Найсьвяцейшай Багародзіцы ў Мюнхене, пасьля якой была ўрачыстая працэсія да месца цэнтральнага сьвяткаваньня на Адэонспляцы (Odeonsplatz). А 14 траўня ў царкве сьв. Марціна патрыярх Антыёхіі і ўсяго Ўсходу Рыгор III узначаліў візантыйскую Боскую Літургію сьв. Яна Залатавуснага і гаварыў казань падчас яе. Разам з ім саслужыў прафесар, д-р а. Міхаэль Шнайдэр, SJ з Франкфурту-на-Майне. Падчас набажэнства, якое адбывалася па-нямецку, сьпяваў хор Вышэйшай школы філасофіі і тэалогіі імя сьв. Юрыя з Франкфурту-на-Майне.

У суботу, 15 траўня сірыйскі патрыярх браў удзел у тэматычным блоку “Вывучэньне Бібліі”. Падчас яе патрыярх Рыгор III вёў дыскусію з евангелічным біскупам Баварыі Ёганэсам Фрыдрыхам. Таксама ў гэты дзень разам з а. М.Шнайдэрам, SJ ён адслужыў Вячэрню ў візантыйскм абрадзе, якая правілася на розных мовах у суправаджэньні хору з Франкфурта-на-Майне. Грэка-каталіцкія набажэнствы на “Кірхентагу” правіліся таксама ва ўкраінскім храме сьв. Андрэя.

Падчас “Кірхентагу” 15 траўня была адслужана агульнаправаслаўная сьв. Літургія ў мюнхенскім катэдральным саборы Новамучанікаў і вызнаўцаў расейскіх, які належыць РПЦЗ МП. Цікава, што архіяпіскап Марк (Арндт) з Германскай япархіі гэтай Царквы, які прапанаваў сабор для малітвы праваслаўных розных юрысдыкцыяў, раней выступаў з цьвёрдай крытыкай экуменізму, удзельнічаў у прыняцьці анафемы на гэтае вучэньне на Саборы РПЦЗ у 1983 годзе, аднак пасьля свайго далучэньня да Маскоўскай патрыярхіі значна зьмякчыў пазіцыю. Сьв. Літургію ўзначаліў грэцкі мітрапаліт Аўгустын, якому саслужылі расейскі і румынскі ярархі – мітрапаліт Серафім (Румынскі патрыярхат) і архіяпіскап Берлінскі і Германскі Феафан (Маскоўскі патрыярхат), сьвятары Расейскай, Эладзкай, Баўгарскай і Сербскай Цэркваў. Сьпевы падчас багаслужбы выконвалі хоры расейскай, баўгарскай і румынскай праваслаўных супольнасьцяў Мюнхена. Праваслаўныя прадстаўнікі ў рамках форума правялі прэзентацыю сваіх кніг і абразоў, прачыталі лекцыі.

Вельмі адметнай і запамінальнай падзеяй для многіх удзельнікаў стала ўсходняя Вячэрня з брацкай агапай з ламаньнем хлеба, у якой удзельнічалі каля 20 тысячаў чалавек. Арганізатары “Кірхентага” шукалі магчымасьць паказаць еднасьць хрысьціянаў розных канфесіяў на практыцы, бо зьдзяйсьненьне сумеснай Еўхарыстыі недапушчальна з пункту гледжаньня канонаў некаторых хрысьціянскіх канфесіяў. І калі праваслаўныя прапанавалі адслужыць Вячэрню з артаклазіяй (блаславеньнем хлябоў і наступным сумесным ламаньнем хлеба), гэтая ідэя была падтрымана, бо аказалася вельмі дарэчнай малітоўнай формай праяўленьня братэрства ўсіх хрысьціянаў.

Арганізатары мерапрыемства разьлічвалі на 10 тыс. удзельнікаў. Аднак увечары, 14 траўня, на пляцы Мюнхена, нягледзячы на дажджлівае надвор’е, на яго сабралася каля 20 тыс. чалавек. Вячэрню ўзначальваў архіяпіскап Германскі Аўгустын (Канстанцінопальскі патрыярхат) у саслужэньні архім. Эмануэля Сфіяткаса (Берлін), архім. Петэра Клітча, прот. Мірчы Басараба і а. Тамаза Ламідзэ (Мюнхен). На вячэрні сьпявалі візантыйскі хор Грэцкай кансерваторыі, хор Расейскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага патрыярхату, хор сербскай праваслаўнай царквы сьв. Яна Ўладзіміра, румынскі хор царквы сьв. Андрэя, а таксама хор копцкай праваслаўнай супольнасьці (усе – з Мюнхена). Прадстаўнікі традыцыйных для Нямеччыны каталіцкай і лютэранскай канфесіі з цікавасьцю слухалі нязвыклы для іх вуха ўсходні харавы сьпеў, малітвы і чытаньне псальмаў. Сярод удзельнікаў сьвяточнага мерапрыемства былі архібіскуп Райнхард Маркс, зьверхнік каталіцкай архідыяцэзіі Мюнхена, евангелічны біскуп Баварыі Ёганэс Фрыдрых і іншыя ярархі.

Па завяршэньні Вячэрні мітрапаліт Канстанцінопальскага патрыярхату архіяпіскап Германскі Аўгустын блаславіў 1000 хлябоў, якія сьпяклі ў адной з пякарняў Мюнхена. Перад пачаткам брацкай агапы для кожнага з мноства сталоў, расстаўленых на пляцы, быў прызначаны сьпецяльна падрыхтаваны валанцёр, у абавязкі якога ўваходзіла распачаць сумесную малітву. Пасьля яе ўсе ўдзельнікі мелі сумесную трапезу з асьвячоным падчас ліціі хлебам, алеем, яблыкамі і пітвом (вада і віно). Вялікія боханы хлеба валанцёры ў кошыках разносілі паміж сталамі, а ўдзельнікі ламалі яго на кавалкі і дзяліліся паміж сабой, як першыя хрысьціяне.

“Гэта было найвышэйшай кропкай экуменічнага Кірхентагу. Тут еднасьць хрысьціянаў стала вельмі рэалістычнай”, – лічыць пратэстанцкі пастар Марцін Грыз. Пасьля візантыйскай Вячэрні з артаклазіяй многія адзначалі, што сёньня, калі пакуль яшчэ немагчыма сумесная Еўхарыстыя, вопыт правядзеньня падобных брацкіх агапаў з ламаньнем хлеба для хрысьціянаў з розных канфесіяў падаецца вельмі каштоўным. Гэта як бачны знак глыбокага прагненьня еднасьці хрысьціянаў.

Протаярэй Канстанцін Мірон, адзін з арганізатараў “Кірхентага” ад Праваслаўнай Царквы ў Нямеччыне, у інтэрв’ю Badishe-zietung заявіў: “Што непакоіць мяне, дык гэта балбатня, быццам экуменічны рух увайшоў у ступар. Экуменічны рух жывы, ён знаходзіцца ў прагрэсе, і найлепшы гэтаму доказ – гэты Кірхентаг”.

“Для мяне няма ніякай альтэрнатывы экуменізму”, – сказаў рыма-каталіцкі архібіскуп Фрайбурга Роберт Золіч, старшыня Канферэнцыі нямецкіх біскупаў. Таксама ён заўважыў, што экуменічны рух не памёр і не затрымаўся ў нейкім ледавіковым перыядзе насуперак назіраньням многіх каментатараў. Каталіцкі ярарх адзначыў, што ён паехаў дамоў з Мюнхену з адчуваньнем сьвежасьці і надзеі ў Царкве.

Ігар Бараноўскі

Гэты артыкул чыталі 64 разоў (-ы)