Царква
Не будзь неадчэпны, каб не адштурхнулі цябе, і не занадта адыходзь, каб не забыліся пра цябе
(Кніга Прамудрасці Ісуса, сына Сірахова 13-13)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (53), 2007

Браты Іван і Антон Луцкевічы – знакавыя асобы ў беларускім нацыянальным руху. Для нашай Грэка-Каталіцкай Царквы асабліва варта адзначыць, што менавіта браты Луцкевічы спрычыніліся да ідэі адраджэньня Уніі ў Беларусі на пачатку XX стагоддзя. Кантактам Антона Луцкевіча з мітрапалітам Галіцкім Андрэем Шаптыцкім прысьвечана другая частка рэферату (які друкуем з невялікімі скарачэньнямі) гісторыка Анатоля Сідарэвіча. (Пачатак матэрыялу гл. у “Царква”, № 1 (52), 2007, с. 18-19).

Разам з баптысцкім прапаведнікам з Берасьця Лукашом Дзекуць-Малеем Антон Луцкевіч спрычыніўся да зьяўленьня першага перакладу Новага Запавету і Псальмаў на беларускую мову. Гэты пераклад і сёньня карыстаецца папулярнасьцю ў многіх вернікаў розных канфесіяў, але, на жаль, беларускія хрысьціяне ніяк не адзначылі летась 75-годдзе гэтай важнай падзеі.

Гэты артыкул А.Сідарэвіча мы прысьвячаем памяці Антона Луцкевіча, які загінуў у ГУЛАГу, у 65-ыя ўгодкі яго сьмерці, а таксама памяці яго брата Івана.

Анатоль СІДАРЭВІЧ
Унія, браты Луцкевічы і мітрапаліт Шаптыцкі
(Рэферат, прачытаны на паседжаньні клубу каталіцкае інтэлігенцыі імя сьв.Кірылы Тураўскага ў Менску 16 лютага 2006 г.)

Калі ж працягваць падтэму “Іван Луцкевіч і мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі”, дык з публікацыяў А.Луцкевіча вынікае, што ягоны брат езьдзіў у Львоў ня раз. І менавіта “ў часе даволі частых паездак Ів. Луцкевіча дасьпеў і быў распрацаваны вялікі плян”, які закранаў ня толькі справу Уніі. Выкананьне гэтага плану прынесла б і “вялікія эканамічныя карысьці беларускаму сялянству незалежна ад рэалізацыі ідэі аб узнаўленьні Уніі”. У тым плане, удакладняе А.Луцкевіч, паядналіся “ідэя парцэляцыі вялікіх зямельных абшараў на Беларусі між сялянамі – праз адумысна створанае акцыйнае таварыства, фінансаванае перадусім мітрапалітам Шаптыцкім, і ідэя перасяленьня на парцэляваную зямлю некаторае лічбы ўкраінскіх сялян-уніятаў, якія зьяўляліся бы прапагандыстамі ідэі Уніі”. Але план гэты ня быў зьдзейсьнены таму, што супроць яго інтрыгавалі абшарнікі, і “Сталыпін адмовіўся зацьвярдзіць праектаванае парцэляцыйнае таварыства...”.

Такая інфармацыя зьмешчана ў артыкуле “Мітрапаліт Шаптыцкі і беларускі рух”.

Далей А. Луцкевіч піша: “Справа працы на Беларусі так захапіла мітрапаліта, што ў 1908 г. архіўладыка адважыўся на дужа небясьпечны крок: адпусьціўшы дзеля непазнакі бараду за час лячэньня ў санаторыі Лямана, мітрапаліт Шаптыцкі інкогніта – з пашпартам на імя д-ра Алясьніцкага – едзе ў Вільню, хаця ведае, што ў прыпадку раскрыцьця яго інкогніта яму пагражаюць вялікія прыкрасьці. У Вільні высокі госьць блізка знаёміцца зь невялікай на той час жменькай беларускіх працаўнікоў, будзячы ў усіх шчырую любоў да сваей асобы як высокакультурнага і глыбока ідэйнага чалавека. Згэтуль разам з Ів. Луцкевічам архіўладыка едзе ў Менск, а стуль – на Случчыну, знаёмячыся з настроямі грамадзянства на вельмі мнагалюднай сельскагспадарскай выстаўцы. Зь Беларусі мітрапаліт едзе ў Маскву і ў Пецярбург, стараючыся ў асабістых гутарках з расейскімі палітычнымі верхаводамі таго часу выясьніць магчымасьць рэалізацыі ягоных шырокіх плянаў адносна да працы на Беларусі”.

І пра такое здарэньне паведамляе А. Луцкевіч: “У часе падарожы мітрапаліта быў мамэнт, які пагражаў раскрыцьцём яго інкогніта. Едучы зь Менску ў Вільню яго абакралі, узяўшы ня толькі грошы, але і дакумэнты. Толькі зь вялікім трудом удалося папярэдзіць пагражаўшую ад гэтага бяду...”

Адкуль жа царскім уладам стала вядома, што мітрапаліт прыяжджаў у Беларусь і Расею? Луцкевіч піша: “У той час вінавацілі ў гэтым аднаго, зь якім архіўладыка быў лішне шчыры...”

4.

У сваіх працах пра ўнійную праблематыку і мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага А. Луцкевіч адзначаў чатыры факты: расейскі ўрад заўсёды, як агню, баяўся Уніі, якую сам зьніштожыў у межах сваёй дзяржавы; “ідэя касьцельнай еднасьці ад гэтага [зьніштажэньня] не памерла”; “унія далей трывала за граніцамі Расеі”, а галоўны цэнтр яе “станавіла Галіччына”; асабліва ж “непакоіў маскалёў уніяцкі мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі, чалавек высокай культуры, энэргічны, зь вялікай ініцыятывай, каторы аказаў як усяму ўкраінскаму дзелу, так і справе нацыянальнага касьцёла ўкраінцаў – уніі – непамерна вялікія ўслугі”.

У цытаваным ужо артыкуле “Мітрапаліт Шаптыцкі ў Беларусі” чытаем: “Уплыў гэтага папраўдзе выдатнага чалавека быў вельмі шырокі і даходзіў ажно да глыбі Расеі. Да слоў мітрапаліта прыслухіваліся і некаторыя права­слаўныя гіэрархі, і прадстаўнікі расейскай інтэлігенцыі. Думка аб злучэньні касьцёлаў знайшла водклік між арыстакратычнымі кругамі Пецярбурга і Масквы ды ў Пецярбурзе нават залажылася ўніяцкая капліца і пры ёй невялікая парахвія. І гэта прыпісывалі стараньням мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага.

Што староньнікі уніі ў Расеі і пераконаныя, ідэйныя уніяты стараліся паддзержываць зьвязь з галавой Уніяцкага касьцёла, гэта зусім зразумела. Але расейскае правіцельства ўва ўсім гэтым бачыла “інтрыгі” мітрапаліта і сачыла кожын яго крок”.

Ды вось пачынаецца першая сусьветная вайна. На тэрыторыі Беларусі лінія фронту, пачынаючы з восені 1915 г., больш-менш стабілізуецца да 16 лютага 1918 г. На акупаваных немцамі тэрыторыях складваюцца параўнальна спрыяльныя палітычныя ўмовы для беларускае культурна-нацыянальнае працы, у тым ліку і для ўнійнае акцыі, тым больш, што, паводле А. Луцкевіча, на гэтай тэрыторыі засталіся толькі 3-4 праваслаўныя сьвятары1. Аднак посьпех акцыі амаль цалкам залежаў ад Львова, дзе знаходзіўся “некаранаваны кароль” Украіны архіўладыка Андрэй і адкуль магло прыехаць уніяцкае духавенства. Але ў заходняй частцы Ўкраіны справы складваліся не зусім спрыяльна для Уніі, для Грэка-Каталіцкай Царквы. На пачатку вайны расейская армія ўрываецца ў Прусію, а на Паўднёва-Заходнім фронце больш за месяц доўжыцца Галіцыйская бітва. І калі ў Прусіі царскае войска церпіць паразу, у Заходняй Украіне яно затрымліваецца даўжэй, захоплівае Львоў, ідзе да Перамышля.

Адным з наступстваў часовага посьпеху царскай арміі было зьняволеньне мітрапаліта Андрэя, якога, як вядома, вывезьлі ў Расею. Каб даведацца, у прыватнасьці, з кім архіўладыка меў кантакты ў Расеі да вайны, царскія ўлады вывезьлі з палаца мітрапаліта ягоны архіў.

“Цяпер... спэцыяльная камісія пры дэпартамэнце паліцыі пад кіраўніцтвам генэрала Клімовіча працуе над разборкай гэтага архіву”,– пісаў А. Луцкевіч. А Клімовіч служыў раней у Вільні паліцмайстрам і меў многа супольнага з ахранным аддзяленьнем. Адсюль Луцкевіч рабіў выснову: “Выбар яго, трэба думаць, затым і зроблен, што Клімовіч добра знае нашы краёвыя справы і пэўне энэргічна возьмецца да “выясьненьня”, хто з тутэйшых людзей быў замешан у “праступнай” справе уніі”. Такое было другое наступства часовага посьпеху царскага войска. Праўда, А.Луцкевіч ня вельмі гэтым пераймаўся, бо быў упэўнены, што Беларусь “ужо ня вернецца ў старую няволю”2.

Трэцім наступствам часовага посьпеху царскага войска была спроба зьнішчыць Грэка-Каталіцкую Царкву ў Галіччыне. Пачаўся гвалт над уніяцкім духавенствам і вернікамі. Асабліва дзікія былі, як піша пра гэта А.Луцкевіч, “расправы... з уніяцкімі папамі, якім вырывалі бароды і рабілі йшчэ горшыя рэчы”3.

Весткі пра гэтае дзікунства даходзілі і да Масквы, і да Пецярбурга, і да Вільні. У 1931 годзе, успамінаючы тыя падзеі, Луцкевіч нагадаў лёс аднаго свайго знаёмца – расейскага ліберала, дэпутата І Дзяржаўнае Думы Віктара Обнінскага. “Обнінскі,– пісаў Луцкевіч,– быў гарачым патрыётам [Расеі], шчыра верыў у неабходнасьць “вайны да пабеднага канца”, у высокую “цывілізацыйную місію” дзяржаў Антанты”. Каб праверыць жудасныя весткі з Галіччыны, гэты чалавек вырашыў паехаць туды і ўсё пабачыць сваімі вачамі. “І вось,– працягвае Луцкевіч,– ён сваімі вачыма угледзеў, як выглядала на дзеле – у Галіччыне – гэная “цывілізацыйная місія”... Угледзеў, вярнуўся ў Маскву і... налажыў на сябе рукі”.

Напісаць пра ўсё гэта ў 1915 годзе Луцкевіч ня мог. Зрэшты, напісаць мог – ня мог надрукаваць, бо лютавала вайсковая цэнзура, якая ахоўвала “честь России” і “военные тайны”. Але вось у Вільню прыходзяць немцы. З лютага 1916 году пачынае выходзіць газета “Homan”. 26 сакавіка 1916 году Луцкевіч друкуе ў ёй артыкул “Зваротная хваля”, які я ўжо цытаваў. З гэтае публікацыі беларускі чытач мог даведацца і пра арышт мітрапаліта, і пра тое, што “калі ў пачатку вайны маскалём удалося на некалькі месяцаў запанаваць у Галіччыне, яны ў першы чарод навязьлі туды праваслаўных сьвяшчэньнікаў і, выганаючы ўніяцкіх ксяндзоў, пачалі забіраць у свае рукі ўніяцкія цэрквы”. “Што пры гэтым тамака рабілася,– дадае аўтар,– цяжка пераказаць! Але такі ўкраінскі народ крэпка дзяржаўся за сваю веру, ды на яго шчасьце хутка скончылася тамака панаваньне маскалёў”.

А свой артыкул А.Луцкевіч завяршае гэтак: “Жыцьцё часам любіць пасьмяяцца над тымі, хто хоча яго павярнуць проці яго натуральнага цячэньня. Гэтак выйшла і цяпер. Мала таго, што маскалём не ўдалося зьвясьці са сьвету галіцкіх уніятаў ды самым ім прыйшлося ўцячы з Галіччыны: Унія пайшла сьледам за імі, пераступіла зачыненую перад ею расейскую граніцу і пачала нанова шырыцца між жыхарамі расейскай Украіны!

Лёгка зразумець, які гнеў узьняўся ў душах тых людзей, што яшчэ так нядаўна “гаспадарылі” ў Галіччыне. Але гнеў той будзе яшчэ большы, калі вернецца Унія і на Беларускую зямлю, гдзе памяць аб ей ня шчэзла дагэтуль у народзе...”

Артыкул “Зваротная хваля”, нагадаю, быў надрукаваны 26 сакавіка, а 20 чэрвеня 1916 году Антон Луцкевіч публікуе наступны артыкул – “Перад новай бядой”. Яго зьяўленьне ў газеце было выклікана чарговым наступам Паўднёва-Заходняга фронту, які ўвайшоў у гісторыю як Брусілаўскі прарыў (4 чэрвеня – 13 жніўня 1916 г.). Пасьля адходу расейскіх войск з Галіччыны ў 1915 годзе, піша Луцкевіч, украінцы ізноў вольна ўздыхнулі і пачалі працаваць дзеля адбудовы зруйнаванага жыцьця, але ім “гразіць новая бяда: новае расейскае наступленьне”.

Аўтар пералічвае дасягненьні ўкраінцаў “пад аўстрыйскім панаваньнем”: свае школы, свае гімназіі, навучаньне ў роднай мове ва ўніверсітэце, поўная свабода веры, даступнасьць пасадаў у самакіраваньні і дзяржаўных органах. Здабыткамі сваёй культурнай працы заходнія ўкраінцы дзяліліся з братамі пад расейскім панаваньнем, “дзе трываў безупынны ўціск, дзе руйнавалі ўсё тое, на чым украінскі народ мог бы аснаваць сваю будучыну, сваю культурную работу”. “І вось у галавах “абрусіцеляў”,– працягвае А. Луцкевіч,– здаўна нарадзілася думка заваяваць Галіччыну, зьніштожыць “гняздо ўкраінскага сэпаратызму” дый тады абмасковіць увесь украінскі народ – і тамтэйшы, і пражываючый цяпер пад Расеяй”. З пачаткам першае сусьветнае вайны царызм атрымаў магчымасьць рэалізаваць свой план. Падчас першае акупацыі часткі Заходняе Ўкраіны “Галіччына была страшэньне спустошана”, а “новы прыход расейскіх акупантаў, на думку А.Луцкевіча, “вынішчыў бы да званьня ўсё, што яшчэ ўцалела ад таго разу”. Хоць новы наступ расейскай арміі прынёс шмат шкоды насельніцтву Галіччыны, ён, на шчасьце, захлынуўся, зноў узяць Львоў царскаму войску не ўдалося.

5.

Праз месяц пасьля таго, як стала відавочна, што расейская армія вычарпала свой наступальны імпэт, у Вільню прыйшла жалобная вестка: “У Расеі, у Курску, памёр уніяцкі мітрапаліт гр. Андрэй Шаптыцкі”. У некралогу “Андрэй Шаптыцкі”, напісаным з гэтае прычыны, мы чытаем: “Яго сьмерць – самы цяжкі ўдар як для ўкраінскага народу, так і для справы касьцельнай еднасьці, для каторай гэтак многа зрабіў гэты галава уніяцкай цэрквы.

Мы, беларусы, дзелім гора братоў нашых украінцаў ня толькі затым, што ўтраты гэтага праўдзівага, шчырага сына ўкраінскага народу пакіне па сабе глыбокі сьлед на ўсей ўкраінскай культурна-нацыянальнай рабоце, так цесна за апошнія дзясяткі гадоў зьвязанай зь імем мітрапаліта Шаптыцкага: Андрэй Шаптыцкі і сам па сабе быў вельмі блізкі беларускаму народу”4.

Аўтар гэтага некралогу – а ім без сумневаў быў Антон Луцкевіч – піша і пра паездку архіўладыкі ў Беларусь, Маскву і Пецярбург, і пра яго падтрымку беларускіх эмігрантаў, і пра беларускі аддзел у музеі. З некралогу мы даведваемся, што мітрапаліт Галіцкі “стараўся памагаць беларусам, друкуючы ў Львове беларускія кніжкі”. І тут нам на памяць прыходзяць два зборнічкі вершаў Цёткі, надрукаваныя ў базыльянскім манастыры ў Жоўкве. Натуральна, манахі не маглі надрукаваць іх без блаславеньня царкоўных уладаў. З артыкулу “Мітрапаліт Шаптыцкі і беларускі рух” мы даведваемся, што наша слаўная паэтка, асьветніца і рэвалюцыянерка была ў шэрагу тых, хто атрымліваў “асабістае падтрыманьне з боку мітрапаліта ў часе сваей прымусовай эміграцыі з царскае Расеі”. У 1926 годзе А.Луцкевіч успамінаў, што пасьля атрыманьня весткі пра сьмерць архіўладыкі “Беларускі камітэт зьвярнуўся да тагачаснага кіраўніка Віленскае дыяцэзіі кс. Міхалькевіча з просьбай аб арганізацыю жалобнага набажэнства, але той наадрэз адмовіў у гэтым...” І дадаваў: “На шчасьце, сум і жалоба беларусаў аказалася беспадстаўнай!”

Як жа мог зьявіцца на старонках “Гоману” некралог з партрэтам архіўладыкі? Справа ў тым, што з Курска мітрапаліт Галіцкі прапаў. І газета “Polnische Blätter”, што выходзіла ў Берліне, прыйшла да высновы пра сьмерць галавы Царквы. Абапіраючыся на паведамленьне “Polnische Blätter”, тэлеграф разьнёс гэтую вестку па сьвеце. Так яна дайшла і да Вільні. Аднак з часам газета “Dziennik Polski” апублікавала паведамленьне, якое прыйшло з Расеі праз Стакгольм. З гэтага паведамленьня вынікала, што на загад Сіноду мітрапаліт быў высланы ў суздальскі Спаса-Яўфім’еўскі манастыр пад нагляд ўладыкі Паўла, вікарыя Ўладзімерскай япархіі.

Друкуючы “Весткі аб мітрапаліце Шаптыцкім” у нумары за 17 кастрычніка 1916 году, газета “Гоман” з радасьцю дзялілася імі са сваімі чытачамі, бо яны, гэтыя весткі, давалі надзею, што “Галава Украінскай Нацыянальнай Цэрквы, дасьць Бог, вернецца ў свой родны край і будзе далей вясьці спыненую насільствам ворагаў збожную работу”.

6.

Надзея А. Луцкевіча на тое, што мітрапаліт вернецца ў родны край, спраўдзілася. Ня спраўдзілася спадзяваньне на працяг унійнай акцыі ў Беларусі. Пасьля Рыжскага трактату Заходняя Беларусь і Заходняя Ўкраіна апынуліся ў складзе іншае дзяржавы, якая мела на мэце тыя ж мэты – асіміляцыю беларусаў і ўкраінцаў. І Грэка-Каталіцкая Царква стаяла ім на перашкодзе. У Заходняй жа Беларусі ўнійная акцыя была аддадзена на водкуп ворагу беларушчыны, Віленскаму архібіскупу Рамуальду Ялбжыкоўскаму і Пінскаму біскупу Зыгмунту Лазінскаму, таксама не прыяцелю беларушчыны. І калі ў Заходняй Украіне пачаліся знакамітыя пацыфікацыі, скіраваныя і супраць Уніяцкай Царквы, Луцкевіч, ня могучы адкрыта асудзіць варварства пілсудчыкаў, у артыкуле “Хворае сумленьне” нагадаў пра зьверствы царскіх акупантаў у Галіччыне. Гэта была ўсім зразумелая эзопава мова.

У тым самым 1931 годзе, калі зьявіўся артыкул “Хворае сумленьне”, Луцкевіч разам з баптысцкім пастарам Лукашом Дзекуцем-Малеем выдаў у Хэльсінкі беларускі пераклад Новага Запавету і Псальмаў. Гэтак была завершана шматгадовая праца. Асобныя ж Евангельлі пачалі выходзіць яшчэ з сярэдзіны 1920-х гадоў. У Цэнтральнай бібліятэцы Літоўскай акадэміі навук (ф. 21, спр. 346, арк. 17) захоўваецца й візітоўка, на якой мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі “сердечно дякуе анонімному перекладачеві Евангелія на білоруську мову за його цінну працю”.

Такія зьвесткі на тэму “Унія, браты Луцкевічы і мітрапаліт Шаптыцкі”, якімі я валодаю на сёньня. Мы ведаем, што напісанае застаецца. І трэба спадзявацца, што гісторыкі знойдуць новыя сьведчаньні супрацы братоў Луцкевічаў і мітрапаліта Шаптыцкага, якія дазволяць раскрыць тэму глыбей і грунтоўней.

1 – Гл.: Прот. Міхал Галянкевіч // Сялянская Праўда. 1924. 14 лістапада.
Гісторык Уладзімір Ляхоўскі паведаміў мне, што сьвятароў было роўна дзесяць.
2 – Homan. 1916. 14 красавіка.
3 – Фалькевіч К. Хворае сумленьне // Беларускі Звон. 1931. 6 студзеня.
4 – † Андрэй Шаптыцкі // Гоман. 1916. 15 верасьня.

Гэты артыкул чыталі 10 разоў (-ы)