Царква
Калі подуешь на іскру, яна разгарыцца, а калі плюнеш на яе, згасне: тое і іншае выходзіць з вуснаў тваіх
(Кніга Прамудрасці Ісуса, сына Сірахова 28:14)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (55), 2007

50-гадовы юбілей італійскага духоўнага цэнтру «Russіa Crіstіana»
Духоўны цэнтр (і зьвязаны з ім Фонд) «Russіa Crіstіana» быў заснаваны ў Італіі ў 1957 г. З нагоды 50‐гадовага юбілею яго заснаваньня 20‐21 кастрычніка 2007 г. у мястэчку Серыятэ, непадалёку ад Бергама, праходзіла міжнародная канферэнцыя.

Заснаваньне Цэнтру і ўся яго дзейнасьць зьвязана з асобай каталіцкага сьвятара мітрафорнага протаярэя Рамана Скалфі (якому сёлета споўнілася 84 гады), які разам са сваімі супрацоўнікамі і аднадумцамі браў удзел у канферэнцыі. Цягам 50 гадоў Цэнтр, у духу экуменічнай салідарнасьці, знаёміў хрысьціянаў Захаду з усходняй традыцыяй і жыцьцём хрысьціянаў у Савецкім Саюзе. Ён нёс таксама падтрымку вернікам Расеі і Беларусі пасьля распаду СССР. Да сёньняшняга дня Цэнтр «Russіa Crіstіana» супрацоўнічае з беларускім праваслаўным Хрысьціянскім адукацыйным цэнтрам імя сьвятых Мятода і Кірыла ў Менску.

Свае прывітаньні з нагоды юбілею даслалі: Старшыня Папскай Рады па справах садзейнічаньня хрысьціянскай еднасьці кардынал Вальтэр Каспэр, архібіскуп Міланскі кардынал Дыяніджы Тэтаманці, а таксама Апостальскі Нунцый у Расеі архібіскуп Антоніо Мэніні.

Тэма канферэнцыі: «Russіa Crіstіana — заклік да еднасьці. 1957-2007: 50 гадоў гісторыі». Арганізатары не імкнуліся чытаць даклады — галоўнай тэмай дыскусій стала размова аб еднасьці Царквы, аб тым «скарбе адзінства, розуму і творчасьці, якія дазволілі Расеі і Еўропе пераадолець таталітарызм ХХ стагоддзя»,— як было адзначана ў прэс‐рэлізе.

Вялікую ўвагу ўдзельнікі сустрэчы надалі пакутнікам савецкіх часоў. Шэраг дакладаў на канферэнцыі быў прысьвечаны тэме рэпрэсіяў у СССР. Прадстаўнік аб’яднаньня «Мемарыял» сп. Арсені Рагінскі адзначыў, што сапраўдная гісторыя аб мільёнах ахвяраў савецкага тэрору, да канца не вывучаная ў гады «перабудовы», зараз адыходзіць на другі план. У сёньняшняй Расеі, дзе дзяржава клапоціцца аб пабудове так званай «мадэлі гераічнай ідэнтычнасьці» у гісторыі, памяць аб ахвярах ня можа быць патрэбнай. Аўдыторыю ўразілі лічбы: з 12,5 млн. ахвяраў дзяржаўнага тэрору з 1917 па 1953 гг. вядомыя імёны толькі 2,5 млн.

Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)