Царква
Ня будзь лішне строгі, і не выстаўляйся залішне мудрым; навошта табе нішчыць сябе?
(Кніга Эклезіяста 7:16)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (56), 2008

Наша вера

З Беззаганна Зачатай – у будучыню

Пад такім заклікам 9 лютага 2008 году ў менскім касьцёле Сьвятых Сымона і Алены прайшоў сімпозіюм, прысьвечаны 150-гадоваму юбілею аб’яўленьняў Маці Божай у Люрдзе.

У сустрэчы бралі ўдзел архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, архібіскуп Марцін Відавіч, Апостальскі Нунцый у Беларусі, сьвятары і вернікі з Беларусі і Расеі, а таксама прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы (Беларускага Экзархату РПЦ МП), кіраўнік аддзела адукацыі і катэхізацыі Менскай япархіі, выкладчык Беларускага педагагічнага ўніверсітэту і тэалагічнага факультэту імя сьв. Кірылы і Мятода Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту а. Аляксандр Шымбалёў. Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву на сімпозіюме прадстаўлялі а. Аляксандр Шаўцоў і а. Андрэй Буйніч, схіманахіня Вікторыя Чэкан, а ў другой частцы да ўдзельнікаў далучыліся а. Казімір Ляховіч і Апостальскі Візітатар архімандрыт Сяргей Гаек, якія ўдзельнічалі ва ўрачыстай Імшы на заканчэньне сімпозіюму.

З прывітальным словам на пачатку сімпозіюма да прысутных зьвярнуўся Мітрапаліт Менска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які таксама выступіў з дакладам на тэму «Беззаганна Зачатая Багародзіца – зорка надзеі». Каталіцкае вучэньне пра Беззаганнае Зачацьце Багародзіцы і яго разуменьне ў сьвятле аб’яўленьняў Маці Божай у Парыжы і Люрдзе раскрылі выкладчыкі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Горадні кс. Уладзімір Гуляй і кс. Тадэвуш Вышынскі. Айцец Аляксандр Шымбалёў распавёў пра некаторыя асьпекты праваслаўнага вучэньня пра Найсьвяцейшую Багародзіцу.

Актуальнасьці аб’яўленьняў Багародзіцы ў Люрдзе і Фаціме прысьвяціў свой даклад кс. Кшыштаф Пажарскі, пробашч парафіі сьв. Станіслава ў Санкт-Пецярбургу. Другі госьць з Расеі – кс. пралат Андрэй Стэцкевіч, Генеральны вікарый рыма-каталіцкай архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве і выкладчык Вышэйшай духоўнай семінарыі «Марыя – Каралева Апосталаў» у Санкт-Пецярбургу, прачытаў даклад на тэму «Заклік да пакаяньня – цэнтральная тэма аб’яўленьняў у Люрдзе і Фаціме».

Пра разьвіцьцё культу Беззаганнага Зачацьця Багародзіцы ў Беларусі распавёў пробашч парафіі сьв. Яна Хрысьціцеля ў Менску кс. Ігар Лашук SDB, які між іншым таксама зазначыў, што культ Беззаганнага Зачацьця быў характэрны таксама і для Грэка-Каталіцкай Царквы, і прывёў да прыкладу некалькі назваў уніяцкіх цэркваў на тэрыторыі Беларусі.

Завяршыўся сімпозіюм сьведчаньнямі вернікаў пра ролю Багародзіцы ў іхнім жыцьці і пра асабістае перажываньне аб’яўленьняў Маці Божай у Люрдзе.

с. Вікторыя (Чэкан)


Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)