Царква
Вар'яцее кожны чалавек у сваім веданьні
(Кніга Прарока Ераміі 10:14)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (57), 2008

Гасьцёўня

Грэка-каталіцкі хор з Сербіі
наведаў Беларусь

Сербія ў сьвядомасьці многіх – краіна выключна праваслаўная. Аднак ёсьць там таксама і грэка-католікі. Пераканацца ў гэтым маглі тыя, хто пабываў у Горадні на VII Міжнародным фестывалі праваслаўных песнапеньняў “Каложскі благавест”, які быў арганізаваны Гарадзенскай япархіяй Беларускага Экзархату РПЦ з 27 лютага па 1 сакавіка 2008 году. Сярод аматарскіх і прафесійных калектываў з Беларусі, Расеі, Украіны, Польшчы і краінаў Балтыі ўдзел у гэтым фестывалі прыняў таксама грэка-каталіцкі хор “Розанаў” з мястэчка Дзьюрдзева ў сербскай правінцыі Ваяводзіна.

Грэка-католікі ў Сербіі прытрымліваюцца розных літургічных традыцыяў – украінскай, русінскай, харвацкай. Госьці фестывалю ў Горадні – грэка-католікі з Дзьюрдзева – гэта нашчадкі карпацкіх русінаў, якія перасяліліся ў Сербію яшчэ ў XVIII стагоддзі пасьля вызваленьня гэтых земляў ад турэцкага панаваньня і далучэньня іх да Аўстра-Вугоршчыны.

Сёньня Грэка-Каталіцкая Царква ў Сербіі зьяўляецца экзархатам і налічвае каля 20 тысяч вернікаў (у часы адзінай Югаславіі ў гэтай краіне існавала нават япархія). Да яе адміністрацыйна належыць таксама грэка-каталіцкая супольнасьць у незалежнай сёньня Чарнагорыі, аднак там сёньня яшчэ няма душпастырскіх структураў, а толькі невялікія групы вернікаў.

Разам з хорам “Розанаў” на фестываль “Каложскі благавест” у Горадню прыехаў стаўрафорны протаярэй Якім Халашняй – протапрасьвітар аднаго з трох грэка-каталіцкіх дэканатаў у Сербіі. Ён таксама саліраваў падчас выкананьня хорам некалькіх твораў. Уласна з ім удалося сустрэцца і бліжэй пазнаёміцца душпастыру гарадзенскіх грэка-католікаў а. Андрэю Крату.

Цікава, што хор у парафіі Дзьюрдзева ўзьнік спачатку як сямейны хор айца Якіма Халашняй. З 1972 году айцец Якім заняўся аднаўленьнем добрых традыцыяў харавога сьпеву ў парафіі Дзьюрдзева, якую ў гэтай мясцовасьці перад вайною распачаў расейскі белагвардзейскі афіцэр Іван Уладзіміравіч Розанаў. На пачатку ў склад хору ўваходзілі сам сьвятар, яго жонка і сямёра іх дзяцей. Дзеля гэтага хор так тады і называўся – “Халашняй”. Пазьней ён стаў называцца “Розанаў” – у гонар чалавека, які прынёс вядомасьць мясцоваму харавому калектыву. Хор нямала выступаў ня толькі ў Сербіі, але і за яе межамі – у Швайцарыі, Германіі, атрымліваў на міжнародных фестывалях прэстыжныя ўзнагароды. Аснову рэпертуару гэтага хору складаюць царкоўныя сьпевы карпата-русінскага расьпеву, а таксама сьпевы кіеўскага расьпеву і класічныя творы расейскіх кампазітараў Д.Бартнянскага, П.Чайкоўскага, А.Архангельскага, баўгарскага кампазітара Д.Хрыстава і серба Ст. Мокраньца.

Праваслаўныя арганізатары фестывалю “Каложскі благавест” у Горадні адзначылі грэка-каталіцкі хор “Розанаў” з Сербіі сьпецыяльным дыпломам “За захаваньне традыцыяў карпата-русінскага сьпеву”.

Падчас побыту ў Горадні айцец Якім Халашняй змог пабываць у гасьцях у беларускіх грэка-католікаў. У мясцовай капліцы з а. Андреем Кратом ён саслужыў суботнюю сьв. Літургію за ўсіх памёрлых нашых продкаў (сымбалічна, што набажэнства адбывался па-царкоўнаславянску – на той мове, на якой маліліся нашыя продкі-ўніяты). На памяць пра гэтую малітоўную сустрэчу ён падарыў гарадзенскай парафіі дыск з сьпевамі Боскай Літургіі Яна Залатавуснага ў выкананьні свайго хору, а таксама кнігу “Зборнік багаслужбовых сьпеваў карпата-русінскага расьпеву”.

На фота:

1. Грэка-каталіцкі хор “Розанаў” з Сербіі на VII Міжнародным фестывалі праваслаўных песнапеньняў “Каложскі благавест” у Горадні.

2. Горадня, 01.03.2008. Грэка-каталіцкі сьвятар з Сербіі стаўрафорны протаярэй Якім Халашняй разам з а. Андрэем Кратом адпраўляе Літургію за памёрлых у мясцовай капліцы.

Даведка:

Апостальскі Экзархат Сербіі і Чарнагорыі для католікаў візантыйскага абраду ўтвораны 28 жніўня 2003 году. Рашэньне пра яго заснаваньне прыняў Папа Ян Павел II. Новы экзархат быў выдзелены са складу Крыжавацкай грэка-каталіцкай япархіі, якая раней ахоплівала ўсіх католікаў візантыйскага абраду, што жылі ў Югаславіі (49 тысячаў вернікаў), таму як пасьля распаду краіны цэнтр япархіі і большая частка парафіяў апынулася на тэрыторыі Харватыі.

Паводле апошніх дадзеных у Сербіі і Чарнагорыі налічваецца 17 грэка-каталіцкіх парафіяў, у якіх служыць 16 сьвятароў, 2 ераманахі і 55 манахіняў.

Першым Апостальскім Экзархам грэка-католікаў Сербіі і Чарнагорыі стаў Уладыка Юры Джуджар, тытулярны біскуп Акраскі, які раней зьяўляўся дапаможным біскупам Мукачыўскай грэка-каталіцкай япархіі ва Ўкраіне. Рэзідэнцыяй Экзарха зьяўляецца катэдра сьв. Мікалая ў г. Рускі Кэрэстур.

Ігар Бараноўскі
Гэты артыкул чыталі 6 разоў (-ы)