Царква
Вось таму няма апраўданьня табе, кожны чалавеча, што судзіш другога; бо тым самым судом, якім судзіш другога, асуджаеш сам сябе
(Пасланьне сьв. ап. Паўла да Рымлянаў 2:1)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (58), 2008

Царква і грамадзтва

"Грамадзянскі шлюб" – любоў ці самалюбства?

Паняцьце "грамадзянскі шлюб" за апошнія гады трывала ўвайшло ў нашае жыцьцё. На экранах тэлевізараў, старонках газет, у прыватных размовах мы ўвесь час сутыкаемся з "грамадзянскімі жонкамі" і "грамадзянскімі мужамі". Грамадзянскім шлюбам сёньня прынята называць адносіны, якія не былі ўзаконеныя – ні Царквой, ні ва ўстановах ЗАГСу. Ці такія адносіы сапраўды можна назваць шлюбам? Ці назва "грамадзянскі шлюб" адпавядае такой форме адносінаў? Як Царква ставіцца да так званых "грамадзянскіх шлюбаў"?

Паняцьце "грамадзянскі шлюб" зьявілася ўпершыню ў XVII стагоддзі ў Галандыі, калі нарачоныя, якія належалі да розных канфесіяў, бралі шлюб не ў царкве, а ў грамадзянскіх установах. Яшчэ нядаўна, у часы панаваньня камуністычнага рэжыму і атэізму, у Беларусі большасьць шлюбаў была грамадзянскімі, у апошнія ж часы стала звычайным разам з грамадзянскай "росьпісьсю" браць шлюб у царкве. Такім чынам, тое, што сёньня ў нас называецца "грамадзянскім шлюбам", не адпавядае гэтаму паняцьцю і зьяўляецца па сутнасьці звычайным сужыцельствам.

Неабходным элементам шлюбу ў каталіцкім разуменьні ёсьць згода сужонкаў. "Калі няма згоды, няма і шлюбу",– гаворыць Катэхізіс Каталіцкай Царквы (1626). У лацінскай традыцыі служыцелямі шлюбу зьяўляюцца самі сужонкі, а сьвятар альбо дыякан толькі асістуе ім пры гэтай тайне. Паводле ўсходняй традыцыі служыцелем шлюбу зьяўляецца сьвятар альбо біскуп, які, атрымаўшы згоду нарачоных, вянчае кожнага з іх (ККЦ, 1623). Аднак ёсьць выключныя выпадкі, калі таямніцу шлюбу можна зьдзейсьніць і без сьвятара, а толькі ў прысутнасьці двух сьведкаў (Кодэкс канонаў Усходніх Цэркваў, канон 832).

Гэта яшчэ не азначае, што "грамадзянскі шлюб" можна прыраўнаць да царкоўнага на той падставе, што мужчына і жанчына, прыняўшы рашэньне жыць разам, самі ствараюць яго. Згода ў грамадзянскім і царкоўным шлюбе – гэта зусім іншыя паняцьці. Як правіла "грамадзянскі шлюб" сужыцелі разглядаюць як часовую форму адносінаў. Такая "згода" ніякім чынам не адпавядае хрысьціянскаму разуменьню сужонскай згоды. "Згода сужонкаў – гэта акт волі, на падставе якога мужчына і жанчына праз неразрыўны саюз узаемна сябе аддаюць і прымаюць адзін аднаго для стварэньня шлюбу",– чытаем у Кодэксе канонаў Усходніх Цэркваў (канон 817). Такім чынам, сужонская згода – гэта ня проста рашэньне пэўны час пажыць разам і паспрабаваць весьці агульную гаспадарку, а гатоўнасьць прыняць іншую асобу з яе звычкамі, недахопамі, а таксама аддаваць сябе – свой час, сілы, звычкі, каб зрабіць іншага шчасьлівым. І яшчэ адзін важны элемент шлюбнай згоды – гэты саюз будзе неразрыўным, а значыць, нішто не разьдзеліць сужонкаў. Сужыцельства ў "грамадзянскім шлюбе" зьяўляецца поўным адмаўленьнем ад такога разуменьня шлюбу – чалавек, які стварае "грамадзянскую сям’ю", пакідае для сябе свабоду пакінуць іншага чалавека, калі ўзьнікнуць цяжкасьці ў сумесным жыцьці.

Часта "грамадзянскі шлюб" успрымаецца як пэўная форма падрыхтоўкі да шлюбу, ён мае перарасьці ў трывалы (гэта значыць павянчацца альбо "расьпісацца" ў ЗАГСе). У хрысьціянстве спрадвеку існаваў перыяд падрыхтоўкі да шлюбу – заручыны, пазьней яны сталіся часткаю абраду вянчаньня. Сёньня ўсё больш маладых людзей з царкоўных колаў вяртаецца да старажытнай практыкі. Аднак хрысьціянскія заручыны – гэта зусім іншая падрыхтоўка, чым "грамадзянскі шлюб". Заручаныя не жывуць разам, паміж імі ня можа быць сэксуальнага жыцьця. Яны толькі дэкларуюць свой намер стварыць сям’ю. У "грамадзянскім шлюбе" сям’я фактычна ствараецца, а пазьней "узаконьваецца". Па-рознаму ўспрымаюць "грамадзянскі шлюб" жанчыны і мужчыны. Калі для першых гэта сапраўды чаканьне шлюбу і больш сталых адносінаў, то для другіх – толькі часовая зьява, якая не абавязкова перарасьце ў сям’ю. У Гарадзенскай вобласці 92 % жанчынаў, якія жывуць у "грамадзянскім шлюбе", лічаць сябе замужам, а 85% мужчынаў – вольнымі.

Вядома, немагчыма пазнаць чалавека цалкам, не пражыўшы з ім пэўны час сумесна. І тут прыхільнікі "грамадзянскіх шлюбаў" маюць рацыю. Аднак розьніца паміж хрысьціянскім і "грамадзянскім" разуменьнем гэтага пазнаваньня істотная. "Адам пазнаў Еву, жонку сваю" (Быц 4, 1) – для таго, каб пазнаць жанчыну, неабходна, каб яна сталася жонкаю. Бо біблійнае пазнаньне – гэта ня толькі павярхоўнае знаёмства, гэта пазнаньне ўсёй глыбіні чалавечай асобы, для якога патрэбна ўсё чалавечае жыцьцё. Гэта таксама адкрыцьцё сябе на іншую асобу, на тое, каб быць пазнаным. Словам "пазнаньне", якое выкарыстоўваецца ў гэтым месцы, Сьвятое Пісаньне называе таксама адносіны чалавека з Богам. Як і адносіны з Богам, сужонскія адносіны патрабуюць вернасьці, пастаянства і не могуць датычыць толькі "часткі" чалавека – яны патрабуюць усёй чалавечай асобы і назаўсёды.

Ці зьяўляецца шлюб выразам каханьня? Царква гаворыць – так! Адказ гэты вынікае з хрысьціянскага разуменьня каханьня і любові ўвогуле. "Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, не зайздросьціць, не бывае ганарыстай, не надзімаецца, не амбітная, не шукае таго, што сваё, не злуецца, ня думае благога, ня цешыцца з несправядлівасьці, але радуецца праўдзе, усё пераносіць, ва ўсё верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць. Любоў ніколі не зьнікае" (1 Кар 13, 4-8). Толькі з тым, каго кахаеш па-сапраўднаму, магчыма зьвязаць сваё жыцьцё назаўсёды. Яго можна цярпець, для яго можна ахвяравацца, не шукаючы свайго. Любові патрэбны прынамсі "штамп у пашпарце", і гэта ня проста фармальнасьць. Гэта пацьверджаньне таго, што другая асоба для мяне ня рэч, якую я ўжываю толькі тады, калі яна мне зручная, але сапраўды асоба чалавека, якой я аддаю сваё жыцьцё.

а. Андрэй Крот
Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)