Царква
Бог гордым супрацівіцца, а пакорным дае мілату
(Саборнае Пасланьне Сьв.Ап. Якава 4:6)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (59), 2008

Сьвятло Ўсходу

«Радуйся, непахісны стоўпе еднасьці!» Сьвята парафіі ў Полацку

9 лістапада 2008 г. у грэка-каталіцкай парафіі ў Полацку прайшло сьвята Апекуна парафіі сьвятамучаніка Язафата, Архібіскупа Полацкага. Паводле візантыйскай традыцыі сьвята пачалося яшчэ ў суботу вечарам урачыстай Вячэрняй, якую служыў парах гэтай парафіі а. Аляксандар Шаўцоў. Сьпяваў на гэтай сьвяточнай багаслужбе – вельмі прыгожа і ўзьнёсла – міжпарафіяльны хор “Прасфара” з Менску.

У нядзелю раніцай была адслужана Ютрань, на якой шматразова гучала малітоўнае ўшанаваньне сьвятамучаніка Язафата: “Радуйся, непахісны стоўпе еднасьці!”

Боскую Літургію ў гонар сьвятога мучаніка за еднасьць Царквы ў нядзелю, 9 лістапада, узначаліў Апостальскі Візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы Архімандрыт Сяргей (Гаек), з якім саслужылі протапрасьвітар Ўсходняга дэканату БГКЦ імя сьв. Язафата а. Зьміцер Грышан з Віцебску і полацкі душпастыр а. Аляксандар Шаўцоў. На гэтай Літургіі сьпяваў хор полацкай парафіі сьвятамучаніка Язафата, які з нагоды сьвята парафіі падрыхтаваў некалькі новых напеваў літургічных сьпеваў.

Акрамя полацкіх парафіянаў, на сьвята Язафата прыехалі пілігрымы з Віцебску і Менску.

Паколькі сёлета спаўняецца 15 гадоў, як грэка-каталіцкая грамада г.Полацку пачала ўрачыста адзначаць сьвята свайго Апекуна, пасьля Боскай Літургіі адбыўся прагляд кароткага дакументальна-мастацкага фільму пра сьв. Язафата, які быў зьняты ў Беларусі. Вернікі мелі таксама магчымасьць паўдзельнічаць у прэзэнтацыі кнігі аднаго з заснавальнікаў полацкай парафіі сп. Міхася Баўтовіча “Эпісталяцыя сьвятога Язафата”, якая распавядае пра гісторыю перапіскі Полацкага архібіскупа з канцлерам ВКЛ Львом Сапегам і яе фальшаваньне ў пазьнейшыя часы.

Сьвята завершылася агапай – супольным брацкім абедам усіх удзельнікаў.

Паводле сайту Svjazep.org
Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)