Царква
Мудрыя спадкуюць славу, а непапраўныя немысьлі - ганьбу
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 3:35)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (61), 2009

Крыніцы духу

“Дзякую Богу за Яго ласкавасьць да мяне. Акрамя Неба, гэта адзінае месца, у якім жадаў бы я быць. Мы тут усе роўныя – палякі, габрэі, украінцы, расейцы, літоўцы, эстонцы... Зараз я тут адзіны сьвятар. Не ўяўляю сабе, што б яны рабілі без мяне. Тут я бачу Бога – Бога, Які ёсьць адзін для ўсіх, не зважаючы на нашыя рэлігійныя адрозьненьні. Можа, нашыя Цэрквы розьняцца між сабою, але ва ўсіх іх валадарыць той самы Ўсемагутны Бог. Калі я адпраўляю Літургію, усе яны моляцца. Моляцца рознымі мовамі – але хіба Бог не разумее ўсіх моваў? Паміраюць па-рознаму, і я дапамагаю ім перайсьці гэты мост. Хіба гэта не блаславеньне? Ці ж гэта не найбольшы вянец, які мог мне ўскласьці на галаву мой Госпад? Так! Кожнага дня тысячы разоў дзякую Богу, што Ён паслаў мяне сюды. Не прасіў бы Яго пра большае. Ня плачце па мне – радуйцеся са мною! Маліцеся за стваральнікаў канцлагеру ды аўтараў гэтае сістэмы. Ім патрэбныя вашыя малітвы... Няхай Бог зьмілуецца над імі...”


З апошняга ліста з канцлагеру а. Амільяна Коўча.

Зямля з месца мучаніцтва блаславёнага Амільяна Коўча будзе захоўвацца ў храме БГКЦ у Берасьці

27 чэрвеня ў літургічным календары Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы адзначаецца памяць блаславёнага сьвятамучаніка Амільяна (Коўча). Сёлета, з нагоды 65-й гадавіны сьмерці гэтага грэка-каталіцкага сьвятара на месцы былога канцэнтрацыйнага лагеру Майданэк у Польшчы, дзе ён загінуў, быў асьвячаны абеліск (камень) з пасланьнем Блаславёнага: “…Тут я бачу Бога – Бога, Які ёсьць адзін для ўсіх, не зважаючы на нашыя рэлігійныя адрозьненьні”. Для ўшанаваньня памяці “параха Майданэка”, як называлі вязьні а.Амільяна Коўча, у Люблін 25 сакавіка 2009 году зьдзейсьніла пілігрымку духавенства Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы на чале з біскупамі, да якіх далучыліся сьвятары і вернікі з Польшчы, а таксама з Беларусі.

Мемарыяльную ўрачыстасьць у люблінскім прадмесьці Майданэк, дзе ў вайну ў канцлагеры загінула каля 70 тыс. чалавек (з іх 2/3 – габрэі) з 30 краінаў, узначалілі Зьверхнік Грэка-Каталіцкай Царквы ў Польшчы мітрапаліт Перамышальска-Варшаўскі Ўладыка Ян (Мартыняк) ды рымакаталіцкі архібіскуп-мітрапаліт Люблінскі Юзаф Жыцінскі, якія разам асьвяцілі помнік. Ад Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы на ўрачыстасьцях у Любліне былі Апостальскі Візітатар Архімандрыт Сяргей (Гаек) і душпастыр грэка-каталіцкай парафіі ў Берасьці а. Ігар Кандрацьеў.

У мерапрыемстве бралі ўдзел віцэ-прэм’ер Украіны Іван Васюнік і віцэ-міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Пётр Жухоўскі (яны разам зьдзейсьнілі адкрыцьцё абеліску з памятнай табліцай), а таксама прадстаўнік Сакратарыяту Прэзідэнта Польшчы, прадстаўнікі мясцовых органаў улады, дыпламатычнага корпусу, габрэйскай грамады. Гэтую падзею шырока асьвятлялі польскія, украінскія, а таксама габрэйскія СМІ.

Мемарыяльныя ўрачыстасьці распачаліся з малітвы за ўсіх, хто загінуў у канцлагеры Майданэк. Потым быў зачытаны Дэкрэт Першаярарха УГКЦ Яго Блаславенства Кір Любаміра (Гузара). “Усіх сьвятароў ды душпастыраў нашай Царквы заклікаю ў сваім жыцьці ды служэньні ўспадкоўваць прыклад гэтага нашага сабрата ў сьвятарстве”,– напісаў у дакуменце Кір Любамір.

Пасьля гэтага прадстаўнікам 15-ці япархіяў і экзархатаў УГКЦ з Украіны і Польшчы ды Апостальскай Візітатуры БГКЦ быў перададзены прах Блаславёнага (зямля з канцлагеру ў Майданэку). Ва Ўкраіне ён будзе зьберагацца ў катэдральных храмах УГКЦ у Кіеве, Львове, Тарнопалі, Івана-Франкоўску, Драгобычы, Каламыі, Стрыі, Сокалі, Жоўкве, Чарткове, Луцку, Адэсе і Данецку, у Польшчы – у храмах Перамышлю і Ўроцлава, а ў Беларусі – у царкве сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці.

Царква ў Берасьці была выбрана Апостальскім Візітатарам Архімандрытам Сяргеем (Гаекам) месцам асаблівага ўшанаваньня памяці блаславёнага сьвятамучаніка Амільяна Коўча як найбліжэйшы да Майданэка храм БГКЦ. Акрамя таго, у час ІІ Сусьветнай вайны з Берасьця ў фашысцкі канцлагер Майданэк было адпраўлена шмат жыхароў Беларусі – ахвяраў нацызму, у тым ліку беларускіх дзяцей.

Адразу пасьля ўрачыстасьцяў у Любліне – 25 сакавіка, у сьвята Дабравешчаньня і Дзень малітваў за Бацькаўшчыну – на сьвяточнай Боскай Літургіі ў Берасьці, якую ўзначальваў Апостальскі Візітатар БГКЦ, вернікам быў зачытаны акт перадачы зямлі з канцлагеру ў Майданэку, дзе прыняў мучаніцкую сьмерць бласл. Амільян Коўч. Архімандрыт Сяргей у сваім казаньні расказаў пра хрысьціянскае сьведчаньне гэтага выдатнага грэка-каталіцкага сьвятара. Айцец Ігар Кандрацьеў прапанаваў парафіянам абавязкова паглядзець фільм “Парах Майданэка”, зьняты польскай тэлевізіяй пра бласл. Амільяна Коўча, які ён прывёз пасьля ўрачыстасьцяў у Майданэку.

Постаць блаславёнага Амільяна Коўча (1884-1944) незвычайная – ён здолеў сьмела перакрочыць нацыянальныя і канфесійныя межы, стэрэатыпы і крыўды дзеля ўратаваньня чалавечай годнасьці і славы Госпада.

Нарадзіўся Амільян Коўч 20 жніўня 1884 году ў с. Космачы (Івана-Франкоўская вобл., Украіна). У 1905-1911 гг. меў багаслоўскія студыі ў Рыме ў Рускай калегіі (Collegium Ruthenum). У 1911 годзе быў высьвячаны на сьвятара. У час 1-ай Сусьветнай вайны працаваў у парафіях у Босьніі і ў Галіцыі, быў вайсковым капеланам і двойчы трапляў у палон (да бальшавікоў і палякаў), дзе захварэў на тыф. Затым больш за 20 гадоў ён аддана і ахвярна працаваў душпастырам у мястэчку Перамышляны на Львоўшчыне, што за 7 км ад славутай Уніўскай лаўры, дзе жылі поруч украінцы, палякі і габрэі. Быў бацькам шасьці дзяцей, двое з якіх сталі сьвятарамі.

Будучы ўкраінскім патрыётам, перасьледаваўся польскімі ўладамі за сваю рэлігійна-асьветніцкую дзейнасьць, каля сарака разоў у яго праводзілі вобшук. Але, калі прыйшлі саветы, ён заклікаў сваіх парафіянаў ня помсьціцца на паляках, а калі пачаліся арышты і дэпартацыі іх, асабліва сярод былых чыноўнікаў і ўрадоўцаў, ён дапамагаў выжыць сем’ям рэпрэсаваных ня толькі маральна, але і матэрыяльна. Ён заўсёды заставаўся прыкладам шчырай веры, моцна трымаўся хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, асабліва адважна бараніў іх падчас савецкай і нямецкай акупацыі, праяўляў шчырую любоў і адкрытасьць да кожнага чалавека незалежна ад ягонай нацыянальнай ці рэлігійнай прыналежнасьці і вучыў гэтаму сваіх парафіянаў. Перад самым прыходам гітлераўцаў быў арыштаваны НКВД, і толькі пачатак вайны выратаваў яго.

У вайну ўвесь час намагаўся працаваць для ратаваньня чалавечай годнасьці людзей. Аднойчы ён нават вызваліў габрэяў з падпаленай фашыстамі сінагогі, загадаўшы нямецкім жаўнерам адчыніць дзьверы. Айцец Амільян нават не пабаяўся зьвярнуцца з адкрытым лістом да самога Гітлера, у якім асуджаў масавыя забойствы габрэяў (якіх ён ратаваў як мог) і прасіў дазволу адведваць іх у гета. Увесну 1943 году ён быў увязьнены гітлераўцамі і кінуты спачатку ў турму ў Львоў, дзе ад яго вымагалі, каб адмовіўся ад дапамогі габрэям, а калі ён не пажадаў выракацца сваіх перакананьняў – яго зьмясьцілі ў канцлагер Майданэк. У сваіх таемных лістах з канцлагеру а. Амільян прасіў сям’ю, каб не рабілі спробаў для яго вызваленьня, бо сваё знаходжаньне ў канцлагеры ён успрымаў як Божы дар і сваім абавязкам лічыў падтрыманьне на духу братоў па няволі. Свой жыцьцёвы шлях блаславёны сьвятамучанік Амільян закончыў у канцлагеры Майданэк 25 сакавіка 1944 году – ён быў атручаны газам і спалены фашыстамі ў крэматорыі.

Габрэйская Рада Ўкраіны 9 версьня 1999 году надала а. Амільяну Коўчу тытул “Праведніка Ўкраіны”, цяпер разглядаецца пытаньне вызнаньня яго “Праведнікам народаў сьвету”. 27 чэрвеня 2001 году ў Львове яго беатыфікаваў Папа Рымскі Ян Павел ІІ. У верасьні 2008 году Сінод Біскупаў УГКЦ пастанавіў абвясьціць блаславёнага сьвятамучаніка Амільяна Коўча Заступнікам душпастыраў УГКЦ. Гэтае ўрачыстае абвяшчэньне і асьвячэньне іконы блаславёнага сьвятамучаніка адбылося 24 красавіка 2009 году на Архірэйскай Літургіі ў Кіеве на месцы будаўніцтва Патрыяршага цэнтру УГКЦ, у прысутнасьці ўсіх біскупаў УГКЦ з Украіны і Польшчы, а таксама шматлікіх вернікаў, духавенства і замежных гасьцей. Сёлета, у Год сьвятарства, які нядаўна распачаўся, у кожнай япархіі і экзархаце УГКЦ запланаваныя ўрачыстасьці, на якіх будзе распавядацца пра прыклад хрысьціянскага жыцьця і служэньня гэтага грэка-каталіцкага сьвятара.

Сёлета, 20 жніўня, будуць адзначацца яшчэ і 125-ыя ўгодкі з дня нараджэньня блаславёнага сьвятамучаніка Амільяна Коўча.

Паводле словаў Зьверхніка УГКЦ кардынала Любаміра Гузара, блаславёны Амільян Коўч быў сынам і сьвятаром аднаго народу, загінуў на зямлі другога народу, бо ратаваў жыцьцё сыноў і дачок трэцяга народу. Сёньня выдатная постаць блаславёнага сьвятамучаніка Амільяна Коўча зьбірае шматлікіх вернікаў у Майданэку ў польскім Любліне і ў Перамышлянах ва Ўкраіне ня толькі для ўшанаваньня памяці гэтага выдатнага мужнага сьвятара. Дзякуючы яму ды праз яго заступніцтва гэтыя сустрэчы вернікаў розных краінаў спрыяюць экуменічнаму дыялогу, прымірэньню і паяднаньню народаў. Хочацца верыць, што і ў Берасьці, на беларуска-польска-украінскім памежжы, дзе цяпер будзе захоўвацца памятка пра а. Амільяна Коўча ў выглядзе капсулы з зямлёй з канцлагеру ў Майданэку, гэтыя традыцыі дыялогу і супрацоўніцтва будуць разьвівацца і ўмацоўвацца. Няхай яго прыклад дапамагае і нам перакрочваць стэрэатыпы і абмежаванасьць у нашых сэрцах дзеля праслаўленьня адзінага Бога.

Ігар Бараноўскі

На фота:
1. Майданэк. Абеліск з пасланьнем бласла­в­­­­ё­­нага Амільяна Коўча.
2. 25.03.2009, Майданэк. Галоўны захавальнік музею Майданэка спн. В.Зьлёт перадае зямлю-попел з канцлагеру а. І.Кандрацьеву.
3. 25.03.2009, Майданэк (Польшча). Экуменчная малітва падчас мемарыяльных урачыстасьцяў.
4. Акт перадачы царкве ў Берасьці зямлі з канцлагеру Майданэк, дзе загінуў блаславёны сьвятамучанік Амільян (Коўч).
5. Ікона блаславёнага сьвятамучаніка Амільяна Коўча, асьвячаная 24.04.2009 на Архірэйскай Літургіі ў Кіеве на мес­цы­ будаўніцтва Патрыяршага цэнтру УГКЦ.
Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)