Царква
Не кажы: «чаму гэта колісь было лепей, чым сёньня?» - не зь вялікага розуму ты папытаўся пра гэта
(Кніга Эклезіяста 7:10)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (62), 2009

Царква і грамадзтва

«Царква павінна быць самастойнаю»

«Ёсьць старая, старая, спакуса, каб быць блізка да ўлады, а ня блізка да людзей. Гэтая спакуса праяўляецца ў розных часьцінах сьвету, у розныя часы і ёсьць сапраўды вялікаю спакусаю», – сказаў 27 ліпеня 2009 году Першаярарх УГКЦ кардынал Любамір Гузар у прамым эфіры на ўкраінскім тэлеканале ТВi.

«Царква, калі хоча быць сапраўды Царквой, не павінна быць ворагам дзяржавы, абсалютна не, але яна павінна быць самастойнаю. Яна павінна жыць згодна з Божымі прынцыпамі. Яна павінна мець адвагу сказаць, нават дзяржаўным структурам, што тое, што вы робіце, няправільна. Гэта ня лёгка, але гэта частка нашага хрысьціянскага жыцьця, нашага хрысьціянскага заданьня. Я сьведамы, што спакуса выслугоўвацца, каб мець пэўныя выгоды, пэўныя ільготы, ёсьць велічэзная. Гэта спакуса, якую трэба пераадольваць», – адзначыў Зьверхнік УГКЦ.

«Ісус Хрыстос устанавіў толькі адну Царкву. Тое, што мы называем памеснымі Цэрквамі – гэта часткі той адной Царквы Хрыстовай», – сказаў Першаярарх УГКЦ, адказваючы на пытаньне пра неабходнасьць існаваньня нацыянальных Цэркваў. Паводле словаў Блаславёнага Любаміра, Царква мае два асьпекты: па-першае, яна ёсьць блізкаю да свайго народу, размаўляе на мове свайго народу, яна стварае мастацтва, уласьцівае свайму народу, яна клапоціцца пра яго асьвету, а нават і пра матэрыяльны дабрабыт. Яна ў хвіліны цярпеньня церпіць разам са сваім народам, у хвіліны радасьці – радуецца. Гэты асьпект можна назваць нацыянальным; па-другое, нельга забываць, што Царква, якую Ісус Хрыстос устанавіў, ёсьць адна для ўсіх людзей, якая б ні была іхняя мова, іхняе паходжаньне, узровень дастатку і г. д. «Мы маем Царкву, якая ёсьць наша родная, блізкая нам, якая з намі жыла на працягу стагоддзяў. Адным словам – зьяўляецца нашай маці. А з другога боку, калі мы не адчуем паўсюднасьці гэтае Царквы, што яна ёсьць для ўсіх людзей, мае адзін цэнтр, выразны сымбаль той еднасьці – Ісуса Хрыста, то мы не зразумеем, што такое Царква», – падкрэсьліў Зьверхнік УГКЦ.

Паводле Дэпартаменту інфармацыі УГКЦ
Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)