Царква
Ніякі прарок ня прымаецца ў сваёй бацькаўшчыне
(Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце 4:24)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (63), 2009

Парафіяльнае жыцьцё

15-годдзе грэка-каталіцкай парафіі сьвятамучаніка Язафата ў Лідзе

19 верасьня 2009 году, у суботу, грэка-каталіцкая парафія сьв. Язафата ў Лідзе падчас сьвяткаваньня парафіяльнага сьвята, адзначыла 15-годдзе аднаўленьня душпастырскай дзейнасьці ў гэтым горадзе.

Сёньняшняя парафія зьяўляецца спадкаемцай грэка-каталіцкіх (уніяцкіх) супольнасьцяў, якія існавалі ў Лідзе з першай паловы XVII ст. пры 4 цэрквах: сьв. Яна, сьв. Мікалая (на рынкавай плошчы), сьв. Спаса і пры царкве Ўсячыстай Багародзіцы. Паводле “Ведомостей о греко-униятских церквях и монастырях Брестской епархии” за 1827 год у Лідзкім павеце было 18 уніяцкіх цэркваў і адзін манастыр, якія мелі разам 22496 парафіянаў.

Дзень памяці сьв. Язафата нашыя беларускія продкі-ўніяты адзначалі 16 верасьня, пасьля Крыжаўзвышэньня, і гэтую традыцыю вырашылі адрадзіць у Лідзе. Сьвяткаваньні ў душпастырскім цэнтры распачаліся Боскай Літургіяй, якую ўзначаліў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек). Саслужылі Боскую Літургію 4 грэка-каталіцкія сьвятары з розных парафіяў Беларусі (у Менску, Горадні, Віцебску і Полацку) ды прадстаўнік рыма-каталіцкага духавенства г. Ліды кс. Віктар Гваздоўскі з рыма-каталіцкай парафіі Ўзвышэньня сьв. Крыжа (Фарнага касьцёлу). Менскі моладзевы міжпарафіяльны хор “Прасфара” сваімі сьпевамі на Боскай Літургіі стварыў добрую малітоўную атмасферу. У казаньні а. Яўген Усошын з Менску заклікаў прысутных сьведчыць пра Ісуса Хрыста сваімі справамі і – паводле прыкладу сьвятамучаніка Язафата – адстойваць ідэнтычнасьць Царквы, як Супольнасьці, дзе можна сустрэць Ісуса Хрыста.

Сьвяткаваньне было прадоўжана канцэртам духоўных песьняў вядомага беларускага барда Алеся Камоцкага, які прасьпяваў пад гітару вершаваныя псальмы. У сьвяточную праграму ўключыліся таксама сябры лідзкага рыцарскага клубу “Дайнава”, якія паказалі фрагмент гістарычнага рыцарскага турніру. (Трэба таксама адзначыць, што сябры лідзкіх клубаў гістарычнай рэканструкцыі – рыцары з клубу “Дайнава” і вікінгі з клубу “Хротгар” – аказалі каштоўную тэхнічную дапамогу ў падрыхтоўцы сьвята). Скончыліся сьвяткаваньні супольным абедам-агапай на сьвежым паветры.

Гасьцямі на парафіяльным сьвяце ў гонар сьв. Язафата былі вернікі з іншых грэка-каталіцкіх парафіяў Беларусі, браты рыма-католікі, сярод іх манахіні назарэтанкі і сёстры нотрдамкі. На ўрачыстасьцях у грэка-католікаў прысутнічаў таксама пастар евангелісцка-лютэранскай парафіі Сьвятога Крыжа ў Лідзе Сяргей Гейль.

Сьвяткаваньне 15-годдзя лідзкай парафіі сьв. Язафата праходзіла ў братэрскай атмасферы: удзельнікі на працягу некалькіх гадзінаў пасьпелі і памаліцца, і паслухаць канцэрт, і падсілкавацца, і, вядома, паразмаўляць адзін з адным, падзяліцца сьвяточнай радасьцю.

Госьці разыходзіліся (разьязджаліся) дадому з удзячнасьцю лідзкаму душпастыру айцу Андрэю Буйнічу ды гасьцінным парафіянам.

Паводле Svjazep.org
Гэты артыкул чыталі 6 разоў (-ы)