Царква
Дабрашчасныя міласэрныя, бо яны памілаваны будуць
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:7)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (64), 2010

Катэдральны пляц

Швейцарскі часопіс –
пра Унію і БГКЦ сёньня

На Захадзе веды пра Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву сёньня мінімальныя, а часам і зусім адсутнічаюць. Тым больш каштоўнай ёсьць увага, якую праявіў да БГКЦ швейцарскі часопіс G2W (скарачэньне ад «Glaube in der 2. Welt» – «Вера ў 2-м сьвеце»), які прэзентуе сябе як экуменічны форум па пытаньнях веры, рэлігіі і грамадзтва на Ўсходзе і Захадзе. Летась у гэтым часопісе зьявіліся дзьве публікацыі пра Ўніяцкую Царкву ў Беларусі і сучасны стан БГКЦ.

Швейцарскі месячнік G2W, рэдакцыя якога знаходзіцца ў Цюрыху, прысьвечаны пытаньням рэлігіяў і канфесіяў ды наогул духоўнаму і рэлігійнаму жыцьцю ў краінах былога сацлагеру. Выходзіць гэтае выданьне па-нямецку і распаўсюджваецца таксама ў Нямеччыне і Аўстрыі (таксама выдаецца ў Расеі пад назвай «Вера во втором мире»). G2W зьяўляецца навукова-папулярным часопісам. Пішуць у ім пераважна навукоўцы, аўтарытэты сваіх галінаў, аднак на даступнай мове. Разьлічаны ён на кола інтэлігентаў, зацікаўленых у атрыманьні інфармацыі па пытаньнях міжканфесійнага дыялогу, экуменізму, якіх цікавіць таксама гісторыя і сучасны стан розных веравызнаньняў у краінах Усходняй Еўропы.

Многія гісторыкі, тэолагі і рэлігіязнаўцы на Захадзе слаба ведаюць канфесійную гісторыю Беларусі і асабліва ролю Ўніяцкай Царквы ў фармаваньні беларускай нацыі. Праблематыка Уніі наогул часьцей за ўсё зьвязваецца з гісторыяй Украіны, у той час як пасьля падпісаньня ў Берасьці царкоўнай Уніі ў 1596 годзе амаль стагоддзе падтрымку яна мела пераважна на беларускіх землях.

Не выключэньнем стаў і швейцарскі месячнік G2W, дзе перад тым як узьняць тэму БГКЦ і Уніі ў Беларусі быў зьмешчаны даволі вялікі артыкул пра гісторыю Рэфармацыі ў Беларусі. Нямецкі аўтар, прафесар тэалогіі, яўна перабольшыў значэньне Рэфармацыі (пратэстантызму) у станаўленьні беларускай нацыі. Паводле аўтара, гэта яна паспрыяла зьяднаньню і склала падмурак беларускай нацыі. І хоць аўтар прызнае пэўныя заслугі і праваслаўя, і каталіцызму, аднак карціна атрымалася зусім скажонай. Тым больш дзіўным выглядала замоўчваньне ролі і значэньня Ўніяцкай Царквы. Гэта выклікала палеміку ў часопісе – сваё меркаваньне выказала вядомы швейцарскі беларусіст спн. Моніка Банькоўскі. Каб больш грунтоўна асьвятліць праблематыку і пазнаёміць сваіх чытачоў з гісторыяй і сучасным станам Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі, Рэдакцыя часопісу G2W таксама палічыла неабходным зьвярнуцца да вядомага дасьледчыка гісторыі Ўніяцкай Царквы доктара гістарчыных навук спн. Сьвятланы Марозавай – прафесара Гарадзенскага ўніверсітэту імя Я.Купалы. Вынікам гэтага супрацоўніцтва сталі дзьве яе публікацыі ў гэтым нямецкамоўным швейцарскім экуменічным часопісе: «Берасьцейская Унія» і «Унія: новае адраджэньне ў Беларусі» (Die «Union von Brest». In: G2W - Ökumenisches Forum für Glauben, Religion und Gesellschaft in Ost und West, Nr. 7-8/2009, 34-38; Svjatlana Marozava: Union: Neubeginn in Weißrussland. In: G2W - Ökumenisches Forum für Glauben, Religion und Gesellschaft in Ost und West, Nr. 7-8/2009, 39-40.)

У сваіх артыкулах д-р С.Марозава акрэсьліла гістарычны шлях і ролю Уніі ў Беларусі ў шырокім кантэксьце: царкоўна-палітычным, культурным, адукацыйна-асьветніцкім, нацыястваральным, адзначыла прычыны скасаваньня Уніі і спробы яе ўзнаўленьня ў Заходняй Беларусі ў міжваенны час. Вельмі важным ёсьць тое, што аўтар закранула тэму стварэньня Беларускага грэка-каталіцкага экзархату, адраджэньне Царквы на пачатку 1990-ых і сучаснае становішча (прававое і ідэйна-культурнае), стаўленьне да яе ўладаў, а таксама праваслаўнай і рыма-каталіцкай Царквы ў Беларусі. Пра лёс Уніі ва Ўкраіне пісалася ў G2W не аднойчы, і ў многіх чытачоў магло скласьціся ўражаньне, што Унія – гэта зьява выключна ўкраінская. Публікацыя грунтоўных матэрыялаў пра лёс Уніі ў Беларусі д-ра С.Марозавай, безумоўна, запоўніць гэты прагал.

Ігар Бараноўскі

Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)