Царква
А хто мае дастатак на сьвеце, але, бачачы брата свайго ў нястачы, зачыняе ад яго сэрца сваё, - як застаецца ў тым любоў Божая? Дзеці мае! будзем любіць ня словам альбо языком, а ўчынкамі і праўдаю
(1-ае Саборнае Пасланьне сьв. ап. Яна Багаслова 3:17-18)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (52), 2007

Бабулiна кнiжка стался пачаткам
майго шляху да Бога

Калi ўвечары зазванiў тэлефон i на iншым баку я пачуў голас свайго сябра, я нават ня мог здагадацца, што ён зьвернецца да мяне з прапановай напiса ць у газету "Царква" артыкул-сьведчаньне маёй веры. Па праўдзе я адразу згадзiўся, але пасьля размовы задумаўся, а што я магу распавесьцi людзям. Пасьля доўгiх ваганьняў я вырашыў напiсаць пра свой асабiсты шлях да Бога i да Царквы.

Я рос у звычайнай савецкай сям'i з Магiлеўскай вобласьцi, у якой не было месца для веры. З дзяцiнства гэтая тэма мела своеасаблiвае табу. Бо, дзякуючы прапагандзе, пакаленьне маiх бацькоў расло ў духу будаўнiкоў камунiзму i адзiнае, у што можна было верыць, дык гэта ў сьветлую будучыню. Савецкая iдэалогiя здолела вынiшчыць веру ў Бога, а напоўнiць душу чалавека якiмi-небудзь каштоўнасьцямi гэтак i не змагла. I таму мае бацькi, якiя ў гэтым не адрозьнiвалiся ад большасьцi, лiчылi, што чалавечае жыцьцё й вера несумяшчальныя рэчы. Царкоўныя сьвяты мелi толькi практычны сэнс: на Вадохрышча "зараджалася вадзiчка", Вялiкдзень быў днём, калi пякуць булкi i фарбуюць яйкi. А што за ўсiм гэтым – таямнiца. I, здавалася б, рос бы сабе й нi пра што ня думаў. Але памяць захавала яркiя ўражаньнi пра маю бабулю, што кожны вечар перад сном малiлася. А пасьля, калi мне было 7 гадоў, мая бабуля адышла ў iншы сьвет. Мой тата праз некаторы час прывёз некалькi рэчаў з бабцiнай кватэры, i сярод iх была ўсяго адна кнiжка. Гэтая кнiжка сталася пачаткам майго шляху да Бога. Кнiжка называлася "Новы запавет i Псалтыр".

Дзесьцi гадоў праз пяць я пачаў чытаць гэтую кнiжку. Вядома, што без падрыхтоўкi я мала што разумеў, але мяне зацiкавiла гэтая гiсторыя, гiсторыя нашага збаўленьня.

У старэйшых класах школы я разам з маiмi сябрамi пачаў свае духоўныя пошукi. Мы часам наведвалi праваслаўную царкву, каталiцкi касьцёл, але нiдзе па-сапраўднаму сябе я не знайшоў. Я ў той час ужо лiчыў сябе чалавекам веруючым, бо дакладна ўжо ведаў, што веру ў Бога Ўсемагутнага. Заставалася толькi знайсьцi тое месца, дзе я з Iм сустрэнуся.

Чытаючы ў падручнiку па гiсторыi пра Ўнiяцкую Царкву, я нават нiколi й ня думаў, што яна iснуе i ў нашыя часы. Прынамсi ў маiм родным Бабруйску парафiяў нашае Царквы няма i да сёньня. Скажу шчыра, мяне больш за ўсё вабiла беларуская Царква, тая Царква, якая нясе ўсё духоўнае багацьце, назапашанае стагоддзямi хрысьцiянства ў Беларусi. I гэтай Царквой для мяне была Ўнiяцкая Царква, якая, па маiм меркаваньнi, адпавядала гэтым крытэрам.

Пасьля школы я паступiў вучыцца ў Менск. Першыя два месяцы "сталага незалежнага" жыцьця ў сталiцы для мяне былi самымi складанымi, бо я адчуваў сябе чужым i самотным у гэтым вялiкiм горадзе. I ўявiце, як я зьдзiвiўся, калi ўжо праз месяц маёй вучобы ў Менску я пабачыў артыкул Сяржука Абламейкi ў газеце "Наша Нiва" пра Беларускую Грэка-Каталiцкую Царкву ў нашыя днi. Праглядзеўшы вачыма артыкул, я адразу спынiўся на нумарах тэлефонаў сьвятароў. Калi я патэлефанаваў па адным з iх, мне адказаў а. Андрэй Абламейка. Даведаўшыся, што я тэлефаную, прачытаўшы артыкул, ён запрасiў мяне на сьв. Лiтургiю. Першым набажэнствам, у якiм я ўзяў удзел, была служба за памёрлых на Дзяды 2000 году. Пасьля малiтвы а. Андрэй запрасiў наведаць каплiцу, каб пазнаёмiцца блiжэй. Для мяне гэты дзень стаў маiм асабiстым сьвятам, бо я знайшоў тое, пра што толькi марыў. Мiнула ўжо шэсьць гадоў, але я дакладна бачу перад вачыма, як усё тады адбывалася, i ўпэўнены, што не забуду таго моманту да канца сваiх дзён.

Ад гэтага часу пачалося iншае жыцьцё, бо я выйшаў на свой шлях да Бога, вельмi няпросты шлях, але гэта шлях майго збаўленьня. Бог паслаў мне добрых сяброў i настаўнiкаў, i я вельмi ўдзячны iм за тое, што яны былi i ёсьць побач, духоўна ўзбагачаюць i дапамагаюць мне на маiм шляху да Бога. У Царкве я знайшоў i сваё каханьне. Яшчэ шэсьць гадоў таму, калi адна дзяўчына рыхтавала мяне да першай споведзi, я б нiколi нават i не падумаў, што яна стане маiм лёсам. У 2004 годзе мы з ёй ажанiлiся i сёньня маем ужо маленькага сына.

Падсумоўваючы сваё апавяданьне, мне хацелася б сказаць, што адчуваньне сапраўднай хрысьцiянскай еднасьцi i любовi можна адчуць толькi ў Царкве. Таму хачу зьвярнуцца да ўсiх Вас, паважаныя чытачы й вернiкi, дзялiцеся сваiм рэлiгiйным досьведам з iншымi, дасылайце на адрас нашай газеты свае сьведчаньнi пра ўласны шлях да Царквы, да Бога, бо толькi калi мы разам, калi мы адкрытыя адзiн да аднаго – мы адкрытыя да Бога, мы – Царква. Я буду вельмi ўдзячны ўсiм, хто падтрымае гэтую iнiцыятыву.

Зьмiцер, парафiя сьв. Язэпа, г.Менск


Гэты артыкул чыталі 2 разоў (-ы)