Царква
Не пагардзіць чалавека ў старасці яго, бо і мы старэем. Ня радуйся смерці чалавека, хоць бы ён быў самы варожы табе: памятай, што ўсе мы памром
(Кніга Прамудрасці Ісуса, сына Сірахова 8:7-8)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (53), 2007

“Я – дарога...”
“Я – дарога...” – кажа Ісус. Шматлікія людзі на працягу ўжо двух тысячагоддзяў чулі гэтыя словы і разумелі іх. Яны ішлі дарогай, якой ёсьць Хрыстос, яны нам пакінулі сьведчаньне. Сьведчаньне сваёй веры – спадчыну сваім нашчадкам. Гэта наша спадчына і заданьне для нас, новага пакаленьня, свой сьлед пакінуць у гісторыі сьвету. Пакіньма гэты сьлед, за папярэднікамі, крочачы РАЗАМ!
Рэдакцыя
100-ыя ўгодкі грэка-каталіцкай семінарыі ў Івана-Франкоўску

На Сьветлым тыдні 2007 году адбыліся афіцыйныя ўрачыстасьці з нагоды сьвяткаваньня 100-гадовага юбілею Івана-Франкоўскай вышэйшай духоўнай семінарыі імя сьв. сьвятамучаніка Язафата, якія працягваліся два дні. Акрамя семінарыстаў БГКЦ Віталя Быстрова і Сяргея Леурдо, якія праходзяць у Івана-Франкоўску духоўную фармацыю й навучаньне, ад Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ўдзел ва ўрачыстасьцях узялі дэкан Усходняга протапрасьвітарату ераманах Лявонці (Тумоўскі) і старшыня парафіі з Івацэвічаў Вячаслаў Гарчакоў.

Урачыстасьці распачаліся 12 красавіка 2007 году падзячным малебнам да іванафранкоўскіх мучанікаў Рыгора (Хамішына), Івана (Сьлезюка) і Сымона (Лукача), які ўзначалілі біскупы Івана-Франкоўскай япархіі Ўладзімір Війтышын ды Сафрон Мудры супольна з Мукачыўскім уладыкам Міланам Шашыкам.

Напрыканцы малебну Кір Сафрон у сваёй прамове ўсхваліў дзіўны провід, які дазволіў дачакацца 100-гадовага юбілею Івана-Франкоўскай семінарыі, і нагадаў семінарыстам пра абранасьць іх Госпадам для служэньня сваёй Царкве, бо, як сказаў Госпад на Тайнай вячэры, “...ня вы Мяне выбралі, але Я вас абраў”.

Пасьля малебну правячы біскуп Івана-Франкоўскай япархіі Кір Уладзімір Війтышын урачыста ўзнагародзіў васьмярых сьвятароў-выкладчыкаў духоўнай семінарыі залатымі нагруднымі крыжамі, а ўсіх супрацоўнікаў семінарыі граматамі і сьпецыяльнымі юбілейнымі медалямі.

Прыняўшы архіпастырскае блаславеньне ад Кір Уладзіміра, семінарысты і ўдзельнікі ўрачыстасьцяў распачалі навуковую канферэнцыю, прысьвечаную 100-годдзю Івана-Франкоўскай духоўнай семінарыі. Была ўзгадана яе гісторыя, паіменна ўспомнілі і ўсіх выкладчыкаў, якія ўжо адыйшлі з гэтага сьвету і тых, што яшчэ сёньня служаць. Кір Сафрон Мудры, які быў рэктарам гэтай семінарыі з 1994 па 2000 год (у свой час ён меў таксама багаты досьвед працы рэктарам у Рыме ў Папскай Калегіі сьв. Язафата), характарызуючы сутнасьць духоўнай семінарыі, зазначыў, што яна зьяўляецца не інтэрнатам, але ёсьць унутраным глыбокім спосабам царкоўнага жыцьця, жыцьця паводле вобразу Хрыста з поўнай заангажаванасьцю чалавека ў ім.

Уладыка Сафрон паказаў таксама гістарычныя перадумовы існаваньня семінарыі, правёўшы экскурс у традыцыю выхаваньня працаўнікоў Божае нівы. Апосталы хадзілі з Госпадам тры гады, увесь час вучыліся ў Яго. Пазьней былі заснаваныя багаслоўскія школы ў Антыёхіі, Александрыі, Эдэсе. На Русі яны існавалі пры манастырах. Кір Сафрон узгадаўпра фармаваньне сучаснае сістэмы семінарыяў ад Трыдэнцкага сабору, пра заснаваньне Папскай усходняй калегіі ў Рыме. І вось у такі кантэкст шляху пераемства багаслоўскіх ведаў досыць арганічна ўпісваецца вышэйшая духоўная грэка-каталіцкая семінарыя і ў Івана-Франкоўску.

З нагоды ўрачыстае даты намаганьнямі семінарыстаў была падрыхтавана і выдадзена вельмі цікавая кніга “Нарыс гісторыі Івана-Франкоўскай (Станіславаўскай) Духоўнай Семінарыі імя сьвятога сьвятамучаніка Язафата (1907-2007 гг.)”. Канферэнцыя скончылася прэзентацыяй гэтай кнігі. Затым адбылася прэзентацыя выставы кніг семінарыйнага выдавецтва. На цяперашні час выдадзена 87 кніг выкладчыкаў семінарыі. Разам са старымі царкоўнымі паштоўкамі іх можна было пабачыць на выставе. Акрамя ўжо згаданай кнігі па гісторыі семінарыі трэба адзначыць яшчэ адну навінку семінарыйнага выдавецтва, якую чакалі амаль 300 гадоў – пераклад актаў Замойскага Сіноду, якія складаюць канстытуцыю, падмурак партыкулярнага права УГКЦ. У прапанаваным выданьні падаецца паралельна лацінскі і ўкраінскі тэкст актаў.

У другі дзень урачыстасьцяў сьвяточную Літургію ў катэдральным саборы Івана-Франкоўску ўзначаліў Першаярарх УГКЦ Кір Любамір Гузар. Яму саслужылі 12 біскупаў з усяе Ўкраіны ды мноства сьвятароў, у тым ліку а. Лявонці (Тумоўскі) з Беларусі. Старажылы распавядаюць, што столькі ўладык разам не было ў Івана-Франкоўску з часоў біскупскай хіратоніі Сафрона Мудрага.

На самым пачатку Літургіі Зьверхнік УГКЦ Кір Любамір удзяліў блаславеньне семінарыі яшчэ на наступныя 100 гадоў. Таксама ён узнагародзіў найвышэйшымі ўзнагародамі Царквы – мітрамі цяперашняга рэктара семінарыі а. д-ра Алега Каськіва, віцэ-рэктара Тэалагічнай Акадэміі а.Барыса Гобыра і а. Івана Казовіка, дэкана філасофска-багаслоўскага факультэту.

Адразу з катэдры ўрачыстай працэсіяй уладыкі са сьвятарамі ўва ўсіх літургічных пасхальных рызах разам з усімі прысутнымі пайшлі па вуліцы Шаўчэнкі да будынку, дзе сёньня знаходзіцца ваенкамат і дзе раней знаходзілася семінарыя. Было выказана спадзяваньне, што будынак гэты будзе ўсё ж вернуты Царкве. Зьверхнік УГКЦ асьвяціў мемарыяльную дошку на сьцяне былога семінарыйнага будынку.

На ўрачыстасьцях 100-годдзя Івана-Франкоўскай духоўнай семінарыі прысутнічалі таксама былыя прэфекты семінарыі, якія цяпер на студыях у Рыме. Яны перадалі блаславеньне для семінарыі ад Папы Рымскага Бенядыкта XVI. семінарыст Віталь Быстроў

На фота: Семінарысты сустракаюць Першаярарха УГКЦ Любаміра Гузара.
Гэты артыкул чыталі 2 разоў (-ы)