Царква
I ня гэтым толькі, але хвалімся і жальбамі, ведаючы, што ад жальбы ідзе цярплівасьць, ад цярплівасьці дасьведчанасьць, ад дасьведчанасьці надзея
(Пасланьне сьв. ап. Паўла да Рымлянаў 5:3-4)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (56), 2008

Царква і грамадзтва

Сур'ёзнае пытаньне

Пачынаючы з гэтага году, Евангелісцка-Лютэранская Царква Швецыі будзе бласлаўляць гомасэксуальныя шлюбы. Адпаведнае рашэньне было яшчэ летась прынята на сінодзе Царквы і сталася лагічным працягам сітуацыі, якая запанавала ў гэтай скандынаўскай краіне на працягу апошніх гадоў. Гэтая сітуацыя, зьнешне вельмі далёкая і неактуальная для нас, прымушае, аднак, паставіць і перад сабою некаторыя сур’ёзныя пытаньні.

Асновай для падобнага рашэньня, за якое аддалі свае галасы 2/3 членаў сіноду Царквы, стаў новы дзяржаўны закон, паводле якога ўсе ўстановы па рэгістрацыі грамадзянскага стану ня маюць права адмаўляць у рэгістрацыі саюзаў паміж асобамі аднаго полу. У супрацьлеглым выпадку ім пагражаюць санкцыі ўключна з ліквідацыяй. Евангелісцка-Лютэранская Царква Швецыі, якая зьяўляецца дзяржаўнай і найбуйнейшай па колькасьці вернікаў канфесіяй краіны, адносіцца ўласна да такіх установаў. Іншым гучным прыкладам адносінаў Царквы і сэксуальных меншасьцяў у сучаснай Швецыі быў леташні судовы працэс над пастарам Ааке Грынам, які дазволіў сабе hate speech (анг. – рэзкія выказваньні) на адрас гомасэксуалістаў, назваўшы іх «ракавай пухлінай усяго грамадзтва». Пастар адсядзеў месяц у вязьніцы па абвінавачаньні ў распальваньні нянавісьці да сэксуальных меншасьцяў і быў апраўданы толькі пасьля паўторнага працэсу.

Ня трэба думаць, што падобная сітуацыя характэрна толькі для Швецыі. На працягу апошніх гадоў у шэрагу еўрапейскіх краінаў былі прынятыя законы, якія легалізавалі аднаполавыя саюзы або дазволілі на ўсынаўленьне дзяцей такімі парамі. Таксама раз-пораз адбываюцца судовыя працэсы супраць асобных біскупаў ці сьвятароў, якія публічна абвяшчаюць пазіцыю Царквы ў адносінах да гэтай зьявы. Найбольшы розгалас сярод справаў такога роду атрымала адстаўка з пасады камісара Еўразьвязу па пытаньнях юстыцыі, грамадзянскіх свабод і бясьпекі італійца Рока Буцільёнэ (Rocco Buttiglione) толькі за тое, што ён адкрыта назваў гомасэксуалізм грахом, хоць і адзначыў, што не зьбіраецца парушаць правы сэксуальных меншасьцяў.

Такім чынам, у апошнім дзесяцігоддзі ў Заходняй Еўропе і Паўночнай Амерыцы сталіся рэальнасьцю, у тым ліку і ў прававой сферы, працэсы, якія распачаліся так званай «сэксуальнай рэвалюцыяй» шасьцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя. Тагачасныя сацыяльныя зьмены былі названыя «рэвалюцыяй» у адносінах да папярэдняга нарматыўнага стану заходняга грамадзтва, якое дэкларавала хрысьціянства і яго маральныя прынцыпы як аснову грамадзкага жыцьця. Наколькі гэтая дэкларацыя адпавядала рэальнасьці – іншая справа. Але адкіданьне гэтае дэкларацыі азначала для вялікай часткі грамадзтва канчатковы разрыў з хрысьціянскімі маральнымі каштоўнасьцямі. З хрысьціянскага пункту гледжаньня тыя падзеі саракагадовай даўнасьці можна назваць хутчэй «сэксуальнай контррэвалюцыяй», паколькі сапраўдную рэвалюцыю заходняе грамадзтва перажыло пасьля легалізацыі хрысьціянства яшчэ ў IV стагоддзі пасьля Хрыста. Уласна тады, дзякуючы хрысьціянізацыі і разьвіцьцю манаскага руху, былі выкінуты на «сьметнік гісторыі» сэксуальная разбэшчанасьць і гомасэксуалізм як норма паводзінаў, якімі вызначалася Рымская імперыя ў папярэднюю эпоху. Але, на жаль, як кажа Евангельле, «сабака павяртаецца на ваніты свае», і сучасны заходні хрысьціянін рызыкуе сёньня апынуцца ў сітуацыі, знаёмай яму толькі па творах царкоўнай гісторыі.

Як ужо было сказана вышэй, гэтыя праблемы ёсьць для нас яшчэ шмат у чым чужымі і неактуальнымі. У кожнай асобнай краіне секулярызм мае «нацыянальнае» аблічча і за вельмі рознымі зьнешнімі рысамі часта цяжка распазнаць той самы феномен. Савецкая эпоха, зьвязаныя з ёй ізаляцыя і палітыка дзяржаўнага атэізму, стварылі ў нас сітуацыю, вельмі адрозную ад заходняй. Адзінае, на што важна зважаць нам ужо сёньня,– гэта тое, што пры кантактах з прадстаўнікамі заходняга сьвету варта не забывацца пра «паліткарэктнасьць» у выказваньнях на такія далікатныя тэмы. Ня ведаем, аднак, што нас чакае заўтра. Калі сёньня гаворыцца пра еўрапейскую будучыню Беларусі – гэта, між іншым, можа азначаць, што ў будучым мы таксама сутыкнемся са спробамі пабудовы грамадзкага жыцьця на асновах ня толькі нацыянальнай, рэлігійнай, але і сэксуальнай цярпімасьці. Ці зможа тады нашае грамадзтва, зьнякроўленае фізічна і духоўна дзесяцігоддзямі камунізму й дзяржаўнага атэізму, супрацьстаяць спакусе такім лёгкім шляхам далучыцца да «цывілізаванага» сьвету? Ці змогуць тады хрысьціяне Беларусі супрацьстаяць гэтай небясьпецы хаця б у такой меры пасьпяхова, як гэта робяць сёньня хрысьціяне Захаду?

Для нас знаёмая сітуацыя, калі дзяржаўныя законы бываюць скіраваныя на перасьледаваньне і маргіналізацыю Царквы. Так было, напрыклад, у СССР. Навучаныя папярэднім досьведам, мы зможам пасьпяхова змагацца з гэтымі рэчамі толькі тады, калі будзем рабіць гэта супольна, адкінуўшы ўбок дробныя супярэчнасьці і асабістыя амбіцыі. Складанасьць сітуацыі ёсьць у іншым. Як мы ўжо бачылі на прыкладзе Евангелісцка-Лютэранскай Царквы Швецыі, пытаньне сэксуальных меншасьцяў, таксама як эўтаназіі, абортаў, кланаваньня і іншыя, пачынаюць разьдзяляць Царкву знутры. У шведзкім выпадку вялікая частка кліру і вернікаў згаданае Царквы ўжо заявіла пра сваю рашучасьць шукаць асобнае юрысдыкцыі, каб толькі ня быць зьвязанымі «паліткарэктнымі» рашэньнямі сіноду. Можа, найбольш дзіўна, што гэты канфлікт разгортваецца ў адной з рэфармацкіх Цэркваў, для якіх заўсёды быў падставовым аўтарытэт Божага Слова, якое адназначна асуджае гомасэксуалізм. Дзе падзеўся цяпер гэты аўтарытэт, чаму замест Божага закону хрысьціяне вырашаюць сьледаваць чалавечым пастановам?

Духоўны вымер гэтае праблемы добра вядомы. Гэта – грэх. Ён ёсьць сілай здольнай разьдзяліць чалавека з Богам, людзей адзін з адным. Калі чалавек прымае яго, «прычашчаецца» гэтага граху, тады той стаецца рэальнасьцю ўнутранага жыцьця чалавека, вызначае ягоную сьвядомасьць і ўчынкі. «Вуглавым каменем» гэтае праблемы, які вызначыў пазьнейшае рашэньне ярархіі, было ня новае заканадаўства, але прысутнасьць сэксуальных меншасьцяў унутры Царквы. І ня проста прысутнасьць, але іх актыўная пазіцыя ў абароне свайго права на маральную аўтаномнасьць. Нават перад абліччам аўтарытэту Божага слова.

Даўно мінулі часы Сярэднявечча, калі людзей маглі прымушаць да веры. Сёньня чалавек, нават калі ён быў ахрышчаны ў дзяцінстве, у дарослым узросьце мае поўную магчымасьць сьвядома адмовіцца ад нежаданага дару. Калі некаму не падабаецца хрысьціянства, з ягонымі дагматычнымі і маральнымі прынцыпамі, на «рэлігійным рынку» знойдзецца вялікі выбар дактрын на любы густ. Але не – людзі выбіраюць хрысьціянскую дактрыну, толькі вось у маральных пытаньнях хочуць кіравацца ўласнымі дактрынамі. Больш таго, імкнуцца навязаць іх усёй Царкве з дапамогаю грамадзкіх механізмаў і сьвецкай улады. У параўнаньні з гэтай сітуацыяй, перасьледаваньні Нэрона выглядаюць прымітыўнымі дзіцячымі забаўкамі. Бо тут ужо ідзе гаворка не пра супярэчнасьці паміж асобнымі супольнасьцямі або хрысьціянамі, але пра самыя падставовыя пытаньні. Што такое хрысьціянства? Чым ёсьць Царква? Што прапаведваў Госпад? Гэта тыя пытаньні, якія адносяцца да самой істоты, унутранага стрыжня хрысьціянства. Дзеля гэтага і закруціўся ўвесь гэты «сыр-бор».

Калі перад намі самімі паўстаюць сёньня такія сур’ёзныя пытаньні, мы ня можам спадзявацца адразу даць на іх лёгкія і простыя адказы. Завучаныя ў дзяцінстве радкі з катэхізму або пакорлівае «раз так сказалі, значыць так яно і ёсьць», гучаць непераканаўча на фоне рэальных праблемаў. Ці здольныя мы на сур’ёзныя адказы на гэтыя пытаньні? Ці толькі, па-беларуску запаволена, будзем думаць, як зрэагаваць на адну праблему, у той час, як зьяўляецца ўжо наступная? Жыцьцё – гэта творчасьць, а не рэагаваньне. Патрэбна сьвядома і загадзя фармаваць нашу хрысьціянскую пазіцыю ў адносінах да розных няпростых пытаньняў і зьяваў грамадзкага жыцьця. Пасьля гэтага трэба зьбіраць здаровыя сілы для канкрэтнага іх вырашэньня.

Мы часта чуем заклікі да штодзённага чытаньня Бібліі, але не разумеем, што гаворка ідзе ня проста пра набожнае выкананьне хрысьціянскіх абавязкаў. Божае Слова ёсьць галоўнай крыніцай, у сьвятле якой мы можам правільна пабачыць, ацаніць і знайсьці адказ на пытаньні хрысьціянскага жыцьця. Гэта той узор, ня бачачы якога перад сабою, мы абавязкова пачнем перабудоўваць Царкву «на ўласны вобраз і ўпадабаньне». У той жа час, наша ўласнае жыцьцё ёсьць падобна да Бібліі. Яно адлюстроўвае Божую дзею, у ім Бог адкрывае нам Сябе. Навучыцца чытаць гэтую «кнігу», распазнаваць Бога за рознымі абставінамі – гэта азначае стаць чалавекам, здольным рэальна пабачыць Бога ў сваім жыцьці.

Часта нам хочацца, каб навучаньне Царквы выглядала так проста, як інструкцыя для карыстаньня тэлевізарам або пыласмокам: усё па пунктах, з схемамі й малюнкамі, якія б давалі нам дакладныя ўказаньні, як і што трэба рабіць у хрысьціянскім жыцьці, каб нічога там «не сапсаваць». Жыцьцё, аднак, мае такую ўласьцівасьць, што самыя дэтальныя інструкцыі хутка губляюць сваю актуальнасьць і робяцца няздатнымі растлумачыць хрысьціяніну, як карыстацца атрыманымі ім Божымі дарамі. Але вечныя адказы Божага Слова застаюцца актуальнымі заўсёды. Унутрана моцная і адзіная Царква заўсёды ёсьць адкрытая на Божае Слова і гатовая сьведчыць яго да канца. Калі ж гэтае еднасьці няма і кожны кіруецца ўласнымі законамі, тады няма сілы супрацьстаяць законам гэтага сьвету і застаецца толькі трымацца «паліткарэктнасьці».

Ня хочацца, каб гэты тэкст успрымаўся як канчатковы прысуд для дэхрысьціянізаванага заходняга грамадзтва або як спосаб прылюднага асуджэньня грэшнікаў. Чалавеку з калодай ва ўласным воку, як кажа пра гэта Хрыстос, ня так проста разглядзець парушынку ў воку свайго бліжняга. Але хочацца, каб, пабачыўшы вастрыню праблемаў, якія стаяць сёньня перад Хрыстовай Царквой, мы ў еднасьці і пакорлівасьці ўзьнесьлі рукі да Госпада, каб Ён даў нам сьвятло пазнаць Ягоную праўду і сілы быць заўсёды вернымі ёй.

Алесь Сямчонак


Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)