Царква
Гора вам, хто сьмяецца сёньня! бо заплачаце і загалосіце
(Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце 6:25)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (57), 2008

Крыніцы духу

“Нястомна распаўсюджваць
міласэрную любоў Хрыста”

Першы Сусьветны апостальскі Кангрэс, прысьвечаны Божай Міласэрнасьці
Рым, 2-6 красавіка 2008 г.

Кангрэс пачаўся ў Рыме ў сераду, 2 красавіка 2008 году, сьвятой Імшой, якую ў 3-я ўгодкі сьмерці Слугі Божага Папы Яна Паўла ІІ служыў на Плошчы сьв. Пятра ў Ватыкане Яго Сьвятасьць Папа Бенядыкт XVI. У гэтай сьв. Імшы ўзялі ўдзел больш за сорак тысяч вернікаў з розных краінаў сьвету. У сваёй гаміліі Бенядыкт XVI падкрэсьліў дзьве асноўныя рысы пантыфікату Яна Паўла ІІ: яго сьведчаньне Міласэрнасьці Ўваскрослага Хрыста і вернасьць Хрысту Ўкрыжаванаму.

Сваю гамілію Папа Бенядыкт XVI завяршыў чулымі словамі ўдзячнасьці свайму Папярэдніку. “Няхай Царква, ідучы за Яго навучаньнем і прыкладам, верна і бескампрамісна працягвае Яго евангелізацыйную місію, нястомна распаўсюджваючы міласэрную любоў Хрыста, якая зьяўляецца крыніцаю сапраўднага міру ва ўсім сьвеце”.

Багаслужэньне і словы Сьвятога Айца дазвалялі ўдзельнікам асэнсаваць прароцкую інтуіцыю Яна Паўла ІІ адносна значэньня Божае Міласэрнасьці ў жыцьці Царквы й сьвету. На гэтай службе прысутнічалі Мітрапаліт Менска-Магілеўскі Ўладыка Тадэвуш Кандрусевіч, а. дэкан Ігар Лашук з Менску ды група рыма-каталіцкіх вернікаў з Беларусі. БГКЦ прадстаўлялі Архімандрыт Сяргей (Гаек) і а. Ігар Кандрацьеў з Берасьця, якія ў наступныя дні актыўна ўдзельнічалі ў працы Кангрэсу.

Акрамя беларускіх грэка-католікаў на Кагрэсе былі таксама прадстаўнікі іншых Усходніх Каталіцкіх Цэркваў: армяна-каталіцкі біскуп Хаўсэп Арнаўці з япархіі Камішлі (Сірыя), мельхіцкі (грэка-каталіцкі) архімандрыт Шарбель з Лівану і група сьвятароў розных усходніх абрадаў з ЗША і Індыі.

Пачынаючы з серады, пасьля абеду ўсе пленарныя сэсіі ды міжнародныя сьв.Імшы праходзілі ў рымскай базыліцы сьв. Яна Хрысьціцеля на Латэране, якая зьяўляецца катэдральным саборам Папы. У працах Кангрэсу ўдзельнічала больш за тры тысячы делегатаў з розных краінаў сьвету.

Кожны дзень прыносіў новыя тэмы для разважаньня і асэнсаваньня. У другі дзень Кангрэсу, 3 красавіка 2008 году, тэма працаў гучала так: “Таямніца Божай Міласэрнасці як скарб Царквы”. Раніцай гэтага дня ў базыліцы сьв. Яна на Латэране прамаўляў кардынал Аўдрыс Юозас Бачкіс, Мітрапаліт Віленскі. Ён асабліва адзначыў, што Папа Ян Павел ІІ паказаў Божую Міласэрнасьць як апостальскую праграму для ўсёй Царквы, а Бенядыкт XVI пераняў і падтрымаў ініцыятыву свайго Папярэдніка.

Віленскі архібіскуп нагадаў удзельнікам, што першы абраз Ісуса Міласэрнага быў напісаны ў Вільні ў 1934 годзе іканапісцам Яўгенам Казіміроўскім паводле вусных апісаньняў сястры Фаўстыны Кавальскай. Годам пазьней, падчас сьвяткаваньня Юбілею 1900-годдзя Адкупленьня, гэты абраз быў зьмешчаны ў Санктуарыюме Вострай Брамы, дзе знаходзіцца цудатворная ікона Маці Божай Міласэрнасьці, а спаведнік сястры Фаўстыны, Слуга Божы а.Міхал Сапоцька, прамовіў у 2-ую велікодную нядзелю гамілію, прысьвечаную Божай Міласэрнасьці. Такім чынам, у Вільні ўпершыню была адзначана ўрачыстасьць Божай Міласэрнасьці, якая толькі ў 2000 годзе па ініцыятыве Яна Паўла ІІ стала адзначацца ва ўсёй Каталіцкай Царкве.

У пятніцу, 4 красавіка, удзельнікі працавалі над тэмай “Міласэрнасьць стымулюе Сулучнасьць у Царкве”. У рамках ранішняй сэсіі праваслаўны Архібіскуп Вены Іларыён (Алфееў) з Маскоўскай Патрыярхіі РПЦ прачытаў даклад пра багаслоўе Ісака Сірыйца, якога можна назваць радыкальным Вяшчуном Божае Міласэрнасьці. Перад дакладам Архімандрыт Сяргей (Гаек) меў нагоду цікавай багаслоўскай размовы з Уладыкам Іларыёнам.

У суботу, 5 красавіка, удзельнікі Кангрэсу разважалі над тэмай: “Роля Міласэрнасьці ў місіі Царквы”.

Тэматыка Кангрэсу была прадметам лекцыяў і разважаньняў таксама ў рэгіянальных круглых сталах.

“Божая міласэрнасьць – мяжа злу” – такою была тэма дакладу Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, які ён прачытаў у другі дзень працы Кангрэсу, 3 красавіка 2008 году, у царкве Сьвятога Духа (Santo Spirito in Sassia) у рамках круглага стала прадстаўнікоў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы. На пачатку свайго выступу Ўладыка Кандрусевіч заўважыў, што гэты Кангрэс мае вялікае значэньне для ўсіх краінаў былога Савецкага Саюзу, бо менавіта краіны былой імперыі сталіся месцам, дзе Божая міласэрнасьць праявілася ў асаблівы спосаб. “Яшчэ ня так даўно здавалася, што на гэтай з’атэізаванай зямлі больш ніколі ня будуць гучаць словы Добрай Весткі, ня будзе адпраўляцца сьв. Імша і ня будуць удзяляцца іншыя сакраманты. Аднак Бог у чарговы раз паказаў, што ўмее выпрастоўваць крывыя лініі гісторыі, што гэта ўласна Ён ставіць апошнюю кропку над “і” і зьяўляецца Ўладаром сьвету. Савецкая імперыя развалілася, як дом з пяску, і пятнаццаць новых, незалежных краінаў будуюць сваю будучыню, хоць парэшткі былой сістэмы яшчэ доўга будуць нагадваць пра сябе”,– адзначыў Мітрапаліт Менска-Магілёўскі.

Назва дакладу Мітрапаліта Т.Кандрусевіча супадала з думкай вялікага шанавальніка Божай Міласэрнасьці Слугі Божага Яна Паўла ІІ, які ў сваёй апошняй кнізе “Памяць і самасьвядомасьць” пісаў, што канчатковай мяжою, пакладзенай злу, зьяўляецца Божая Міласэрнасьць. Гаворачы пра асобу Вялікага Папы, архібіскуп Кандрусевіч адзначыў: “З цягам часу, калі, выконваючы служэньне Пятра, Ян Павел ІІ усё глыбей уваходзіў у містычную еднасьць цярпеньня з Хрыстом, ён штораз мацней абвяшчаў Евангельле Любові і Надзеі, абвяшчаў ажно да апошніх дзён свайго пантыфікату. Пасхальную таямніцу Вялікі Папа ўспрымаў у катэгорыях Божай Міласэрнасьці з упэўненасьцю ў тым, што менавіта яна зьяўляецца мяжою зла.

Тэматыка, што разглядалася на Кангрэсе, ажыўляла таксама і супольную малітву ў рамках міжнародных багаслужбаў ды малітоўных чуваньняў. Вечарам кожнага дня розныя групы і каталіцкія супольнасьці паказвалі тэатральныя пастаноўкі на біблійныя тэмы на рымскай гістарычнай плошчы Piazza Navona. З асаблівым зацікаўленьнем, ня толькі ўдзельнікаў Кангрэсу, але і звычайных мінакоў, былі сустрэтыя пастаноўкі, падрыхтаваныя сябрамі міжнароднай супольнасьці “Cenacolo” (“Вячэрнік”), што створанана італійскай манахіняй сястрой Эльвірай для працы з наркаманамі, і бразільскай супольнасьці “Shalom”, якая займаецца працай з беднымі і пакінутымі на вуліцы.

Каб пасланьне Божай Міласэрнасьці данесьці да шырокіх колаў рымлянаў і турыстаў, у суботу ўвечары на вуліцах Рыму меў месца гэтак званы “Festival della Misericordia (“Фестываль Міласарнасьці”).

Кангрэс закончыўся сьв. Імшой, якую ў нядзелю, 6 красавіка 2008 году, пры папскім алтары ў базыліцы сьв. Пятра служыў кардынал Хрыстоф Шонбарн з Вены. Пасьля абеду на сустрэчы рэгіянальных і нацыянальных каардынатараў абмяркоўвалася неабходнасьць розных душпастырскіх ініцыятываў, якія б спрыялі задачы “нястомна распаўсюджваць міласэрную любоў Хрыста”.

У Кангрэсе ўдзельнічалі групы і супольнасьці, якія зацікаўленыя супрацоўніцтвам з БГКЦ. Сярод іх – каталіцкі Альянс “Dives in Misericordia” (AdiM) з Трыдэнту (Trento), які падтрымлівае дзейнасьць санктуарыюма Хрыста Чалавекалюбца ў Маладэчне. Ад іх мы атрымалі фотаздымкі, якія далучаем да гэтага матэрыялу.

На фота:

1. Рым, 03.04.2008. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч на Кангрэсе Божай міласэрнасьці падчас працы круглага стала ў царкве Сьвятога Духа.

2. Ярархi на адкрыцьцi Кангрэсу Божай Мiласэрнасьцi.

3. Удзельнікі Кангрэсу Божай Міласэрнасьці з Альянсу ADiM з Трыдэнту (Iталiя).
Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)