Царква
Ня гневайся на злачынцаў, не зайздросьці несправядлівым, бо яны, як трава, неўзабаве скошаны будуць, і як былінка зялёная, завянуць
(Псалтыр 36:1-2)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (58), 2008

Наша вера

Мае ўражаньні ад полацкай пілігрымкі-2008

Не сумуйце, дзецюкі, начамі,
Ужо ня ўдасца спужаць вольны дух!
Мы былі і будзем крывічамі
Ад хваль Угры – аж па сіні Буг!

Ларыса ГЕНІЮШ


Слава Хрысту!

Хачу падзяліцца сваімі ўражаньнямі ад Пілігрымкі-2008 Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы з Віцебску ў Полацак. Мы, берасьцейскія ўніяты з Берасьця, Бярозы і Ляхавічаў, паехалі на чарговае выпрабаваньне душы і цела – у пілігрымку ў гонар пяці пакутнікаў манахаў-базыльянаў з Полацку.

Спадарыня Алена Панасевіч з Берасьця разам з малымі сынамі-пагодкамі Юрасём і Стасем рашуча заявіла: мы пройдзем увесь шлях! Хвала адважным! Мае ж планы былі больш сьціплыя. Думаю, пагляджу дзень, другі, што гэта такое і зьеду. Былі справы ды ня тое ўжо і здароўе.

Але рэальнае знаёмства з жыцьцём пілігрымаў мяне ўразіла і ўсхвалявала. Пабачыўшы, з якім імпэтам маленькія дзеткі крочылі па шляху пілігрымкі, мне стала сорамна за мае грэшныя думкі, і я рашыў: "Застаюся і ўбачу купалы сьв. Сафіі!"

На другі дзень выявіліся мае хібы ў падрыхтоўцы да пілігрымкі. Але сярод удзельнікаў пілігрымкі вітаў такі Божы дух любові, падтрымкі і павагі, што ўсялякія цяжкасьці вырашаліся хутка і з надзеяй, што ўсё будзе добра. Зладжана і мужна працавалі і служылі сьвятары і семінарысты. А калі, прайшоўшы ладны кавалак дарогі, мы бачылі на гарызонце сястру Вікторыю, нястомную працаўніцу, руплівую і рухавую гаспадыню нашай пілігрымкі, усе з палёгкай уздыхалі: "Будзе хлеб і да хлеба!"

І вось прайшлі ўжо трэці дзень сваёй дарогі, крочым чацьвёрты. Цяжка ўсім… І ў гэты нялёгкі момант пілігрымкі кожнаму пілігрыму, і мне асабіста была аказана такая патрэбная дапамога. Матушка Людміла і абутак мне знайшла памяняць, і крывавыя мазалі на падэшвах ног маіх перавязала. Вялікі Вам дзякуй, спадарыня Людміла, "Многія леты!"

Штогадовая пілігрымка Віцебск-Полацак праводзіцца пад пільным вокам і апекаю Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыта Сяргея Гаека, які праз свае казаньні на Боскіх Літургіях надаваў сілу і веру, каб прайсьці шлях пілігрымкі.

І вось паказаліся ўжо залатыя купалы сьвятой Сафіі… Старажытны Полацак… Беларускі грэка-каталіцкі манастыр і… лазьня. Шлях пілігрымаў завершаны. І як усялякую справу, так і мы завяршаем наш паломніцкі шлях кароткай, але зьмястоўнай малітвай:

Дзякуй Табе, Божа!
Дзякуй у кожны час!
Дзякуй Табе, Божа!
За ўсё, чым дорыш нас!


Вечная слава Ісусу Хрысту!

Уладзімір Сямашка,
г. Берасьце
P.S.: Ногі мае ўжо хутка сталі здаровыя, а таму кажу: "Бывай, пілігрымка-2008, і да сустрэчы, пілігрымы!"
Гэты артыкул чыталі 6 разоў (-ы)