Царква
Няскора ўчыняецца суд над благімі справамі; таму не баіцца сэрца сыноў чалавечых чыніць ліхату
(Кніга Эклезіяста 8:11)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (59), 2008

Сьвятло Ўсходу

У сьвятле Ўзвышанага Крыжа Гасподняга

Пра жыьцёвае сьведчаньне
сьвятамучаніка Язафата (Кунцэвіча)

Паводле супрасьлеўскай (беларускай) традыцыі 16 верасьня адзначаецца памяць сьвятамучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага. (Гэтая традыцыя замацавана ў пастановах Замойскага Сіноду 1720 г. “Пра нерухомыя сьвяты”. Нядаўна яе пачалі адраджаць і ў БГКЦ.– Рэд.) Цікава, што ў некаторых рыма-каталіцкіх парафіях Полаччыны, напрыклад, у Канстанцінаве, што ў Глыбоцкім раёне, памяць сьв. Язафата адзначаецца 26 верасьня, г. зн. у дзень, які ў XVII стагоддзі адпавядаў 16 верасьня паводле старога календара.

Сёлета дзень памяці сьвятамучаніка Язафата прыпаў на тыдзень, калі мы асабліва ўшаноўваем Пачэсны Крыж Госпада нашага Ісуса Хрыста, паколькі 14 верасьня было сьвята Ўзвышэньня Пачэснага Крыжа.

Ніжэй прапануем вашай увазе кароткае разважаньне на тэму Крыжа і цярпеньня ў жыцьці сьв. Язафата.

Сапраўды, асоба сьв. Язафата адкрывае для нас таямніцу Крыжа. Ён пачаў пазнаваць яе з дзяцінства, калі ў малым узросьце іскра Божая, якая выляцела з выявы ўкрыжаванага Хрыста, запаліла ягонае сэрца любоўю да Госпада. Гэтая іскра абудзіла душу маленькага Яна, каб яго сэрца сталася настолькі вялікім, што змагло б прыняць кожнага, хто патрабуе суцяшэньня, падтрымкі і чуласьці.

Як калісьці патрыярх Ерусалімскі пасьля таго, як знайшлі Крыж, узносіў яго, каб кожны, хто прыходзіў, атрымаў блаславеньне, так і сьв. Язафат прыняў ад Госпада сьвятло, каб “зьядналіся і былі адно, як адзін Пастыр, так і адзін статак”.

Нялёгкай была справа Уніі, архібіскупу Язафату даводзілася ня раз і не два, а кожны дзень узьнімацца і браць крыж Гасподні і несьці яго. Ён быў адданы Зьяднанай Царкве і сэрцам, і душой, але меў таксама мудрасьць, каб адрозьніваць благое ад добрага. Цяжка нам зараз зразумець, як Сьвяты пераносіў такі перасьлед праз усё жыцьцё. Шмат разоў бачылі вочы сьв. Язафата, як справа Уніі разьбіваецца ворагамі еднасьці і, здавалася, няма паратунку, але калі ўваходзіў у храм Божы і калі малітва да Госпада пранікала глыбока ў сэрца, ён ясна бачыў, што Госпад ніколі не бывае пасаромлены. Ён заўсёды ведаў, што Госпад з ім, і, ахвяраваўшы сваё жыцьцё служэньню Госпаду, ён заставаўся верны яму.

Чытаючы жыцьцяпіс сьвятамучаніка Язафата, мы бачым, як ён аддаваўся аскезе. Звычайна ў манаскай практыцы аскеза была зброяй супраць рознага роду спакусаў. Але калі мы зразумеем, у якіх варунках жыў сьв. Язафат, то робіцца зразумелым, што яго аскеза была часткай пакутаў за Еднасьць Царквы.

Чаму сьв. Язафата называлі душахватам? Адкуль у ягоных словах была такая сіла, што прыцягвала да сябе? Гэтая моц нараджалася са штодзённых малітваў і жаданьня прывесьці да Госпада як мага болей душаў. Сьв. Язафат адзначаўся міласэрнасьцю, ціхамірнасьцю духа, але і цьвёрдасьцю ў абароне праўды Божай. Сябе ён ніколі не бараніў і не баяўся прыняць сьмерць, але заўсёды абараняў слабых і несправядліва пакрыўджаных. Дбаў ён, каб Народ Божы быў заўсёды пад апекай сьвятароў. Сам ён часта падарожнічаў і стараўся пры ўсякай магчымасьці паслужыць народу. Сьведкі згадваюць, што бачылі сьв. Язафата, калі ён на пераправе праз раку спавядаў простых людзей.

Архібіскуп Язафат добра разумеў каштоўнасьць сьвятой Уніі, бо яна прынесла Божы супакой у душы людзей. Але за словамі Хрыста Унія была і мячом, які стаўся спакусай для тых, што не разумелі волі Божай: “Няхай будуць адно, як мы з Айцом адно”. І ў наш час справа Еднасьці царкоўнай становіцца выпрабавальным каменем для тых, хто больш шукае славы людзкай, чым Божай.

Сьвятамучаніку Язафаце, аддаем пад тваю малітоўную апеку нашу Беларусь. Маліся, каб мы былі вернымі сьведкамі праўды Божай і не саступалі хлусьні і мане. Маліся, каб Бог падараваў нам лагоднасьць і ціхамірнасьць духа. Просім цябе, будзь нашым заступнікам і апекуном.

Найсьвятая Багародзіца, маліся за нас.

Усе сьвятыя беларускага народу, заступайцеся за нас перад Пасадам Божым. Амін.

а. Пахом Кавалёў г.Менск
Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)