Царква
Хто краў, больш ня крадзь, а лепей працуй, робячы сваімі рукамі карыснае, каб было з чаго выдзяляць таму, хто мае патрэбу
(Пасланьне Сьв.Ап. Паўла да Эфэсянаў 4:28)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (60), 2009

Парафіяльнае жыцьцё

25-гадовы юбілей сьвятарскага служэньня
а. Казіміра Ляховіча

Сёлета айцец Казімір Ляховіч – шматгадовы парах грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску, адзначае 25-годдзе пачатку свайго сьвятарскага служэньня. 27 лютага 1984 году ардынарый Кайшадорскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі (Летува) біскуп Вінцэнт Сладкявічус высьвяціў Казіміра Ляховіча на дыякана.

Будучы душпастыр парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі нарадзіўся 15 лістапада 1962 году ў в. Новадубовая, якая належала да Адэльскай рымска-каталіцкай парафіі, што пад Горадняй (з яе паходзіць таксама і Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч). Пасьля заканчэньня ў 1979 годзе сярэдняй школы ў мястэчку Індура ён па рэкамендацыі і пад апекай свайго пробашча кс. Фелікса Сарокі быў накіраваны на вучобу ў падпольную семінарыю, якую арганізавалі каталіцкія сьвятары Вацлаў Пянткоўскі і Міхал Арановіч.

Паколькі сваё духоўнае пасьвячэньне Казімір Ляховіч атрымаў таемна ад тагачасных бязбожных уладаў, якія чынілі ўсялякія перашкоды для разьвіцьця Каталіцкай Царквы, сваё служэньне ён мусіў выконваць падпольна. У такім нелегальным стане ён выконваў дыяканскае служэньне ў шматлікіх каталіцкіх парафіях у Летуве ў мясцовасьцях Швенганаляй, Эйшышкі, Дзевянішкі, Нарвелішкі. Разам з тым, каб не патрапіць пад перасьлед камуністычных уладаў і мець хоць нейкія сродкі для існаваньня, дыякан Казімір Ляховіч афіцыйна працаваў паштаром, вартаўніком, прыбіральшчыкам храму і інш.

У 1985 годзе, атрымаўшы ўрэшце дазвол ад дзяржаўных уладаў, Казімір Ляховіч паступіў на трэці курс Рыжскай духоўнай рыма-каталіцкай семінарыі, якую пасьпяхова скончыў у 1988 годзе. Пасьля заканчэньня семінарыі ён працягваў сваё служэньне ў каталіцкіх парафіях у Расеі (г. Маркс, Саратаўскае вобл.) і Беларусі (Адэльск, Макараўцы, Наваградак, Дзераўная, Задарожжа).

У 1992 годзе дыякан Казімір Ляховіч атрымлівае дазвол на служэньне ва ўсходнім абрадзе і прымае прасьвітарскія сьвячаньні з рук украінскага грэка-каталіцкага біскупа з Івана-Франкоўску Ўладыкі Сафрона Дмытэркі. Адразу пасьля гэтага ён быў накіраваны для душпастырскай працы ў Менск і прызначаны парахам у толькі што ўтвораную беларускую грэка-каталіцкую парафію Іконы Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Паколькі на той час у Беларусі было толькі тры сьвятары, якія працавалі сярод грэка-католікаў, сваё душпастырскае служэньне а. Казіміру Ляховічу давялося выконваць па ўсёй краіне (Ліда, Магілёў, Гомель, Полацак, Старыя Дарогі, Мар’іна Горка і інш.). У Лідзе намаганьнямі айца Казіміра быў пабудаваны душпастырскі цэнтр. У 1994 годзе айцец дэкан Ян Матусевіч і айцец Казімір Ляховіч дабіліся дазволу на будаўніцтва ў Менску першай (з часоў скасаваньня Уніі) грэка-каталіцкай царквы, будаўніцтва якой, па незалежных ад іх прычынах, так і не распачалося. Шмат намаганьняў ён прыклаў для будаўніцтва душпастырскага цэнтру ў Менску ў завулку Сьнежным.

Айцец Казімір многія гады аддана служыць Богу і людзям, ладзіць пілігрымкі з сваімі парафіянамі ў розныя мясьціны Беларусі і за яе межы, арганізуе прагляд і абмеркаваньне фільмаў, прыкладае вялікія намаганьні, каб урачыста адзначаць сьвята патронкі парафіі – Маці Нястомнай Дапамогі і царкоўныя сьвяты.

Андрэй Русін
г.Менск

На фота:
1. Айцец Казімір Ляховіч на пачатку свайго дыяканскага служэньня з кс. Феліксам Сарокам (1988 г.).
2. Дыякан Казімір Ляховіч з будучым біскупам Антонам Дзям’янкам і дзецьмі пасьля сьвята Першага Прычасьця (1990 г.).
3. На асьвячэньні крыжа ў Менску, дзе павінна была быць збудавана грэка-каталіцкая царква (1994 г.).

Гэты артыкул чыталі 18 разоў (-ы)