Царква
Бо паўстануць ілжэхрысты ды ілжэпрарокі, і дадуць азнакі і цуды, каб увесьці ў зман, калі магчыма, і выбраных. А вы зважайце...
(Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце 13:22-23)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (61), 2009

Гісторыя Царквы

Г.Піхура (Гай дэ Пікарда)
Царкоўная музыка
на Беларусі

(Пачатак у № 3 (58) 2008, № 4 (59) 2008, № 1 (60) 2009.)

2. Перыяд Віленскай Акадэміі (1620-1700)

Ва Ўніяцкай Царкве базыльянскія манахі адыгралі вялікую ролю ў галіне царкоўнай музыкі. У 1609 г. да іх перайшоў манастыр сьв. Тройцы ў Вільні; у 1613 г. яны атрымалі манастыр у Жыровіцах, а ў 1627 г. у Супрасьлі. Творы Мяльчэўскага мелі вялікі посьпех ў Беларусі і па-за яе межамі: у Маскоўшчыне імі захапляўся сам патрыярх Нікан.1 Базыльяне мелі практычна манаполію друку літургічных музычных кнігаў. З каралеўскага двара ў Кракаве і Варшаве ў Вільню прыбывала нямала ведамых музыкаў: Марцін Мяльчэўскі, Станіслаў Ружыцкі, напэўна адведалі Вільню; а Мікола Замарэвіч і Іван Зюскі там выкладалі. Іхніх лекцыяў слухалі шматлікія вучні ня толькі з Беларусі, але таксама з Польшчы, Кіева і Маскоўшчыны. Такім чынам, цераз сваіх студэнтаў яны мелі вялікі ўплыў на разьвіцьцё царкоўнай музыкі ва ўсіх гэтых краінах. У Вільню з Кіева прыйшоў Мікола Дылецкі (каля 1630-1690), найбольш выбітны прадстаўнік Віленскай музычнай школы.2 Хоць быў ураджэнцам Кіева, Дылецкі большую частку свайго жыцьця правёў у Беларусі. Ён студыяваў у Мяльчэўскага, Замарэвіча і Зюскага “царкоўныя сьпевы Рымскай і Праваслаўнай цэркваў” у Кіеве і Варшаве. Пасьля ён стаўся сябрам Віленскай Акадэміі і “прачытаў шмат кніг пра музыку”. У 1677 г. выйшла па-польску ягоная праца з тэорыі музыкі пад назовам “Тога Злота”.3 У 1679 г. выйшла другое выданьне гэтай кнігі ў Смаленску, “ператлумачанае на славянскі дыялект”; а трэцяе выданьне ўбачыла сьвет у Маскве ў 1681 г. У гэтай кнізе Дылецкі займаецца асновамі заходняй паліфоніі, а ў асаблівасьці Вэнэцкай барокавай школы.4 Тлумачэньне яе на расейскую мову мела вялікі ўплыў на ўвядзеньне заходняй музыкі ў Маскву. У 1675 г. Дылецкі, як і шмат іншых ягоных землякоў, выехаў у Маскву, дзе займаў становішча рэгента ў прыватнай капліцы князя Рыгора Строганава, які быў вялікім прыхільнікам царкоўнай музыкі ў заходнім стылі. Дылецкі ёсьць менш ведамы як кампазітар. Захаваўся рукапіс ягонай адной “Херувімскай” у адным зборніку з 1690-96 гг., які цяпер знаходзіцца ў музеі ў Цьверы.5

3 іншых ведамых беларускіх сьпевакоў гэтага часу трэба ўспомніць Яна Дзякоўскага, Яна Коклю з Полацку (каля 1657 г.) і дзяка Тызэнгаўза з Вільні (каля 1637 г.). Коклеў сьпеў выклікаў подзіў у маскоўскага цара Аляксея Раманава, які запрапанаваў Коклю ўступіць да яго на службу.6 На ўсходзе Беларусі Унія распаўсюджвалася больш павольна, і шмат праваслаўных мастакоў і вернікаў, хутчэй чым паддацца “лацінскай ерасі”, шукалі апекі ў маскоўскага цара. Нягледзячы на неспакойныя часы, царкоўная музыка працьвітала, асабліва ў аколіцах Магілёва, дзе было запісана шмат напеваў. Некалькі ірмалогіянаў было ўложана ў Віцебску, асабліва ў Маркавым манастыры.7 Куцеінскі манастыр каля Воршы славіўся сваімі музычнымі рукапісамі і сваёй друкарняй. Шмат каштоўных рукапісаў было вывезена ў 1654 г. у Маскву ў Іверскі манастыр, адкуль яны пасьля знайшлі дарогу ў бібліятэку патрыярха Нікана ў Новым Ерусаліме.8

Смаленск меў сваю музычную школу (Смаленскі напеў), і арганісты Казімерка Васілеўскі (каля 1670 г.) здабыў сабе там славу перад тым, як выехаць у Маскву.

У часе войнаў з Маскоўшчынай, якія прадаўжаліся аж да канца ХVІІ ст., шмат сьпевакоў выехала з Беларусі ў Маскву. Цэлыя манастыры ў Маскве, як Іверскі і Новадзявічы, складаліся з беларусаў і далі свае назовы цэламу раду “літоўскіх” напеваў (“Вяцкі”, “Старасімонаўскі”, “Іверскі” і г. д.). У архівах маскоўскіх хораў можна знайсьці імёны многіх сьпевакоў з “Літвы”, шмат з якіх, як Ян Канюхоўскі і Ян Календа, былі без сумніву беларусамі.9 Адным з такіх ведамых беларусаў быў Андрэй Беражанскі. Ён быў сьпеваком у хоры, які ў 1652 г. прыехаў у Маскву з Кіева.10 Маскоўскія князі і япіскапы стараліся адзін перад другім, каб мець у сваіх хорах сьпевакоў з Вільні і Кіева. Патрыярх Нікан быў вялікім прыхільнікам “штучнага сьпеву”. Ён меў у сябе хор з пяці сьпевакоў “з Польшчы”, якія сьпявалі нават па лаціне.11 Нікан адмоўвіўся, не без ваганьняў, ад арганаў, аднак прысутнасьць у Маскве арганістага Казімеркі Васілеўскага паказвае, як далёка зайшла там заходняя мода, нягледзячы на патрыяршую забарону. Сірыйскі дыякан Павел з Алеппа, які наведаў Маскоўшчыну ў 1656 г., успамінае аб вялікім ліку “чужынцаў” у маскоўскіх царкоўных хорах.12

Новы стыль сьпеву з ягонымі прывабнымі мелодыямі і, для маскоўскіх вушэй, новай гарманізацыяй, аказаўся такім папулярным, што ўрэшце выціснуў зусім з ужытку стары Знаменны расьпеў і распачаў новы перыяд “польскага” ўплыву ў маскоўскай царкоўнай музыцы, які трываў аж да 1725 г.

Ня толькі літургічныя напевы з Вільні аказаліся так папулярнымі, але таксама калядкі, канты з Багагласьнікаў і псальмы ўвайшлі ў маскоўскія саборныя хоры і царскія капліцы. Метрычныя псальмы Сымона Пятроўскага-Сітняновіча з Полацку (1629-1680) былі згарманізаваныя на тры галасы згодна з беларускай традыцыяй адным з маскоўскіх вучняў Дылецкага, Васілём Цітавым.13

(Далей будзе)

1. Н. Финдейзен, ор. cit. С. 293, нататка 354.
2. Н. Финдейзен, ор. cit. С. 293.
3. Поўны назоў кнігі ёсьць наступны: “Toga Złata w nowej swiata metamorphosi szlachetnemu magistratowi Wilenskiemu na nowy rok przez Mikołaja Dileckiego akademika Wilenskiego ogłoszona w Wilnie, typis Franciskanis anno 1675”. Cf. K. Streicher. Bibliografia polska. Tom XV. S. 207.
4 С. Смоленский. Музикийская грамматика H. Дилецкаго. Общ. Люб. Древ. Пис.– СПб, 1910.
5. Н. Финдейзен, ор. cit. С. 327 i наст.
6. А. Преображенский. Культовая музыка. С. 43-44.
7. G. Pichura, op. cit. P. 413-414.
8. Гэтыя кнігі знаходяцца ў біблятэцы Гістарычнага музею ў Маскве. Гл. “Каталог Собрания Знаменных и Нотных Рукописей Синодального Училища Церковного Пения” № 1359-1381.
9. Н. Финдейзен, op. cit. С. 308-309.
10. “Он описал в Москве белорусскую книгу “Лифос”, и жил первоначально на Троицком Подворье в Московском Кремле – а потом в Голутвиной Слободе за Москвой рекой”. Гл.: Разумовский, ор. сіт. С. 210.
11. Разумовский, op. cit. С. 189.
12. Калі ён быў у Маскве ў 1656 г., Павел з Алеппа адведаў “рускіх” манашак, якіх нядаўна посяліў цар Аляксей у Новадзявічым манастыры. Ён быў захоплены іхнім сьпевам: “У часе калі мы пакланяліся іконам. яны (г. зн. манашкі) сьпявалі “Аксіон эстін” і гармонія тонаў і іхніх салодкіх галасоў была цудоўная”. Гл.: Paul of Aleppo. The Travels of Macarius, Patriarch of Antioch.– London, 1829. Vol. II. P. 271-272.
13. Н. Финдейзен, op. cit. С. 294-302.

Друкуецца паводле часопісу “Божым шляхам” за 1964 г. (№ 83, сакавік-красавік, с. 8-14; № 84, травень-чэрвень, с. 4-10; № 85, ліпень-жнівень, с. 5-7).

Захаваны асаблівасьці лексікі аўтара, выпраўлены памылкі і правапіс асобных словаў ды скаротаў.

На фота:
1. Настаўнік навучае харыстаў лінейнага сьпеву. Палова ХVІІ ст. (З кнігі Дылецкага “Музикійская Граматика”).
2. “Херувімская” – Віленская Акадэмічная школа (XVII ст.).

Гэты артыкул чыталі 7 разоў (-ы)