Царква
Шмат пакліканых, ды мала выбраных
(Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце 14:24)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (62), 2009

Пілігрымкі

Сьвяткаваньне ў Полацку – малітва за Бацькаўшчыну

З 7 па 12 ліпеня 2009 году адбылася XV юбілейная штогадовая пілігрымка грэка-католікаў Віцебск-Полацак. Сёлета яна праходзіла пад дэвізам «Крыж Хрыста – знак любові». Удзел у пілігрымцы ўзялі вернікі Грэка-Каталіцкай Царквы з усіх куткоў Беларусі. Па традыцыі, сярод удзельнікаў былі таксама рыма-каталікі і праваслаўныя.

Падчас пілігрымкі была наладжана праца ў групах дзяленьня, дзе можна было паразважаць і распавесьці пра свой духоўны вопыт і перажываньні, зьвязанныя з агульнай тэмай пілігрымкі «Крыж Хрыста – знак любові». У месцах начлегу пілігрымы выступілі з канцэртамі духоўнай музыкі для мясцовага насельніцтва.

Канечным пунктам пілігрымкі быў горад Полацак, куды яе ўдзельнікі прыйшлі ў суботу, 11 ліпеня, пад вечар і дзе ў саборы Сьвятой Сафіі маглі паслухаць канцэрт духоўных песьняў у выкананьні міжпарафіяльнага хору «Прасфара».

Увечары ў суботу ў храме сьв. Параскевы Полацкай была адслужана Вячэрня з ліцьцёй і асьвячэньнем хлябоў. На Вячэрні сьпяваў таксама хор «Прасфара» з Менску.

Нядзеля, 12 ліпеня, была ў полацкай грэка-каталіцкай парафіі днём сьвята. Сьвяткаваўся ўспамін сьвятых мучанікаў Барыса і Глеба. Гэта быў таксама Дзень малітвы за Бацькаўшчыну.

Боскую Літургію, якая была адслужаная для пілігрымаў ля храму сьв. Параскевы Полацкай, узначальваў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) у саслужэньні сьвятароў з розных парафіяў БГКЦ, у тым ліку протапрасьвітараў Цэнтральна-Заходняга і Ўсходняга дэканатаў – а. Андрэя Абламейкі і а. Зьмітра Грышана.

Пасьля Боскай Літургіі вернікі мелі магчымасьць ушанаваць часьцінку дрэва Пачэснага Крыжа Гасподняга.

У сьвяточнай Літургіі ўдзельнічалі вернікі полацкай парафіі, госьці з Расеі, Украіны, Італіі, Бельгіі, Польшчы, а таксама пілігрымы з розных парафіяў БГКЦ, у тым ліку скаўты з менскай парафіі Праведнага Язэпа.

У братэрскай атмасферы шчыра і ўрачыста гучала літургічная малітва:

«За Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас Госпаду памолімся. – Госпадзе, зьмілуйся».

Паводле Svjazep.org
Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)