Царква
Хто ня грэшыць у слове, той чалавек дасканалы, ён можа ацугляць і ўсё цела
(Саборнае Пасланьне Сьв.Ап. Якава 3:2)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (63), 2009

Парафіяльнае жыцьцё

Крыж, які яднае хрысьціянаў

У нядзелю, 27 верасьня 2009 году, сьвятары трох канфесіяў (рыма-каталік, грэка-каталік і праваслаўны) удзельнічалі ва ўрачыстым асьвячэньні прыдарожнага крыжа ў вёсцы Салацьце Гарадзенскага раёну, што амаль на самай мяжы з Літвой. Крыж вырабілі і ўсталявалі гарадзенскі майстар-каваль грэка-каталік Юры Мацко і прадпрымальнік Юры Рэмша – праваслаўны. Абодва яны маюць у гэтай вёсцы дамы.

На сьвята сабраліся амаль усе жыхары невялічкай вёскі, пераважна каталікі. Храмаў у вёсцы няма, і таму, каб асьвяціць крыж і гэтае новае месца малітвы на прыгожым пагорку каля лесу, прыехалі душпастыры з суседняга мястэчка Парэчча – манах-рэдэмптарыст айцец Раман Цесьляк, які апякуецца мясцовымі каталікамі, і праваслаўны бацюшка Андрэй Русак, а з Горадні на асьвячэньне крыжа быў запрошаны грэка-каталіцкі сьвятар Андрэй Крот.

Усталяваны крыж у вёсцы Салацьце вельмі незвычайны, вялікіх памераў. Аснова яго – дрэва старога дуба, а на ім прымацаваны выкаваны Юрасём Мацко стылізаваны крыж сьвятога Бенядыкта – заснавальніка заходняга манаства, якога шануюць ня толькі каталікі абодвух абрадаў, але і праваслаўныя. Як адзначыў падчас вясковых урачыстасьцяў а. Раман Цесьляк, які зьдзейсьніў абрад асьвячэньня крыжа, гэта вельмі сымбалічна, паколькі сьвяты Бенядыкт зьяўляецца заступнікам Еўропы.

Імшу ля крыжа рыма-каталіцкі ксёндз адслужыў па-польску, грэка-каталіцкі сьвятар а.Андрэй Крот, які саслужыў падчас Імшы, напрыканцы набажэнства сказаў кароткае слова да вяскоўцаў пра крыж па-беларуску, а праваслаўны бацюшка прамаўляў да вернікаў па-расейску – усіх іх вяскоўцы шчыра віталі і пляскалі ў далоні, дзякуючы за настаўленьні.

Адказваючы на пытаньне, як зьявілася ідэя ўсталяваць крыж, каваль Юрась Мацко адказаў: “У мяне даўно ўжо была такая думка – дужа тут месца файнае. Ды й жывём мы ўсе тут побач адзін аднаго: каталікі, праваслаўныя, а я і мая сям’я – уніяты. Думаю, што так і правільна, каб гэты крыж шанаваўся ўсімі”.

Ігар Бараноўскі








Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)