Царква
Шануй бацьку твайго і маці тваю, каб падоўжыліся дні твае на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе
(5 запаведзь, Выхад 20:12)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (64), 2010

Рухі і супольнасьці

Батлейка лепшая за мультфільмы

Добрай нагодай больш глыбока і радасна перажыць Раство для дзяцей – выхаванцаў сьпецыялізаваных дзіцячых установаў Горадні – стала батлейка, якую паказалі ім валанцёры, якія дзейнічаюць пры гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай.

Група валанцёраў аб’ядноўвае ня толькі парафіяльную моладзь, але таксама маладых хрысьціянаў іншых парафіяў. Паўстала яна напярэдадні сьвятаў, калі маладыя хрысьціяне вырашылі аб’яднацца, каб разам паглыбляць сваю веру і несьці дапамогу іншым людзям. Батлейка стала першай акцыяй валанцёрскай групы.

Валанцёры арганізавалі агулам ужо сем выступаў: у дзіцячым доме сямейнага тыпу ў вёсцы Панямунь, гарадзенскім гарадзкім і раённым прытулках, а таксама ў дзіцячым рэабілітацыйным цэнтры. Сьвята складалася з лялечнага сьпектаклю пра Нараджэньне Ісуса Хрыста, гульняў, ну, і канешне ж, прыходу сьвятога Мікалая з падарункамі.

Батлейка вельмі спадабалася дзецям і выхавацелям дзіцячых установаў, якія шчыра дзякавалі валанцёрам і запрашалі іх на новыя выступы. Самі валанцёры таксама былі ўражаныя сустрэчамі з дзецьмі, якія вельмі адкрытыя на новых людзей, з увагаю глядзелі лялечную пастаноўку, ахвотна ўдзельнічалі ў гульнях і расказвалі вершы або сьпявалі песьні сьвятому Мікалаю. Вельмі ўразіла валанцёраў выказваньне адной з выхавацелек дзіцячага рэабілітацыйнага цэнтру, дзе лекаваньне праходзяць дзеці з рознымі хваробамі (найчасьцей – з ДЦП), што калі для дзяцей прывозілі мультфільмы на вялікім экране, літаральна праз пару хвілінаў яны ўжо гублялі ўвагу. А батлейку з цікавасьцю глядзелі ад пачатку да канца.

а. Андрэй Крот

Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)