Царква
Бог гордым супрацівіцца, а пакорным дае мілату
(Саборнае Пасланьне Сьв.Ап. Якава 4:6)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (65), 2010

Шлях да Бога

Адданыя Царкве і Бацькаўшчыне

9 сакавіка 2010 году на 95-ым годзе жыцьця памёр у Чыкага (США) доктар Вітаўт Рамук. А ўсяго праз два месяцы, пасьля нядоўгай хваробы, адыйшла да Госпада і яго жонка. Вера Рамук памерла 5 траўня. Сёлета ёй споўнілася б 80. Яны былі сярод заснавальнікаў і актыўных вернікаў беларускай грэка-каталіцкай парафіі Хрыста Збаўцы ў Чыкага, якая існавала там да 2002 году.

Вера і Вітаўт Рамукі пражылі разам 52 гады. Яны вызначаліся сярод суайчыньнікаў у Амерыцы сваёй актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, ахвярнасьцю, шчырай любоўю да Бога і Бацькаўшчыны. Гэтая сям’я жыва цікавілася адраджэньнем БГКЦ у Беларусі. На працягу многіх гадоў Вера і Вітаўт Рамук зьяўляліся падпісчыкамі і неабыякавымі чытачамі газеты “Царква” падтрымлівалі яе ахвяраваньнямі, а таксама перадалі ў архіў Рэдакцыі некаторыя фотаздымкі.

Вітаўт Рамук нарадзіўся 15 ліпеня 1914 году ў Екацярынаславе (тады гэта была яшчэ царская Расея, а сёньня Днепрапятроўск, Украіна). Ягоныя бацькі былі там у гастарбайтэрах. У 1922 годзе сям’я вярнулася на радзіму, пасяліўшыся ў Ліпнішках каля Ліды. У 1926-1930 гг. Вітаўт Рамук навучаўся ў Віленскай беларускай гімназіі. Пасьля яе В.Рамук перавёўся ў польскую гімназію ў Пінску. Тады ён сур’ёзна разважаў, ці ня стаць сьвятаром. Але ўрэшце адмовіўся ад гэтага і паступіў на біялагічны факультэт Віленскага ўніверсітэту імя Стэфана Баторыя. Праз год ён перавёўся на медыцыну, а яшчэ праз год Вільню занялі саветы і ўніверсітэт быў закрыты. У часы акупацыі працаваў перакладчыкам у Лідзкай гарадзкой управе, а пасьля вайны Вітаўт Рамук апынуўся ў Мюнхене, дзе паспрабаваў працягнуць навучаньне медыцыне.

Мару ўдалося ажыцьцявіць у Лювенскім каталіцкім універсітэце ў Бельгіі. У Лювене Вітаўт Рамук браў актыўны ўдзел у беларускім грамадзкім жыцьці і нават некаторы час кіраваў беларускай студэнцкай грамадой, а таксама ўдзельнічаваў у зьездах міжнароднай студэнцкай каталіцкай арганізацыі Pax Romano. Некаторы час ён працаваў у дзіцячым прытулку ў Брусэлі. У 1954 годзе Вітаўт Рамук стаў сябрам камітэту, які набыў Марыян Гаўз як сталае памяшканье для Беларускай каталіцкай місіі ў Англіі. Перабраўшыся ў Амерыку, Вітаўт Рамук працаваў у Цэнтры педыятрыі, а затым у Дзіцячым цэнтры ў Чыкага і выйшаў на пенсію толькі ў 74 гады.

Вера Рамук нарадзілася 6 верасьня 1931 гады ў вёсцы Сабары Докшыцкага раёну Віцебскай вобласьці ва ўніяцкай сям’і Стэфана Жызьнеўскага і Еўдакіі Гапанёнак. Перад самай вайной сям'я ўжо была ў сьпісах для высылкі ў Сібір, але пачалася вайна. Перажылі акупацыю, а ў 1944 годзе выехалі ў Нямеччыну, а потым у ЗША.

Спачатку Жызьнеўскія жылі ў мястэчку Пеорыя (штат Ілінойс), дзе Вера ў 1954 годзе скончыла факультэт вольных навук ва ўніверсітэце Брэдлі. Яна актыўна ўдзельнічала ў студэнцкім жыцьці, распавядала пра Беларусь і яе народ, арганізавала жаночы ансамбль беларускага танца. Пазнаёмілася там з доктарам Вітаўтам Рамуком, а ў 1958 годзе яны пажаніліся. З 1963 году Вера і Вітаўт Рамукі жылі ў Чыкага, дзе вялі актыўную дзейнасьць па аб’яднаньні выхадцаў з Беларусі. Рамукі ўзначалілі там Беларускі каардынацыйны камітэт, які праводзіў шэраг акцый беларусаў, што гуртаваліся вакол грэка-каталіцкай парафіі Хрыста Збаўцы і праваслаўнай царквы Сьвятога Юрыя. Сваёй адкрытасьцю, шчырасьцю і няспыннай дзейнасьцю Вера Рамук аб’ядноўвала шмат каго з тых, хто не забыўся пра свае карані.

Яна пісала вершы, была ініцыятарам сустрэч з прэзідэнтамі, палітыкамі і грамадзкімі дзеячамі ЗША, зьвяртала іх увагу на палітычнае становішча ў Беларусі, на стаўленьне ўлад да культурнай спадчыны, на надзеі беларусаў быць вольнымі і незалежнымі. У 1974 годзе вітала ў Чыкага Марка Шагала на адкрыцьці ў горадзе яго мазаікі “Поры году”, арганізоўвала экспазіцыі прац мастакоў і канцэрты музыкаў з Беларусі, выдавала кнігі беларускай тэматыкі, актыўна ўдзельнічала ў падрыхтоўцы імпрэзаў да 25 сакавіка – Дня Волі. Ад 1978 году штогод Рамукі ладзілі беларускія калядныя праграмы ў Музеі навукі і індустрыі ў Чыкага. Многія адзначалі, што беларуская ялінка, упрыгожаная вырабамі з саломкі, адна з самых прыгожых.

У сям’і Рамукоў было двое дзяцей, ад якіх былі ўнукі. Сын Джон (Янка) зрабіў вялікую кар’еру ў кампаніі “Хітачы”, а дачка Ірэна стала педагогам.

Ігар Бараноўскі

Гэты артыкул чыталі 41 разоў (-ы)