Царква
Дабрашчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:8)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (53), 2007

д-р Вячаслаў Стэцко

Гэтае напісана, каб вы паверылі (Ян 20, 31)

Калі нават часамі мы з вамі і задумваемся, дзеля чаго былі напісаныя Евангельлі, то аўтар чацьвёртага Евангельля не пакідае нам сумніваў і адказвае на ўсе пытаньні й пошукі: “А гэтае напісана, каб вы паверылі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы, і, веруючы, мелі жыцьцё ў імя Яго” (Ян 20, 31). Гэта ня толькі заканчэньне або падсумаваньне справы, якую называем Добрай Навіной, але гэта зьяўляецца галоўнай мэтай напісаньня Евангельля паводле Яна. Евангеліст, імя якога ведаем – Ян, самы блізкі вучань Хрыста, пішучы сваё Евангельле, набліжае нам сэнс усялякага абвяшчэньня і распавяданьня пра Хрыста, які можна праінтэрпрэтаваць наступным чынам: вера ў Ісуса, Які ёсьць Месіяй, павінна быць цэнтрам нашага жыцьця, нашай дзейнасьці і нашай жыцьцёвай актыўнасьці. Гэтак зфармуляваная мэта чацьвёртага Евангельля зьяўляецца адначасова скарочаным яе падсумаваньнем, паказваючы ня толькі вялікую містэрыю жыцьця і дзейнасьці Ісуса Хрыста, але таксама містэрыю паўстаньня супольнасьці людзей веры, тых, якія калісьці яго сустрэлі, пазналі і паверылі. Гэта містэрыя кшталтаваньня веры ў Таго, хто прыйшоў паказаць усяму сьвету Айца і Яго планы адносна чалавецтва. Што ж тады, гледзячы з персьпектывы ўсяго Евангельля паводле Яна, значыць верыць?

Для евангеліста Яна вельмі характэрна, што амаль заўсёды рэчаіснасьць веры выказвае ён пры дапамозе дзеясловаў. Гэткім чынам, кажучы пра веру, ён кажа перад усім аб працэсе, аб дынаміцы веры. Верыць – гэта ня ёсьць штосьці аднаразовае, штосьці, што можа здарацца час ад часу. Ёсьць гэта працэс прыходу да веры, працэс узрастаньня ў веры. “Верыць” – мае на ўвазе трываласьць. Вось толькі некаторыя выбраныя фрагменты: “І, як Майсей падняў зьмея ў пустыні, так мусіць быць падняты Сын Чалавечы, каб усякі, хто веруе ў Яго, ня згінуў, але меў жыцьцё вечнае” (Ян 3, 14-15); “Праўду, праўду кажу вам: хто слухае слова Маё і верыць у Таго, Хто паслаў Мяне, мае жыцьцё вечнае, і на суд ня йдзе, а перайшоў ад сьмерці ў жыцьцё” (Ян 5, 24); “А жанчыне гэтай казалі: ужо не дзеля тваіх гутарак верым, бо самі чулі і даведаліся, што гэта сапраўды Збаўца сьвету – Хрыстос” (Ян 4, 42); “Але Я сказаў вам, што вы і бачылі Мяне, і ня верыце” (Ян 6, 36); “Воля паслаўшага Мяне ёсьць тая, каб кожны, хто бачыць Сына і веруе ў Яго, меў жыцьцё вечнае, і Я ўваскрашу Яго ў апошні дзень” (Ян 6, 40); “Цяпер бачым, што Ты ведаеш усё і ня маеш патрэбы, каб хто пытаўся ў Цябе. Дзеля гэтага верым, што Ты ад Бога зыйшоў” (Ян 16, 30). Аналіз гэтых і шэрагу іншых месцаў у Евангельлі Яна, што датычаць веры, паказвае нам незвычайную глыбіню працэсу веры. Вера, перадусім, спалучана са збаўленьнем і вечным жыцьцём. Вера вядзе да збаўленьня. Для евангеліста Яна вера не зьяўляецца чымсьці, што даецца незалежна ад высілку чалавека, не ёсьць звычайным прадметам, які можна атрымаць амаль механічна. Збаўленьне, што ў вялікай ступені залежыць ад веры, паказвае патрэбу нястомнага дыялогу з Богам і Яго Сынам, Які прыйшоў, каб прынесьці збаўленьне і паказаць Таго, хто мае моц яго даць. Бог у асобе Ісуса Хрыста дае абяцаньне збаўленьня, чалавек жа павінен адказаць на гэты дар Божы менавіта сваёй верай. Больш таго, праз веру, або інакш праз нястомнае трываньне ў веры, чалавек прыходзіць да жыцьця вечнага, якое ёсьць незвычайным дарам Божым. Паводле Яна, жыцьцё вечнае чалавек, які верыць, атрымлівае ўжо ў момант, калі аддае сваё жыцьцё Месіі. Вернік ужо цяпер мае жыцьцё, якое ёсьць дарам збаўленьня: “Праўду, праўду кажу вам: хто слухае слова Маё і верыць у Таго, Хто паслаў Мяне, мае жыцьцё вечнае, і на суд ня йдзе, а перайшоў ад сьмерці ў жыцьцё” (Ян 5, 24). Вечнае жыцьцё ж ёсьць нічым іншым, як супольнасьцю з Хрыстом. Гэтае вечнае жыцьцё веруючы чалавек, вучань Хрыста, атрымлівае праз пасярэдніцтва збаўчых здарэньняў: уцелаўленьня, сьмерці і ўваскрасеньня Ісуса Хрыста. Дзякуючы таямніцы ўцелаўленьня стала магчымым адкрыцьцё Айца і Яго праўды. Праз гэтае адкрыцьцё Хрыстос дае чалавечай асобе магчымасьць наблізіцца да Айца, быць у супольнасьці і еднасьці з Ім і Яго Сынам: “Няхай будуць усе адно: як Ты, Айцец, ува Мне, і Я ў Табе, так і яны няхай будуць адно, каб паверыў сьвет, што Ты паслаў Мяне” (Ян 17, 21). А таямніца сьмерці і ўваскрасеньня адкрывае дарогу канчатковага паяднаньня са Збаўцам: “І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і вазьму вас да Сябе, каб і вы былі, дзе Я” (Ян 14, 3). Гэта значыць, што збаўленьне і жыцьцё вечнае, хоць ужо і дадзеныя верніку ў момант прыходу Ісуса Хрыста, канчаткова рэалізуюцца ў эсхаталагічным часе (“у часе апошнім”).

У працэсе веры, згодна з чацьвёртым евангелістам, незвычайную ролю мае таксама слуханьне і бачаньне. “Праўду, праўду кажу вам: хто слухае слова Маё і верыць у Таго, Хто паслаў Мяне, мае жыцьцё вечнае, і на суд ня йдзе, а перайшоў ад сьмерці ў жыцьцё” (Ян 5, 24). Вера не прыходзіць “проста так”, вера прыходзіць ад слуханьня словаў Госпада. Шматразова сустракаем у Евангельлях моманты, калі Ісус вучыць вучняў, кажа прамовы, якія слухаюць натоўпы; і неаднаразова словы, сказаныя Ім, маюць моц вызваленьня ад грахоў, моц аздараўленьня, моц асьвячэньня і ажыўленьня памерлых. Паводле Яна, ёсьць дзьве магчымасьці слуханьня: слуханьне як дзея звычайная, якая не вядзе да ўзрастаньня веры і не дае ніякіх пладоў, і слуханьне, якое вядзе да веры. Слуханьне, якое вядзе да ўзрастаньня ў веры, мае на ўвазе прыняцьце словаў Хрыста, Ягонай навукі. І ня толькі прыняцьце словаў ды навукі, але й жыцьцё паводле іх. Гэта не адбываецца ў адзін момант, але зьяўляецца працэсам, які можна назваць працэсам дасьпяваньня ў веры, яе разуменьня і паглыбленьня. Сёньня слуханьне – гэта перадусім чытаньне і прыманьне слова, якое ёсьць у Сьвятым Пісаньні, слуханьне слова, што абвяшчаецца ў Царкве і праз Царкву.

Іншым чыньнікам працэсу паглыбленьня веры ёсьць бачаньне: “Воля Таго, Хто паслаў Мяне, ёсьць тая, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў жыцьцё вечнае; і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень” (Ян 6, 40). “Бачаньне” Яна, спалучанае з верай, заўсёды вядзе да жыцьця (пар. Ян 3, 15; 19, 37). Гэтае “бачаньне” ў багаслоўі Яна папярэджвае ўдзел у вечным жыцьці і як бы імплікуе (выклікае) у веруючага чалавека сьвядомы ўдзел у збаўленьні й вечным жыцьці. Чацьвёрты евангеліст падае некалькі вымярэньняў “пункту гледжаньня” або “бачаньня” рэчаіснасьці, якія аўтар апісвае пры дапамозе розных дзеясловаў. Асноўным значэньнем “бачаньня” зьяўляецца звычайная зрокавая дзейнасьць (blepein), характэрная для штодзённага жыцьця. Вучні бачаць камень, адвалены ад магілы (Ян 20, 1), бачаць рыбу і хлеб (Ян 21, 9). Адначасова існуе таксама і іншы род “бачаньня” (theomai, horao), бачаньне рэчаіснасьці на першы погляд незаўважнай. Гэта дазваляе ўгледзець Хрыста як Божага пасланьніка, Месію, Які прыходзіць, каб абдарыць чалавека жыцьцём, якое вядзе да еднасьці з Ім і Айцом. Гэткае “бачаньне” вядзе да веры, і ёсьць гэта ўжо ня толькі вера, але дынаміка жыцьця верай. Ужытае аўтарам чацьвёртага Евангельля слова “бачаньне” (horao) звычайна прыводзіць да веры: “І я бачыў і засьведчыў, што гэты ёсьць Сын Божы” (Ян 1, 34), але ня толькі; пры дапамозе гэтага слова евангеліст апісвае ўзаемную сувязь паміж верай і бачаньнем (пар. Ян 11, 40), нявераньнем і нябачаньнем (пар. Ян 3, 36). Асабліва важнымі для нас могуць аказацца словы Ісуса Хрыста, скіраваныя да вучняў ужо пасьля яго Ўваскрасеньня: “Ісус кажа яму: ты, Тамаш, паверыў, бо бачыў Мяне; шчасьлівыя тыя, што ня бачыўшы – паверылі” (Ян 20, 29). Гэта ёсьць словы, якія былі скіраваныя ня толькі да вучняў – сьведкаў жыцьця Хрыста, але скіраваныя таксама і да нас. Мы не зьяўляемся непасрэднымі сьведкамі нараджэньня, жыцьця і ўваскрасеньня Ісуса. Але, дзякуючы ўважліваму слуханьню словаў Госпада, кшталтаваньню духоўнай чуйнасьці і духоўнага зроку на падставе Сьвятога Пісаньня, якія вядуць нас да веры, мы можам асягнуць асаблівую блізкасьць з нашым Богам і Збаўцам. Уласна Ён зрабіў для нас магчымым жыцьцё ў Божым сьвятле, крыніцай якога ёсьць абяцаньне збаўленьня й вечнага жыцьця, якое пачынаецца ўжо ў гэтым жыцьці, тут на зямлі.

Абапіраючыся на вышэй згаданае сьцьверджаньне, як падсумаваньне, можна паставіць пытаньне: чаму паводле евангеліста Яна варта верыць у Хрыста? Вядома, у такім кароткім разважаньні на тэму веры ў Евангельлі сьв. Яна немажліва зрабіць абсалютна поўнае і падрабязнае дасьледаваньне па гэтай тэме. Чытач газеты “Царква” пры дапамозе сімфоніі і Сьвятога Пісаньня можа самастойна разгледзець усе месцы ў Евангельлі, дзе размова ідзе пра веру, і пабачыць усё багацьце кантэкстаў, у якіх выступаюць дзеясловы, што акрэсьліваюць працэс кшталтаваньня веры сярод вучняў Хрыста. Затое на падставе чытаньня ўзгаданых у гэтым артыкуле фрагментаў з Евангельля ад Яна, якія ў вялікай ступені адлюстроўваюць галоўны кірунак думкі евангеліста, можна сказаць, што вера – гэта тая рэчаіснасьць, якая можа цалкам зьмяніць жыцьцё кожнага чалавека. Ёсьць яна той сілай, што вядзе да супакою, радасьці і шчасьця кожнага чалавека, які верыць у Ісуса Хрыста. Яна вядзе ня толькі да жыцьця вечнага й вечнага шчасьця ў будучыні, але ўжо цяпер дае ўпэўненасьць, што нашыя намаганьні на нашай дарозе веры ня ёсьць дарэмнымі, што з намі крочыць таксама Ісус Хрыстос. І ўласна з Ім, Ісусам, мы, злучаныя любоўю і надзеяй на канчатковае паяднаньне з Ім.


Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)