Царква
Дабрашчасныя тыя, хто жадае і прагне праўды, бо яны спатоляцца
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:6)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (55), 2007

а. Сяргей СУРЫНОВІЧ

Быць вернымі адзінай, непадзельнай Хрыстовай Царкве

Слова на ўрачыстасьці сьв. Язафата Кунцэвіча ў Парафіі Сьвятога Духа ў Віцебску 12 лістапада 2007 г.

Тысяча год, як на гэтай зямлі пасьлядоўнікі Хрыста асянілі сябе знакам крыжа, у наступства Божага загаду, каб усю Зямлю ахінула сьвятло Ягонай Ісьціны. Хрысьціянства сюды ішло бяз гвалту і прымусу, ды і дзяржава наша ў тыя часы, нягледзячы на асобныя крыўды, была свабоднаю і незалежнай. Упэўненымі крокамі, перамагаючы цемру нядаўніх паганскіх багоў, ішлі да нашых продкаў новае жыцьцё, новая навука, новая моц. Як знак таму, на пераломе тысячагоддзяў у старажытнай сталіцы, на замчышчы полацкіх князёў, на стромкім беразе Рубона ўзнёсься велічны храм, маці ўсіх сьвятыняў — Сьвятая Сафія. Гэтая эпоха адметная і тым, што хрысьціянства ў той час было яшчэ адзіным. Такое і прыйшло яно на нашу зямлю, убранае ва ўсходнія традыцыі, збудаванае Хрыстом на скале,— на Пятровай Сталіцы.

Усё гэта найлепш згадваецца ў Полацку, калі хтосьці моліцца за наш народ, калі чуеш спрадвечныя і заўсёды актуальныя словы: «Госпадзе, зьмілуйся». Іх ніколі ня будзе сказана дастаткова, якой бы доўгай ні была малітва-літанія, што носіць ва ўсходняй Літургіі назву екценіі. Колькі ж трэба прасіць той літасьці ў Бога, каб усе мы зразумелі, які вялікі і страшны грэх падзелу таго, што непадзельнае — Хрыстовага Цела, сьвятой Царквы. Афіцыйны раскол у Канстанцінопалі ў 1054 г. дайшоў да нашых земляў праз некалькі стагоддзяў. Потым, нібы камусьці не хапала «двух Рымаў», узьнік яшчэ і «трэці», і хрысьціяне, нібы жаўнеры пад крыжам, не стамляліся кідаць жэрабя падзелаў. Унія, якая па Божаму Провіду была заключана на нашай зямлі ў Берасьці ў 1596 г., на нейкі час зноў прынесла еднасьць паміж хрысьціянамі. З тае пары справа Уніі застаецца знакам пакаяньня і разуменьня страшнага і цяжкага граху. Лёс і гісторыя Уніі вельмі падобныя да лёсу сьвятога Язафата, які быў ня толькі яе сапраўдным сынам, але і дзеячам, пакутнікам, сьвятым.

* * * 

Ян Кунцэвіч нарадзіўся ва Ўладзіміры-Валынскім на Ўкраіне. Пераняўшы ад бацькі-шаўца любасьць да кнігаў, юнак прыехаў па навуку ў Вільню, дзе стаўся прыхаджанінам уніяцкай Сьвята-Траецкай царквы і сьпяваў там у хоры. Віленскі мітрапаліт Іпат Пацей адправіў маладога здольнага верніка вучыцца ў Віленскую акадэмію, а потым сам пастрыг яго ў манахі і даў яму імя Язафат.

Неўзабаве манах Язафат стаў архімандрытам манастыра Сьвятой Тройцы і праславіўся як выдатны прапаведнік-красамоўца, за што непрыяцелі далі яму мянушку «душахват» — лавец душаў. Здабыўшы для справы еднасьці Царквы тысячы віленчукоў, архімандрыт Язафат Кунцэвіч быў узьведзены ў біскупскі чын, а ў 1618 годзе атрымаў катэдру полацкага архібіскупа.

Калі манах Язафат атрымаў намінацыю на біскупа Полацка, ён меў 37 гадоў. Катэдрай біскупа была Сьвятая Сафія. Полацак, Віцебск, Мсьціслаў — гэты паўночна-ўсходні рэгіён краіны і стаў полем дзейнасьці біскупа.

Сьвяты Язафат заўсёды ў будзёныя дні насіў манаскую вопратку і ніколі ня зьняў пакутнага паса. У біскупскім пакоі яго доўгі час жыў бяздомны. Беднякі Полацака, Віцебска атрымлівалі хлеб, для сябе ж ён шкадаваў хлеба і ніколі ня еў мяса, вельмі мала спаў. Толькі на Боскую Літургію і храмы ён не шкадаваў ніякіх сродкаў. Людзей ажно палохала ягоная непасрэднасьць, даступнасьць. Вельмі часта яны не дазвалялі біскупу скончыць казаньне воклічам: «Кажы яшчэ, яшчэ! Мы хочам слухаць!». І ворагі, і прыяцелі называлі яго душахватам, а Сафійскі сабор быў перапоўнены людзьмі.

* * * 

Дынамічнае разьвіцьцё Уніі ў Беларусі на пачатку ХVІІ ст. часта атаясамлівалася толькі з адным прозьвішчам — Кунцэвіч. Кампанія супраць полацкага архібіскупа з боку ворагаў еднасьці Царквы імкліва прымала стратэгічны характар. Мела яна сваіх «герояў» і сваю ганебную гісторыю. Гэта прывяло да хваляваньняў у краіне. Кампрамісу ў дзеяньнях на карысьць супакою дамагаўся ад біскупа нават вялікі канцлер Леў Сапега.

Сьвяты Язафат ужо тады меў перакананьне, якое праз стагоддзі паўтарыў ІІ Ватыканскі Сабор: супакой — гэта ня стан грамадзтва, у якім няма вайны, супакой — гэта справядлівасьць.

Уводзячы на беларускіх землях Унію, уладыка Язафат, як кажуць факты, не шкадаваў ні сябе, ні іншых. Яму супрацьстаялі аб'яднаныя ў брацтвы праваслаўныя месьцічы, якіх падтрымлівала яшчэ праваслаўная шляхта. Гэты канфлікт небясьпечна абвастрыў канстанцінопальскі Патрыярх, які ў 1620 годзе, вяртаючыся з Масквы праз нашу краіну, паставіў на ўжо занятыя ўніятамі япархіі праваслаўных біскупаў.

Увосень 1623 году архібіскуп Язафат Кунцэвіч прыехаў у Віцебск, каб уціхамірыць места, разьвярэджанае сваім супернікам, праваслаўным архібіскупам Мялетам Сматрыцкім, які адлучыў Уладыку Язафата ад Царквы. Гэта было яго апошняе падарожжа. 12 лістапада ўзброены натоўп змоўшчыкаў напаў на архібіскупаў дом каля царквы Багародзіцы. Ранішняя Літургія, а потым — крык разьюшанага натоўпу, які ўварваўся ў біскупскую рэзідэнцыю. Насустрач ім архібіскуп выйшаў сам са словамі: «Дзеці мае, чаму вы напалі на мой дом?» Як сьведчаць судовыя дакументы, забойцы двума ўдарамі бердыша расьсеклі Ўладыку галаву, а потым «доўга нявечылі яго і пасьля сьмерці». Цела Язафата скінулі з Прачысьценскай гары, а затым, прывязаўшы да ног і шыі цяжкія камяні і насыпаўшы каменьня ў валасяніцу, утапілі ў Дзьвіне.

Паданьне сьцьвярджае, што Ўладыку знайшлі па снопе сьвятла, якое ішло проста з ракі. Парэшткі архібіскупа пасьля ўрачыстага адпяваньня пахавалі ў Полацкім Сафійскім саборы, але потым іх неаднаразова перазахоўвалі ў Беларусі і па-за яе межамі.

Працэс захадаў да беатыфікацыі сьв. Язафата пачаўся ў наступны год па яго сьмерці. Працэс працягнуўся пры ўдзеле створаных па вызначэньні Урбана VIІI (двойчы, у 1625 і 1635 гг.) камісій для дасьледаваньня жыцьця, дзейнасьці, сьмерці Язафата Кунцэвіча і цудаў, зьвязаных з яго апякунствам. Першая камісія працавала ў 1628 г. пад старшынствам полацкага архібіскупа Антонія Сялявы, другая, што паўстала ў выніку рымскай місіі галіцкага біскупа Корсака. Вынікам працы другой камісіі, якая засьведчыла выразнае складаньне элементаў культу, была беатыфікацыя Язафата Кунцэвіча Папам Урбанам VIІI 16 траўня 1643 г. Днём памяці прызначаны дзень сьмерці мучаніка Язафата — 12 лістапада.

Аглядзеўшы труну 21 жніўня 1637 г., камісія сярод іншага зафіксавала: над надтруннай плітой — вялікі абраз сьвятога, на якім ён адлюстраваны ў пантыфікальных шатах, а вакол сярэдніка абраза — дванаццаць сцэнаў жыцьця і пакутаў. Характэрным элементам культу можна прызнаць наяўнасьць пры абразе залатых, срэбных і васковых вотаў, а адбіткам шляхецкіх традыцый — прысутнасьць двух гербавых картушаў з выяваю белай ружы, герба Кунцэвіча.

* * * 

Лютае забойства біскупа ў Віцебску было толькі пачаткам жорсткай барацьбы, што вякамі нішчыла справу Уніі на нашай зямлі. Праз дваццаць пяць гадоў сваё жыцьцё за вернасьць адзінаму Касьцёлу аддаў Андрэй Баболя. Пад гнётам царскага рэжыму і надалей будзе гінуць Унія. Вернікаў грэка-каталіцкіх прыходаў часьцей за ўсё цэлымі прыходамі далучалі да Праваслаўнай Царквы. Вельмі нямногія мелі магчымасьць захаваць еднасьць з Папам Рымскім, прыняўшы лацінскі абрад. У 1839 г. расейскі цар Мікалай І афіцыйна забараніў Унію. Спроба адрадзіць грэка-каталіцкую Царкву ў Заходняй Беларусі ў міжваенны час таксама пацярпела паразу, бо надышоў час савецкай улады, якая ўсе рэлігійныя пытаньні вырашала аднолькава.

Няхай сьвяты Язафат, мучанік нашай зямлі, апякуецца намі і навучыць нас быць вернымі адзінай, непадзельнай Хрыстовай Царкве.

На фота: Віцебск, 12 лістапада 2007 г. Апостальскі Візітатар архім. Сяргей Гаек узначальвае ўрачыстую сьв. Літургію ў дзень памяці сьв. Язафата Кунцэвіча ў капліцы рыма-каталіцкай парафіі Сьвятога Духа.

Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)