Царква
Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб яны не стапталі іх нагамі сваімі і, абярнуўшыся, не разадралі вас
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 7:6)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (56), 2008

Царква і грамадзтва

Каму дапамагаюць майстры «Таро»?

Пра тое, як нам прапануюць вырашаць жыцьцёвыя праблемы

Ад нядаўняга часу на беларускіх тэлеканалах зьявілася шмат навязьлівай рэкламы розных псеўдапсіхолагаў-варажбітоў, якія абяцаюць хутка дапамагчы ў вырашэньні любой, самай складанай жыцьцёвай сітуацыі. Для вырашэньня вашых праблемаў гэтыя «сьпецыялісты» карыстаюцца... картамі «Таро».

Пашукавік Google выдае больш за сем тысячаў спасылак на «Таро» толькі ў беларускім інтэрнэце, большасьць з якіх – гэта рэклама розных «call-цэнтраў» («цэнтраў экстранай псіхалагічнай дапамогі»). «Я таксама ня верыла, але ў цяжкую хвіліну яны мне вельмі дапамаглі»,– пэўны час пераконвала нас з экрану нават адна вядомая беларуская поп-сьпявачка. Ня дзіва, што, наглядзеўшыся падобнай рэкламы па грамадзкім тэлебачаньні, недасьведчаная жанчына, сутыкнуўшыся з цяжарам жыцьцёвых праблемаў, у роспачы можа і задумаецца: «А раптам сапраўды дапаможа? Усё ў мяне ня так, і муж кінуў... Я ж ужо ўсё перапробвала...»

Дык што, можа гэтыя загадкавыя майстры «Таро» ведаюць рацэпт шчасьця і вырашэньня праблемаў? Але ж ці ня маем мы тут справу з чарговай спробай зарабіць добрыя грошы на людзкой даверлівасьці? І ці ня ёсьць гэта ня проста «псіхалагічны бізнэс», а штосьці больш небясьпечнае?..

Спосаб прадказаньня, вядомы як «Таро», узьнік на падставе звычайных картаў для гульні. У Еўропе карты атрымалі пашырэньне на мяжы ХІII-ХІV стагоддзяў. Яны былі перанятыя ад арабаў падчас крыжовых паходаў. Для еўрапейцаў карты сталіся ня толькі гульнёю, але і спосабам прадказаньня будучыні. У ХІV стагоддзі ў Італіі зьяўляюцца карты «Таро». У адрозьненьні ад звычайных картаў для гульні, якія мелі тады толькі лічбавае значэньне, кожная з картаў «Таро» мае сваё сымбалічнае значэньне. На іх намаляваныя алегарычныя выявы сілаў прыроды (сонца, месяц, сусьвет), рэлігійныя сымбалі (страшны суд, д’ябал, першасьвятарка), людзкія цноты (справядлівасьць, устрыманасьць) і заганы. Усіх картаў «Таро» дваццаць дзьве, яны называюцца «Вялікаю Арканаю». Для варажбы карты «Таро» перамешваюць са звычайнымі, якія ў сістэме «Таро» носяць назву «Малой Арканы». Адэпты «Таро», стараючыся прывязаць іх да больш старажытнай і таямнічай традыцыі, шукаюць яго вытокаў ці то ў старажытным Ягіпце («Таро» мелася б адлюстроўваць культ пакланеньня Ісідзе), ці сярод цыганаў, ці ў габрэйскай кабале (22 карты «Таро» нібы адпавядаюць 22 літарам габрэйскага алфавіту).

Аматары сістэмы «Таро» бачаць у ёй ня толькі спосаб простага прадказаньня будучыні. Для іх карты «Таро» маюць некалькі ўзроўняў сымболікі, і медытацыя над іх выявамі нібы прыводзіць да спазнаньня і зразуменьня нейкіх вялікіх тайнаў. Прыхільнікі розных містычных плыняў (тэасофы, розенкрэйцары, кабалісты і франкамасоны) выкарыстоўваюць сымболіку «Таро» ў сваіх сістэмах і абрадах; яны лічаць, што сымбалі «Таро» захоўваюць нейкую старажытную традыцыю, таемную навуку. І толькі абраныя могуць пазнаць гэтыя таямнічыя праўды.

Такая «таямнічасьць» вельмі дапамагае ў варажбе «Таро», таму што няма адзінай сістэмы тлумачэньня гэтых карт. Да таго ж існуе мноства сістэмаў іх раскладаньня. Калі дадаць да гэтага вялікую колькасьць карт Вялікай і Малой Арканы, то магчымасьць іх камбінацыі будзе бясконцаю. У розных крыніцах прыводзіцца рознае тлумачэньне значэньня тых самых картаў, якое часамі цалкам супярэчыць адно аднаму. Такім чынам тлумачэньне картаў залежыць ад мноства суб’ектыўных фактараў, а «дасьведчаным майстрам» «Таро» мае шанец стаць найперш той, хто мае добрую інтуіцыю альбо фантазію.

Сярод карт «Таро» існуюць і сымбалі, падобныя да біблейскіх. Напрыклад, на карце «Кола фартуны» намаляваныя чатыры істоты, падобныя да вобразу з кнігі прарока Езэкііля, а над імі – сьвятая тэтраграма YHWH (Ягвэ). Карта «Павешаны» – гэта чалавек, прывязаны да крыжа, карта «Страшны Суд» адлюстроўвае выяву ўваскрасеньня памерлых і анёла з трубою, а «Фул» уяўляе сабой сымбаль, які нагадвае традыцыйную выяву Хрыста. Некаторае падабенства да хрысьціянскай навукі можна знайсьці і ў дактрыне прыхільнікаў містычнага тлумачэньня «Таро», якія лічаць, што калісьці чалавецтва перажыло вялікую страту, і ўсе людзі сумуюць па гэтым страчаным скарбе. Адчуваньне гэтай страты можна пераадолець толькі пры дапамозе надпрыродных сілаў.

Нягледзячы на некаторыя падабенствы, сістэма «Таро» зьяўляецца цалкам непрымальнаю для хрысьціяніна. Яна заснаваная на містыцызме, акультызме й магіі. У сістэме «Таро» няма месца для асабістых адносінаў чалавека з Богам – сьветам кіруюць бязьлікія сілы, дзеяньні якіх патрэбна прадказаць і зьмяніць. Пра грахоўнасьць самаго чалавека, патрэбу адкупленьня ў Хрысьце «майстры »Таро« нават і ня ўзгадваюць. Сістэма »Таро« зьяўляецца гнастычнаю і эзатэрычнаю, гэта значыць даступнаю толькі для невялікай колькасьці »пасьвячаных«. Гэта супярэчыць хрысьціянскай навуцы пра Хрыста, Які памёр для збаўленьня ўсіх людзей, і Добрай Вестцы, якая скіраваная да кожнага чалавека. Варта падкрэсьліць, што для хрысьціяніна непрымальная любая форма варажбы і прадказаньня будучыні (ня толькі »Таро«, але і гараскопы, соньнікі і інш.), бо яны зьяўляюцца праяваю нявер’я чалавека ў Божую любоў і провід. Варта задумацца, калі чалавек хоча атрымаць адказ з дапамогаю картаў »Таро«: хто альбо што яму адказвае? Да каго скіраваныя пытаньні і ў чым крыніца таямнічай »сілы« картаў? Некаторыя інструкцыі »псіхасьпецыялістаў« ад »Таро« раяць, каб той, хто зьвяртаецца з пытаньнем, падчас тасаваньня картаў вызваліў сваю сьвядомасць, каб лепш адчуваць уплыў звышнатуральных сілаў. На жаль, часта гэта могуць быць сілы дэманічнага характару, і чалавек, зьвяртаючыся да »майстроў «Таро» для вырашэньня сваіх жыцьцёвых праблем, трапляе пад уплыў злых духаў.

а. Андрэй Крот (STM)


Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)