Царква
Вось таму няма апраўданьня табе, кожны чалавеча, што судзіш другога; бо тым самым судом, якім судзіш другога, асуджаеш сам сябе
(Пасланьне сьв. ап. Паўла да Рымлянаў 2:1)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (57), 2008

Крыніцы духу

“Міласэрнасьць паказвае сьвету
сапраўднае аблічча Бога
і сапраўднае аблічча чалавека”


Размова з кардыналам Станіславам Дзівішам

Мітрапаліт Кракаўскі кардынал Станіслаў Дзівіш быў адным з арганізатараў I Сусьветнага апостальскага Кангрэсу Божай Міласэрнасьці, які адбыўся ў Рыме 2-6 красавіка 2008 году.

Ніжэй падаем фрагменты размовы журналістаў польскага каталіцкага агенцтва KAI з кард. Станіславам Дзівішам напярэдадні Кангрэсу.


– Хутка пачнецца I Сусьветны Кангрэс Божай Міласэрнасьці. Як нарадзілася ідэя яго правядзеньня?Якое значэньне будзе мець гэтая сустрэча для Царквы?

– Кангрэс Божай Міласэрнасьці ў Рыме пачнецца 2 красавіка гэтага году, уласна ў дзень трэцяе гадавіны пераходу да дому Айца, нашага Папы Яна Паўла II, які можа быць названы Папам Міласэрнасьці, бо ня толькі кананізаваў сьв. Сястру Фаўстыну, але таксама напісаў вялікую энцыкліку пра Міласэрнасьць “Dives in misericordia” ды ўстанавіў Сьвята Міласэрнасьці ў II нядзелю Вялікадня.

Ініцыятыва арганізацыі Кангрэсу паходзіць ад кард. Хрыстофа Шонбарна, архібіскупа Вены, які шмат разоў бываў у Кракаўскіх Лагеўніках і пажадаў далучыцца да абвяшчэньня Пасланьня Міласэрнасьці сьвету. Гэты Кангрэс ёсьць вельмі важны для Царквы, бо, як шматразова казаў Ян Павел II, “міласэрнасьць паказвае сьвету праўдзівае аблічча Бога і праўдзівае аблічча чалавека”. Міласэрнасьць нагадвае пра тое, што Бог ёсьць прысутны ў сьвеце і заўсёды побач з сваім народам. Міласэрнасьць, учыненая праз людзей, сьведчыць пра тое, што ў нашых сэрцах ёсьць шмат дабра. Вось жа гэта ёсьць знакам надзеі для сьвету, які патанае ў войнах і бязладдзі.

– Што гэта значыць быць сьведкам міласэрнасьці?

– Быць сьведкам міласэрнасьці – значыць усім сваім жыцьцём паказваць праўду аб тым, што Бог ёсьць міласэрны, гэта значыць, не забывае пра чалавека. Ён ідзе разам з ім па сьвеце – праз радасьці і смуткі. Бог міласэрнасьці прыстуны таксама там, дзе чалавек церпіць. Бо поўным праяўленьнем міласэрнасьці

ёсьць мука, сьмерць і Ўваскрасеньне Хрыста. З таямніцы Пасхі паходзяць сакраманты – крыніцы міласэрнасьці. Таму быць сьведкам міласэрнасьці – значыць казаць пра Бога, прысутнага ў дзеях чалавека, і дзяліцца дабрынёю, як Ён сам гэта нам паказаў.

– Божая міласэрнасьць ня толькі датычыць тых, хто верыць, а, можа, перад усім тых, хто стаіць далёка ад веры?

– Божая міласэрнасьць атуляе ўсіх людзей. Без выключэньня, таму што яна ёсьць формай Божай любові. Міласэрнасьць — як дождж, які падае на людзей добрых і злых. Больш за тое, міласэрнасьць праяўляецца тады, калі чалавек слабы. Узгадайма прыпавесьць пра марнатраўнага сына.

– Кажуць, што міласэрнасьць павінна стаяць значна вышэй за справядлівасьць. Як, аднак, кіравацца гэтым у грамадзкім, дзяржаўным ці палітычным жыцьці?

– Справядлівасьць, як і міласэрнасьць, зьяўляецца адной з якасьцяў Бога. Гэтая якасьць патрабуе аддаць кожнаму тое, што яму належыць. Толькі Бог ёсьць сапраўды справядлівы, бо Ён ведае, на што чалавек заслужыў. Ён знае тайніцы нашага сэрца. Ужо ў Старым Запавеце бачым, аднак, што Бог не адмервае кары, на якую чалавек заслужыў (хоць бы постаць Каіна, які забіў свайго брата Абеля). Міласэрнасьць ёсьць у тым, што Бог увесь час дае чалавеку шанец на ўнутраную перамену і выпраўленьне. Міласэрнасьць ня можа, аднак, замяніць справядлівасьць.
Размаўлялі Марцін Пшэцішэўскі і Крыштаф Тамасік.

Пераклад з польскай І.Бараноўскага.


На фота: Рым, 03.04.2008. Адкрыцьцё Кангрэсу Божай Міласэрнасьці
(кардыналы К.Шонбарн, К.Руiнi i С. Дзiвiш).
Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)