Царква
Бог гордым супрацівіцца, а пакорным дае мілату
(Саборнае Пасланьне Сьв.Ап. Якава 4:6)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (58), 2008

Наша вера

Пасланьне Найдастойнага Апостальскага Нунцыя ў Беларусі
на завяршэньне XIV штогадовай Пілігрымкі грэка-католікаў

Полацак, 13 ліпеня 2008 г.

Дастойны Апостальскі Візітатар
для грэка-католікаў Беларусі!
Пачэсныя Сьвятары, Манахі, Манахіні!
Дарагія Браты і Сёстры!


1. Любоў Хрыста заахвочвае мяне, каб на завяршэньне вашай штогадовай Пілігрымкі з гораду Віцебск у горад Полацак зьвярнуцца да вас і каб клікаць на ўсіх багацьце "ласкі і супакою ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста" (пар. Рым 1,7).

Тая ж самая любоў Хрыста заахвочвала ў гэтыя дні таксама кожнага з вас, каб з вераю, надзеяй і любоўю працягваць шлях евангельскага сьведчаньня ўздоўж дарог узьлюбленай Беларускай Зямлі ды каб разважаць над дзеяньнем Бога, Які "хоча збавіць усіх людзей і давесьці іх да пазнаньня праўды" (1 Цім 2, 4). З гэтай прычыны як дэвіз вашай пілігрымкі ў гэтым годзе і як тэму вашых разважаньняў падчас дарогі вы выбралі словы Апостала народаў – сьвятога Паўла, якія ён напісаў да хрысьціянскай супольнасьці Карынта "Любоў Хрыста заахвочвае нас" – "Caritas Christi urget nos" (2 Кар 5, 14).

Заахвочвае нас любоў Хрыста, Які, палюбіўшы сваіх, да канца іх палюбіў (пар. Ян 13, 1).

2. У час вашай пілігрымкі і вашых разважаньняў вы хацелі, каб вашая любоў ператварылася ў малітву ня толькі за саміх сябе і за вашую царкоўную Супольнасьць, рассеяную па ўсіх частках гэтай прыгожай Краіны, але ў малітву за ўсю Каталіцкую Царкву, якой кіруе Наступнік сьвятога Пятра, ды за ўсіх жыхароў улюбёнай Беларусі. Сапраўды, любоў Хрыста заахвочвае нас у кожны момант нашага існаваньня і, такім чынам, таксама сёньня, сабраныя ля царквы сьвятой Параскевы ў старажытным горадзе Полацку, вы моліцеся паводле словаў Літургіі сьвятога Яна Залатавуснага:

- за супакой з вышыняў і збаўленьне душ нашых,
- за супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых Цэркваў і зьяднаньне ўсіх.


(Літанія "мірная")

Далучаюся да гэтай вашай малітвы ды разам з вамі, карыстаючыся словамі, якімі завяршаецца Боская Літургія, дадаю:

Госпадзе, які бласлаўляеш тых,
што бласлаўляюць Цябе, і асьвячаеш
тых, што ўскладаюць на Цябе надзею,
збаў людзей Тваіх
і блаславі набытак Твой;
захавай у цэласьці Царкву Тваю.
(Заамбонная малітва)


3. Калі сёньня служыце Боскую Літургію, уся вашая царкоўная Супольнасьць пачэснай і вялікай візантыйскай традыцыі, у поўнай сімфоніі з даручэньнем, якое Хрыстос даў Апосталам перад узьнясеньнем на неба, жыве і выяўляе глыбокае і шчырае жаданьне кожнага хрысьціянскага сэрца: быць у сьвеце нястомнымі сьведкамі Ісуса Хрыста ў моцы Духа Сьвятога (пар. Дз 1, 8).

Гэта хацеў нагадаць вам таксама Найдастойны Кардынал Тарчызіё Бэртонэ, Дзяржаўны Сакратар Яго Сьвятасьці, калі амаль месяц таму, 19 чэрвеня, сказаў вам: "Вы зьяўляецеся спадкаемцамі старажытнай традыцыі, літургічнай і кананічнай, якая мае поўную годнасьць у сьвятой Божай Царкве". Гэта ёсьць спадчына, якая забавязвае і ад кожнага ды ад усёй царкоўнай Супольнасьці вымагае адказу на любоў Хрыста.

4. Калі пішу гэтыя радкі, запэўніваю малітоўную блізкасьць і Блаславеньне Сьвятога Айца Бенядыкта XVI кожнаму з вас ды вашай царкоўнай Супольнасьці.

Адначасова складаю вам сьведчаньне маёй братэрскай любові і кожнага з вас сардэчна вітаю ў Хрысьце Ісусе, нашай надзеі (1 Цім 1, 1), даручаючы вас "Богу ды слову ласкі Яго, якое мае магутнасьць збудаваць ды даць спадчыну з усімі сьвятымі" (Дз 20, 32).

Няхай кожны з вас зможа даць гатовы ды поўны адказ на любоў Хрыста, што заахвочвае нас.

Менск, 13 ліпеня 2008 г.

+ Марцін Відавіч
Тытулярны Архібіскуп Ніна
Апостальскі Нунцый у Беларусі
Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)