Царква
Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб яны не стапталі іх нагамі сваімі і, абярнуўшыся, не разадралі вас
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 7:6)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (59), 2008

Парафіяльнае жыцьцё

Панамары парафіі Праведнага Язэпа ўшанавалі блаславёнага Міхала Сапоцьку

У нядзелю, 12 кастрычніка 2008 г., панамары (царкоўныя служкі) менскай грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа зьдзейсьнілі пілігрымку ў Забрэзьзе (каля Валожына) – родную парафію блаславёнага Міхала Сапоцькі, беатыфікацыя якога адбылася ў Беластоку 28 верасьня 2008 г.

Пілігрымку адправіў з Менску парах менскай парафіі Праведнага Язэпа, дэкан Цэнтральна-Заходняга протапрасьвітарату а. Андрэй Абламейка, а ўзначаліў яе духоўнік Алтарнага брацтва панамароў а. Пахом Кавалёў. Пілігрымка была прымеркавана да 120-годдзя з дня народзінаў блаславёнага, які нарадзіўся 1 лістапада 1888 г. у Юшаўшчыне, на тэрыторыі Забрэзскай рыма-каталіцкай парафіі, пра што нагадвае сёньня памятная шыльда на касьцёле ў Забрэзьзі.

Вельмі гасьцінна прыняў грэка-каталіцкіх пілігрымаў з Менску пробашч рыма-каталіцкай парафіі ў Забрэзьзі кс. д-р Генрык Акалатовіч разам з забрэзскімі парафіянамі, асабліва мясцовай моладдзю. Грэка-каталіцкія панамары прывезьлі з сабой ікону Ісуса Хрыста Чалавекалюбца (Ісуса Хрыста Міласэрнага), якую для грэка-каталіцкай парафіі ў Маладэчне асьвяціў Дзяржсакратар Сьвятой Сталіцы кардынал Тарчызіё Бэртонэ.

У забрэзскім касьцёле перад іконай Хрыста Чалавекалюбца быў адсьпяваны Акафіст імю Ісусаваму (напісаны Францішкам Скарынам), а душпастыр грэка-каталіцкай парафіі Хрыста Чалавекалюбцы ў Маладэчне а. Яўген Усошын падарыў касьцёлу ў Забрэзьзі копію іконы блаславёнага Міхала Сапоцькі.

Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек), які таксама суправаджаў пілігрымаў, нагадаў словы, якія падчас беатыфікацыі Міхала Сапоцькі ў Беластоку, сказаў Мітрапаліт Менска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: «Беатыфікацыя кс. Міхала Сапоцькі – гэта таксама радасьць і для беларускіх католікаў. Гэты сьвяты чалавек пакінуў свае сьляды ў Беларусі, Літве і Польшчы, таму яго можна назваць Апекуном трох народаў – беларускага, літоўскага і польскага. Гэта вельмі важна з пункту гледжаньня еўрапейскай інтэграцыі, якой трэба прысьвячаць ня толькі палітычны і эканамічны прагматызм, але таксама духоўныя каштоўнасьці і супольныя хрысьціянскія карані».

Таксама Архімандрыт Сяргей сказаў: «Ашмяны, Таборышкі, Варшава, Вільня, Беласток – Беларусь, Літва, Польшча – гэта асноўныя рэгіёны служэньня Блаславёнага Міхала. Ён нёс там душпастырскае служэньне вернікам розных народаў, традыцыяў, моваў: палякам, беларусам, літоўцам, расейцам. Ён нёс дапамогу і апеку габрэям... Ягонае жыцьцё было абвяшчаньнем ды сьведчаньнем пра бязьмежную Божую Міласэрнасьць».

У канцы набажэнства Апостальскі Візітатар БГКЦ заклікаў усіх прысутных вернікаў да малітвы аб пакліканьнях, каб на Беларускай зямлі і сёньня маладыя людзі былі гатовымі стаць сьвятымі сьвятарамі, як гэтага прыкладам быў Блаславёны Міхал.

Усе ўдзельнікі сумеснай малітвы атрымалі кніжку «На шляхах Божай Міласэрнасьці» – пра блаславёнага Міхала Сапоцьку. Пасьля разьвітаньня з парафіяй у Забрэзьзі панамары накіраваліся ў Маладэчна, каб там ў грэка-каталіцкім храме памясьціць ікону Хрыста Чалавекалюбца.

Паводле Svjazep.org

На фота: 12.10.2008, в. Забрэзьзе (Валожынскі р-н). Ікона Хрыста Чалавекалюбца ў роднай парафіі бл. Міхала Сапоцькі.

Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)