Царква
Дабрашчасныя гнаныя за праўду, бо іх ёсьць Царства Нябеснае
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:10)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (61), 2009

Гісторыя Царквы

200-ыя ўгодкі сьмерці мітрапаліта Лісоўскага

30 жніўня спаўняецца 200 гадоў з дня сьмерці ўніяцкага мітрапаліта Іраклія Лісоўскага. Яго галоўнай заслугай стала тое, што ў тых складаных і неспрыяльных царкоўна-палітычных умовах, у якіх апынулася Зьяднаная Царква ў Расейскай імперыі, ён праявіў сябе як шчыра адданы Апостальскаму Пасаду і ідэі Еднасьці, як дбайны і руплівы пастыр.

Цалкам пазбаўлены нармальнай сувязі з Апостальскай Сталіцай у Рыме, ён здолеў зьберагчы ад зьнішчэньня Ўніяцкую Царкву ў Расейскай імперыі пасьля скасаваньня ў 1795 г. Кіеўскай зьяднанай мітраполіі пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай. Стаўшы яе фактычным адміністратарам у Расеі, ён выявіў сябе дзейным і мудрым кіраўніком. Не зважаючы на супрацьдзеяньне як праваслаўных, так і тагачаснага рыма-каталіцкага мітрапаліта Сестранцэвіча, які выступаў за перавод уніятаў у рыма-каталіцтва, а таксама неразуменьне Рымскай курыі, архібіскуп Лісоўскі нават дабіўся ўмацаваньня Зьяднанай Царквы, дамогшыся ад цара аднаўленьня ў 1806 г. скасаванай раней мітраполіі, праўда, ужо без шматлікіх парафіяў у Галіцыі, дзе, паводле рашэньня Апостальскай Сталіцы, была створана самастойная мітраполія. Дбаючы пра лёс Царквы пасьля сваёй сьмерці, мітрапаліт Іраклі Лісоўскі прызначыў свайго наступніка Рыгора Кахановіча.

Архібіскуп Полацкі Іраклі Лісоўскі, “мітрапаліт усіх зьяднаных цэркваў у Расеі”, прыкладаў вялікія намаганьні, каб Уніяцкая Царква ня толькі аднавіла сваё ўсходняе аблічча, але і перастала быць “другараднай Царквою” і магла карыстацца ўсімі належнымі правамі і прывілеямі. Таксама ўладыка шмат дбаў пра асьвету сьвецкага ўніяцкага духавенства і ў 1806 г. заснаваў для яго епархіяльную семінарыю.

Памёр мітрапаліт Іраклі Лісоўскі ў 1809 годзе на 75-ым годзе жыцьця ў сваёй архімандрыі сьв. Анупрэя пад Мсьціславам. Пахаваны ён быў у Струні каля Полацку, у старой рэзідэнцыі полацкіх уладык, дзе цяпер штогод, ля ўстаноўленага памятнага крыжа, моляцца ўдзельнікі пілігрымкі з Віцебску ў Полацак.

Ігар Бараноўскі
Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)